ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ісці слядамі Хрыста

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Мы перажываем перыяд Вялікага посту і з кожным днём набліжаемся да найважнейшай падзеі ў гісторыі збаўлення – урачыстасці Уваскрасення Пана. Але пакуль мы дачакаемся гэтага дня, мы павінны задумацца над тым, які сэнс і мэту гэта мае ў нашым жыцці.
З упэўненасцю трэба сказаць, што ўсё гэта адбывалася вельмі даўно, але Касцёл асаблівым чынам у гэты перыяд хоча нам наблізіць свядомасць таго, якую цану заплаціў Езус і якое значэнне гэта мае для нас. У папярэднім нумары ў нас была магчымасць прыгадаць, або даведацца, аб тым, што такое Песні жальбы.
    Вялікі пост складана сабе ўявіць таксама без набажэнства Крыжовага шляху, які дае нам магчымасць праз разважанне чарговых стацый нібы ўдзельнічаць ва ўсім тым, што перажыў і адчуў Збаўца падчас дарогі, па якой нёс крыж.
    Трохі гісторыі. Набажэнства Крыжовага шляху паўстала з традыцыі пілі­грымавання ў Святую Зямлю. Ужо з IV ст. паходзяць згадкі аб працэсіі ў Пальмовую нядзелю з Аліўнай гары ў Ерузалем, а таксама аб шэсці з малітвамі і спевам з Гетсіманскага сада на Галготу ў ноч з Вялікага чацвярга на Вялікую пятніцу, з якім была спалучана адарацыя крыжа. У Еўропе першыя набажэнствы Крыжовага шляху пачалі адпраўляцца ў паўднёвай частцы Нідэрландаў. Аднак яны адрозніваліся ад тых, якія мы перажываем цяпер. Толькі ў XVII ст. у Італіі быў складзены Крыжовы шлях, які ўключаў у сябе 14 стацый.
Гэтае набажэнства пачало распаўсюджвацца дзякуючы ордэну францішканцаў, якія апекаваліся найважнейшымі хрысціянскімі санктуарыямі ў Святой Зямлі, а фран­ціш­канскія касцёлы станавіліся месцам, дзе такія набажэнствы прак­тыкаваліся.
    Што варта ведаць пра набажэнства? Біблійныя тэксты не падаюць дакладна крыжовага шляху Езуса. Можна быць упэўненым у адным – асуджаныя ішлі галоўнымі вуліцамі Ерузалема. 14 вядомых нам стацый маюць пацвярджэнне ў Біблійных апісаннях, а астатнія перадала традыцыя Касцёла. Удзел у гэтым набажэнстве ў пэўным сэнсе пераносіць нас на вуліцы Ерузалема ў тыя часы і дапамагае стаць сведкамі гэтай падзеі. Усё залежыць ад разважанняў, якія мы можам пачуць, напр. тыя, што датычаць жыцця кожнага з нас. Мэта гэтага – усвядоміць мне ў першую чаргу тое, што мой крыж Езус нясе за мяне. Прыклад, які дае Хрыстос, калі нясе крыж, з’яўляецца прыкладам таксама для кожнага з нас – як мы павінны несці свой штодзённы крыж: свае штодзённыя абавязкі, заданні, розныя сітуацыі, а можа, для некаторых і пакуты. Езус, Божы Сын, мог у адзін момант усё гэта змяніць і, можа, нават не згадзіцца несці крыж, але Ён у маўчанні яго нёс. Такім чынам Езус вучыць кожнага з нас, чым з’яўляецца пакора і што яна ўносіць у наша жыццё. Перш за ўсё, набажэнства Крыжовага шляху – гэта малітва, якую мы можам ахвяраваць у пэўнай інтэнцыі, напр. падзякі з ўсё тое, што Бог зрабіў для нас. Удзел, які робіць нас быццам бы сведкамі той падзеі, тымі, хто знаходзіцца сярод таго натоўпу, прымушае нас даць канкрэтны адказ: на чыім мы баку. Ці на баку тых, хто перажывае гэтую пакуту разам з Езусам, ці на баку тых, хто насміхаецца з Яго, плюе і крычыць: “На крыж Яго!”.
    Да ўдзелу ў гэтым набажэнстве ніхто нікога не будзе прымушаць, толькі зноў трэба падкрэсліць, што наша прысутнасць ці адсутнасць таксама ў пэўным сэнсе паказвае тое, наколькі мы разумеем ці стараемся зразумець значэнне ўспамінаемых падзей, наколькі Вялікі пост з’яўляецца для мяне часам пэўнай змены. Нават сам удзел у Крыжовым шляху патрабуе хаця б таго, каб, можа, адключыць камп’ютар, тэлевізар, тэлефон, устаць з канапы і знайсці час на разважанне Мукі Пана. Удзел у гэтым набажэнстве дае магчымасць атрымаць поўны адпуст, а разважанне асобных стацый вучыць хрысціянскаму стаўленню і таму, як яго рэалізаваць у жыцці.
    Ці пайду я на Крыжовы шлях? Гэта ўжо залежыць ад мяне. Калі я веруючы, то павінен памятаць, што гэта не будзе для мяне сапсаваны час.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.