ГРОДНА
Серада,
04 снежня
2024 года
 

Чырвоны шнурочак

Сетка граху

Вольга Пінкевіч, аўтар рубрыкі - Хвала Хрысту, айцец.
    - Хвала Хрысту.
    - Вы мне сказалі прыйсці, я ў хуткім часе павінна стаць хроснай.
    - Вельмі добра, што Вы прыйшлі. А пакажыце, калі ласка, Вашу руку.
    - Руку? Навошта?
    - Так-так, руку.
    Што гэта ў Вас там такое?
    - Шнурочак чырвоны...
    Каб ад злых людзей абараніў...
    - Паверце, ад ЗЛЫХ ён Вас не абароніць!
   - З таго часу шнурочак я не нашу. Затое пастаянна бяру з сабою малітоўнік і царкоўную свечку!
Гэтую гісторыю я пачула ад адной маёй знаёмай. А яшчэ адну расказаў аднойчы на святой Імшы пробашч гродзенскага катэдральнага касцёла ксёндз Ян: “Прыехаў я аднойчы хрысціць дзіця. Маленькае яўна трывожылася, плакала. І раптам убачыў на яго ручцы чырвоны шнурочак. Тады бабуля (здаецца, менавіта так, прабачайце, калі памыляюся!) адказала, што гэта, каб абараніць дзіцятка ад сурокаў. «Ад якіх яшчэ сурокаў? – абурыўся я, – сюды ж ксёндз прыехаў!». Я загадаў зараз жа пазбавіцца ад гэтай вяроўкі. Як толькі гэта было зроблена, дзіця перастала плакаць. І я яго ахрысціў”.
“Якая можа быць шкода ад звычайнага чырвонага шнурочка?” – магчыма, спытаеце Вы. Тады і я спытаюся ў Вас: “А якая можа быць ад яго карысць?”. Дзіўна, але чырвоны шнурочак становіцца карабельным канатам, перацягнутым паміж хрысціянамі і тымі, хто не прызнае Хрыста.
    Гэты чырвоны шнурочак зусім не такі бяскрыўдны, як можа выдавацца спачатку. Гэта старажытны кабалістычны абарончы сімвал (Кабала – эзатэрычны накірунак у іудаізме; эзатэрычны – “утоены”, да эзатэрыкі адносяцца таксама магія, ёга, астралогія). Чырвоны ваўняны шнурок носяць на левым запясці, бо, як лічаць прыхільнікі Кабалы, праз левы бок чалавек атрымлівае, а праз правы – аддае. Такім чынам, чырвоны шнурок яксьці павінен абараніць ад з’яўлення ў галаве злых, нядобрых намераў. Ну і, канешне, ад зроку нядобразычліўца.
    Чаму хрысціянскае веравызнанне “даецца” не кожнаму? Бо яно патрабуе не толькі веры ў Бога, але і ў анёлаў – дапаможных добрых духаў, у д’ябла з цэлым войскам дэманаў. Як чалавек сучасны, чалавек незалежны, чалавек цалкам самастойны, чалавек, якому не патрэбна нічыя дапамога, можа паверыць, што кожную хвіліну на яго нападаюць дэманы, а побач заўсёды стаіць нябачны анёл-ахоўнік, які ўсімі сіламі абараняе яго ад злога? Як можа чалавек рацыянальны паверыць, што, акрамя бітвы на рынгу, у падваротні, на фронце, вядзецца таксама і духоўная бітва, бітва нябачная, бітва, якая вырашае для кожнага з нас значна больш, чым мы ўвогуле можам сабе ўявіць. Мноства людзей не можа ў гэта паверыць. Але чамусьці верыць у тое, што іх можа абараніць чырвоны шнурочак...
    Пра бязмежную цуда-творную моц веры ведае, бадай, кожны. У Пісанні можна знайсці шмат такіх прыкладаў. Хрыстос не аднойчы казаў: “Вера твая ўратавала цябе” (Мк 5, 34), а там, дзе не было веры, не здараліся і цуды. Але у Бібліі сказана, што “вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар” (параўн. Эф 2, 8). Вера – дар, а значыць, гэта не нешта абстрактнае, яна можа быць большай ці меншай, яна не бясконцая.
    Не было б сэнсу замацоўваць на запясці чырвоны шнурочак, калі б чалавек не верыў, што амулет можа дапамагчы. Нават калі гэта робіцца з думкай: “Не ведаю, нашто я гэта раблю, але столькі людзей яго носіць... Можа, і мне паспрабаваць? Дапаможа – добра, не дапаможа – ну і што? Горш не стане”. Але жах у тым, што горш стане!!! Чалавек, які завязвае шнурочак, укладвае ў яго зернейка сваёй веры! Маленькае зернейка бясцэннага Божага дару! А памятаеце, што сказана ў Бібліі: “Калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: «Перасунься адсюль сюды!», яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага” (параўн. Мц 17, 20). Дык чаму гэты найвялікшы дар марнуецца на нейкія вяроўкі, а не аддаецца Богу? Як у хіміі, дзе нічога не з’яўляецца з нічога і нічога не знікае бясследна, так і тут: тая вера, якую мы не падарылі Богу, становіцца падарункам д’яблу. Чалавек, які носіць на руцэ чырвоны шнурок, супрацоўнічае з д’яблам. І больш таго – ён НЕ ДАВЯРАЕ Богу!
    Ніхто не казаў, што хрысці­янская вера лёгкая. Самая галоўная яе цяжкасць – гэта давер. Бо як складана давяраць Таму, Каго ніколі не бачыў. Але ў гэтым і бласлаўленне. Нас ніхто да веры не прымушае. Мы можам прыняць Бога не таму, што мы Яго ўбачылі (бо навошта тады ўжо была б вера?), а таму, што адчуваем Яго любоў. Той, хто самастойна вырашыў аддаць поўню сваёй веры Богу, бачыць Яго кожны дзень. Так, менавіта БАЧЫЦЬ! Але не вачамі, а сэрцам! Той, хто вырашыў аддаць усю сваю веру Айцу, кожны момант адчувае Яго міласэрнасць. Калі мы давяраем Богу, то нам не патрэбны ні магі, ні астролагі, ні варажба, ні прадказанні лёсу, ні хірамантыя, ні гараскоп, ні амулеты, ні абярогі, ні бабулькі-шаптухі, ні выліванне воску, ні экстрасэнсы, ні, тым больш, чырвоны шнурочак. Бо калі мы давяраем Богу, то Ён заўсёды будзе побач. А “калі Бог за нас, хто супраць нас?” (Рым 8, 31).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.