ГРОДНА
Нядзеля,
08 снежня
2024 года
 

Дуды

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У 1608 г. дудскае староства знаходзілася ва ўладанні ваяводы віленскага Караля Хадкевіча і, як сведчаць архіўныя дакументы, у гэтым годзе ён выдзяліў на касцёл у Дудах значныя ахвяраванні. Такім чынам, хоць датай заснавання дудскага касцёла і лічыцца 1608 г., атрымліваецца, што ў гэты час святыня ўжо існавала.
    Святыня была нанова адбудавана ў 1712 г. на сродкі мясцовага землеўладальніка Гераніма Зяньковіча і яго жонкі Барбары з Сулістроўскіх. У 1772 г. касцёл рэканструявалі, і ў 1781 г. віленскі біскуп Тамаш Зяньковіч урачыста кансэкраваў святыню пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Касцёл заўсёды стаяў у цэнтры вёскі, апошні раз быў рэканструяваны ў 1908 г. З таго часу ён уяўляе сабой драўляны залавы аб’ём на каменным падмурку з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма квадратнымі сакрыстыямі. Галоўны фасад фланкаваны дзвюма магутнымі чацверыковымі вежамі, якія да пачатку ХХ ст. былі двух’яруснымі і ўвенчваліся чатырохсхільнымі купаламі з заломам пад барокавымі фігурнымі галоўкамі.
Трэці ярус вежаў і шатры над імі з’явіліся падчас рэканструкцыі 1908 г., карункавыя крыжы пры гэтым захаваліся і былі падняты на новую вышыню. Аднак заўсёды касцёльныя вежы былі дэкаратыўнымі, званіца – двух’ярусная, чацверыковая, пад чатырохсхільным дахам – была пабудавана асобна, у левым куце касцёльнай агароджы пры ўваходзе. Касцёл накрыты адзіным двухсхільным дахам (калісьці быў гонтавы, сёння – бляшаны) з вальмамі над апсідай, вільчык над алтаром калісьці быў завершаны гранёнай барокавай галоўкай-сігнатуркай.
    Інтэр’ер перакрыты адзіным корабавым скляпеннем, якое ўпрыгожана размалёўкамі ў стылі мадэрн. У святыні тры драўляныя алтары, выкананыя ў стылі барока. У галоўным, двух’ярусным, алтары паміж калонамі карынфскага ордэра ў цэнтры змешчаны абраз Маці Божай Дудскай, наверсе – разьбянае Укрыжаванне ў акружэнні фігур анёлаў. Кампазіцыя і дэкор бакавых алтароў, левага – Святога Крыжа, і правага – св. Нікадзіма, падобныя да галоўнага.
    Як сведчыць легенда, цудадзейны абраз Маці Божай, што сёння знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла, спачатку з’явіўся ў суседняй вёсцы Лугамавічы на суку дрэва. Аднак на працягу наступных чатырох гадоў абраз тры разы з’яўляўся ў Дудах. З таго часу ён вядомы як абраз Маці Божай Дудскай.
    Тэрыторыя касцёла на пачатку ХХ ст. была абнесена мураванай пабеленай агароджай, уваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох слупоў.
    Верагодна, на хвалі рэпрэсій пасля падаўлення паўстання 1863 г. дудская парафія была пазбаўлена самастойнасці, таму што ў другой палове ХIХ ст. касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі пазначаецца як філіяльны ад іўеўскай парафіі. Але з 1920-х гг. самастойнасць дудскай парафіі была адроджана. Была пабудавана капліца ў в. Казевічы. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 5000 вернікаў.
    У савецкі час касцёл дзейнічаў бесперапынна, нягледзячы на тое, што парафія афіцыйна была знята з рэгістрацыі. Па некаторых звестках, касцёл быў зачынены ў 1959 г., у ім зрабілі сховішча, але ў 1983 г. вярнулі парафіянам. У 1970-я гг. святыня была залічана да помнікаў архітэктуры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.