ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Зрабіць гэты свет лепшым

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    У чарговы раз вітаю Вас у моладзевай рубрыцы “На скрыжаванні”. Сёння мы паразважаем аб важнасці кропкі апоры, сіле рычага і карысці аднаго пасаджанага дрэўца. Даведаемся, як валодаць сабой і сваімі здольнасцямі.
    Што ж, наперад з Богам!
   
    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Поле – гэта свет, добрае насенне – гэта сыны Валадарства, а каласоўнік – сыны злога духа” (Мц 13, 38)
   Мы прыйшлі ў свет, каб прыносіць добры плён. Людзі “другой культуры” наносяць шкоду, звязаную са зніжэннем ураджайнасці або, у горшым выпадку, з гібеллю пасеваў. Нягледзячы на гэтыя перашкоды, мы нястомна павінны несці ў свет добрае.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб людзі навучыліся паважаць створаны свет і абараняць яго як дар Божы
   Папа заклікае католікаў маліцца ў інтэнцыі павагі людзей да Божых спраў, а менавіта да дару стварэння Сусвету. Мы павінны шанаваць прыроду і станавіцца на яе абарону. У адваротным выпадку, мы грэбуем Богам і рызыкуем з часам страціць падараванае нам назаўсёды.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
   свет
   Бог стварыў зямны свет для ўсіх і кожнага з нас. Мы жывём і таксама разам ствараем свет – сустветную супольнасць. Да таго ж, кожны будуе свой свет асабіста – унутраны. На вышэйшым узроўні свайго развіцця мы пачынаем клапаціцца пра свет духоўны, яднаемся з Богам.
    Паразважаем, у якім свеце мы жывём сёння, што для нас з’яўляецца прыярытэтам: зямное, грамадскае, унутранае ці духоўнае.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   зрабіць гэты свет лепшым
   Вы ўяўляеце, як выглядае рычаг? Гэта перакладзіна, якая верціцца вакол кропкі апоры. Выкарыстанне рычага дазваляе атрымаць перавагу ў сіле і падняць голымі рукамі непасільны груз. Невялікі высілак, але ўражваючы вынік.
    Так і ў жыцці. Кожны з нас з’яўляецца такім рычагом. Кропка апоры – гэта падстава нашага жыцця, мэта і місія. Прыкладваючы невялікія намаганні, мы атрымліваем сур’ёзны рэзультат. Галоўнае – ведаць, на што абапірацца. Нездарма Архімед усклікаў: “Дайце мне кропку апоры і я перавярну свет”.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   “пасадзіць дрэва
   Ідэя што трэба! За ўвесь час праз нас прайшло столькі паперы, кніг, алоўкаў. Штодня мы спім на драўляным ложку і працуем за драўляным сталом. Мажліва, хтосьці іграе на гітары ці піяніна, у хакей або настольны тэніс. А як хораша летам развесці вогнішча і пасмажыць шашлык... Мы бярэм спаўна. Можа, трэба трошкі кампенсаваць урон, нанесены прыродзе?
    Да ўвагі: адно дрэва выпрацоўвае сутачную норму кіслароду, неабходную для трох чалавек, штогод яно фільтруе да 132 кг рэчываў, якія забруджваюць паветра.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
   “Бог нам жыццё падарыў”, Дзеці Неба
   Калі я ўпершыню пачула гэтую песню, падумала, што яна магла б стаць канцоўкай якой-небудзь добрай кінастужкі: павольная і меладычная. Песня пачынаецца са слоў: “Бог нам жыццё падарыў, даў цэлы свет”. Мэта выканаўцаў – з’яднаць людзей, “бо ўся планета – гэта агульны дом, а мы ўсе – браты і сёстры. І гэта вельмі проста – любіць таго, хто побач з табой”.

  КНІГА МЕСЯЦА:

   “Не адзіным хлебам”, кс. мгр Уладзіслаў Завальнюк
   Мэта кнігі – звярнуць увагу на разумнае выкарыстанне ўсіх рэсурсаў нашага арганізма. Падрабязна апісваецца, як навучыцца валодаць сабой, сваімі духоўнымі і фізічнымі здольнасцямі. “Студэнты і школьнікі вучацца не дзеля таго, каб вучыцца, а каб потым разумна пражыць Богам дадзенае жыццё для дабра свайго, сваёй душы і для дабра іншых людзей”, – напісана ва ўступным слове ад аўтара. Кніга прысвечана пытанню аздараўлення праз чысты аздараўленчы пост. Пабудавана на аснове Бібліі, навуковых даследаванняў і асабістага вопыту аўтара.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

   святая Зіта
   Нарадзілася Зіта ў 1218 г. у вёсцы Монсаграці ў Італіі. Паходзіла з беднай, але пабожнай сям’і. Ва ўзросце 12 год пачала прыслугоўваць у доме сям’і Фацінэлі ў горадзе Лука. Доўгі час працадаўцы перагружалі дзяўчыну цяжкай працай, збівалі. Зіта пераносіла здзекі з пакорай. Штодня яна хадзіла на святую Імшу, прымала камунію. Шмат посціла на хлебе і вадзе, спала на голай зямлі. Пастаянныя пакуты і пабожнасць Зіты паспрыялі хрысціянскаму навяртанню сям’і Фацінэлі. Сама дзяўчына лічыла сваю службу пакліканнем ад Бога.
    Памерла Зіта пасля непрацяглай хваробы 27 красавіка 1272 г. З 60-ці гадоў, якія яна пражыла, на працягу 42-ух служыла ў сям’і Фацінэлі. Пасля яе смерці члены сям’і сталі ўшаноўваць Зіту як святую.
    Калі ў 1652 г. падчас кананізацыйнага працэсу адчынілі яе труну, знайшлі там нятленнае цела. Мошчы былі перанесены ў базіліку св. Фрыдыяна, куды Зіта хадзіла штодня.
    Кананізавана ў 1696 г. папам Інакенціем ХІІ. Папа Пій ХІ аб’явіў Зіту заступніцай горада Лука і хатняй прыслугі. Пад яе імем паўстала некалькі рэлігійных таварыстваў. Дзень успаміну ў каталіцкім Касцёле – 27 красавіка.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў сакавіку?
    Св. Францішак (2 красавіка),
    св. Рышард (3 красавіка),
    св. Ян (7 красавіка),
    св. Дзмітрый (9 красавіка),
    св. Анастасія (15 красавіка),
    св. Конрад (21 красавіка),
    св. Юрый (23 красавіка),
    св. Зіта (27 красавіка),
    св. Пётр (28 красавіка).
   
    Усе заўвагі, пажаданні і конкурсныя лісты дасылаць на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.