ГРОДНА
Панядзелак,
29 красавіка
2024 года
 

Пастухі – першыя наведвальнікі Езуса

Хрысціянскія традыцыі

Вакол Бэтлеема раскінуліся прасторныя пашы, дзе ў час нараджэння Езуса пастухі ноччу вартавалі свае статкі, каб які звер не ўбіўся ў статак і не нарабіў шкоды. “І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»” (Лк 2, 9–14).
Сцэны з’яўлення анёла і нябеснага войска пастухам, а таксама наведвання пастухамі Дзіцятка адлюстраваны многімі мастакамі ў сваіх творах, што, у сваю чаргу, надрукавана на шматлікіх паштовых марках розных краін. Пошта Новай Зеландыі на сваёй марцы 1963 г. адлюстравала рэпрадукцыю карціны Тыцыяна “Святая Сям’я”, на якой анёл абвяшчае добрую навіну пастухам, а на пярэднім плане адзін з пастушкоў ужо ўшаноўвае Дзіцятка.
Людзі па прадказанні прарокаў з нецярпеннем чакалі прыходу Месіі. Таму не дзіўна, што пастухі, пакінуўшы статак, пабеглі ў Бэтлеем: “Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях” (Лк 2, 15–16). А калі ўбачылі, то расказалі ўсім, адкуль яны даведаліся, што нарадзіўся Хлопчык. Усе, пачуўшы гэта, былі вельмі здзіўлены тым, што пастухі расказалі ім. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы сваім. Пастухі вярнуліся да свайго статка, праслаўляючы і ўсхваляючы Бога за ўсё, што яны чулі і бачылі, у адпаведнасці з тым, што ім было сказана.
    Сцэну наведвання пастухамі Дзіцятка намаляваў у сваёй працятай трапятаннем карціне Карэджа, італьянскі жывапісец эпохі Высокага Адраджэння. А пошта Рэспублікі Малагасы, што на востраве Мадагаскар, адлюстравала яе на сваёй марцы. Нованароджаны Хрыстос азарае карціну чароўным святлом, святлом такім яркім, што жанчына ля Яго ног прымушана засланяць вочы ад гэтага асляпляльнага ззяння. Кій пастуха вядзе погляд гледача ў глыб кампазіцыі, накіроўваючы яго ўгору, да анёлаў, якія, у сваю чаргу, паказваюць уніз, на Немаўля.
    Сёння мы паўсюдна бачым шопкі – ідылічную, салодкую карцінку, якая паўтараецца ў шматлікіх сцэнках Раства, якія паказваюць падчас свят. Гэтыя інсцэніроўкі ідэальна падыходзяць для святочнага настрою, у якім мы знаходзімся ў гэты тыдзень. Аднак, ці не губляем мы таго, што адбылося ў рэчаіснасці? Яўрэі на працягу стагоддзяў чакалі (і яшчэ ўсё чакаюць) прыходу Месіі. Ад Звеставання адбываліся падзеі, якія паказвалі, што гэта незвычайнае Дзіця. Калі Яно нарадзілася, анёл паслаў да Яго пастухоў, кажучы ім, што адбылося. Яны пайшлі, знайшлі Дзіцятка, расказалі аб гэтым іншым. Складваецца ўражанне, што нечага пры апісанні гэтай падзеі ў Бібліі не хапае. Нібы штосьці прапушчана. Чаму навіна не распаўсюдзілася па ўсім Бэтлееме? Нарадзіўся Збаўца, а большасць паводзіць сябе так, быццам нічога не здарылася! Напэўна, яўрэі чакалі, што Месія з’явіцца ў залатой калясніцы, якая спусціцца з неба, ці яшчэ якім-небудзь дзівосным, але адпаведным падзеі спосабам. Нараджэнне ў стайні ніяк не адпавядала іх чаканням.
    Ці не жывём мы такімі самымі пачуццямі? Молімся, просім Бога дапамагчы і чакаем цуду. Ён пасылае нам людзей, якія гатовы дапамагчы, але мы не звяртаем на іх увагі, таму што чакаем анёла.Гэта як у тым анекдоце, калі людзі, уцякаючы ад паводкі, хочуць забраць з сабой святара, але ён адмаўляецца, гаворачы, што верыць у Божую дапамогу. Так, адмовіўшыся ад дапамогі яшчэ некалькі разоў, святар урэшце тоне, і стаўшы перад Богам, з крыўдаю гаворыць Яму: “Я так верыў у Цябе, і што?” А Бог на гэта: “Я тры разы пасылаў табе дапамогу, дык чаму ж ты не выкарыстаў яе?”
    У 2005 г. пошта Бразіліі выпусціла прыгожы блок з рэпрадукцыяй карціны мастака Оскара Перэйры дэ Сільва. Пастухі ўшаноўваюць Дзіцятка ў яслях, а на полі блока мы бачым Бэтлеемскую зорку і трох вандроўнікаў, якія рухаюцца за ёю. Хто яны? У левым куце бачым, што гэта тры Каралі – тыя, каму належыць наступнымі наведаць Збаўцу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  247

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.