ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Што азначае для нас свята Божага Нараджэння?

Задай пытанне

Божае Нараджэнне – свята, вельмі любімае многімі. Яно напаўняе нас радасцю, таму што мы збіраемся ў сямейным коле, дорым адзін аднаму падарункі і складаем пажаданні. Гэтае свята напоўнена таямнічасцю, якую цяжка акрэсліць словамі. Мы святкуем нараджэнне Хрыста. Нараджэнне Бога ў чалавечым целе. Бог стаў Чалавекам, стаў падобным да нас, каб мы сталі больш падобнымі да Яго.
    Святы Аўгустын напісаў, што “Бог стаў нашым даўжніком не таму, што Ён штосьці атрымаў ад нас, але таму, што абяцаў нам вялікія рэчы”. Божае Нараджэнне – час спаўнення гэтых абяцанняў. Бог прыходзіць для таго, каб людзі, якія неаднойчы рабілі няправільны выбар, якія ранілі сябе і іншых, не жылі ў свеце самападману. Бог прыходзіць, каб адкрыць нам праўду пра нас, пра нашае сэрца. Праўду пра тое, што мы хварэем на недавер да любові. Наша душа можа ізноў быць аздароўлена і навучыцца любіць, адчуўшы, як усемагутны і неабдымны Бог становіцца маленькім Дзіцяткам і кожны можа ўзяць Яго на свае рукі.
Хрыстос не прыходзіць як усемагутны супергерой, які знішчае ўсіх, хто не прымае Яго вучэнне. Божы Сын пажадаў быць блізкім да людзей у іх цярпеннях. Самі абставіны Яго нараджэння сведчаць пра гэта. Ніхто не хоча прыняць цяжарную Марыю і Юзафа на начлег. Збаўца нараджаецца ў акружэнні хатніх жывёл у галечы. Пра гэта нам нагадвае народная традыцыя класці невялікую колькасць сена пад абрус, які засцілаецца на святочным стале. Таямніцу асобы Хрыста можна пазнаць на аснове ўсяго Яго жыцця – Яго цудоўнага нараджэння, жыцця, мук, смерці і ўваскрасення.
    Кім з’яўляецца Божы Сын, які нарадзіўся ў Бэтлееме? Езус Хрыстус – гэта сапраўдны Бог, які стаў Чалавекам. Ён стаў Чалавекам і прыйшоў на зямлю дзеля нашага збаўлення. Бог не мог пакінуць чалавека сам-насам з грахом – вынікам няправільнага выбару. Такая яна, Божая любоў.
    Жаданні вернікаў у гэтыя дні можна падсумаваць цытатай з адной з калядных песень: “Хрысце, калі Ты не пагардзіў убогай стаенкай, і маім сэрцам не пагарджай”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.