ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Сустрэча з папам Францішкам

З жыцця Касцёла

Алюмны Гродзенскай ВДС падчас сустрэчы са Святым Айцом на плошчы св. Пятра

15 красавіка пілігрымаў з Гродна чакала цудоўная падзея, а менавіта сустрэча з папам Францішкам, які звярнуўся да іх са словамі:
– Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымцы падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства – гэта, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб’яднаныя з Ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я бласлаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!
Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны Горад пачалася 10 красавіка. Яе ўдзельнікі наведaлі галоўныя рымскія базілікі, а таксама месцы, звязаныя з жыццём Апосталаў і святых, узносячы падзяку Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі.
    Цэнтральным пунктам пілігрымкі стаў дзень 15 красавіка, калі пілігрымы з Гродна прынялі ўдзел у аўдыенцыі з папам Францішкам. Папа прывітаў настаяцеляў і навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў рамках сваёй пілігрымкі ў Рым.
 Радасць ад сустрэчы з Папам   Пасля сустрэчы з Папам і супольнага здымка пілігрымы наведалі Ватыканскія музеі, дзе маглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй Апостальскай Сталіцы і папства і глыбей адчуць паўсюдны Касцёл. У гэты ж дзень яны ўдзельнічалі таксама ў святой Імшы ў капліцы генеральнага дома Кангрэгацыi Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (змёртвыхпаўстанкі) у Рыме. Месца было абрана невыпадкова. Кангрэгацыя была заснавана Цэлінай і Ядзвігай Бажэнцкімі, маці і дачкой, у Рыме ў 1891 годзе.
    Святую Імшу ў капліцы ўзначаліў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які па-дзякаваў супольнасці сясцёр за запрашэнне і выраз вялікай павагі да Касцёла ў Беларусі. “Сёння мы ішлі з тымі, хто ўтварае супольнасць семінарыі ў Гродне, як два вучні паспешна ішлі ў Эмаўс, каб спаткаць уваскрослага Пана”, – сказаў іерарх.
   
“Радасць ад сустрэчы з Папам, а таксама радасць ад наведвання святых месцаў, звязаных з тымі, хто спрабаваў змяніць аблічча гэтай зямлі і гэтага свету і хто пачуў Божы голас, пайшоў за Панам і стаў сведкам уваскрослага Хрыста, – усё гэта пакіне відавочны след у жыцці нашых семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства і шукаюць дарог і адпаведных прыкладаў свайго будучага жыцця, каб як мага лепш рэалізаваць дарогу да святасці. Можна смела сказаць, што мы дасягнулі кульмінацыі нашай пілігрымкі – незабыўнай сустрэчы з папам Францішкам, які таксама ўдзяліў нам Апостальскае бласлаўленне. Я веру, што гэтая вялікая ласка і давер будуць значнай дапамогай для нашых навучэнцаў на наступныя гады падрыхтоўкі да Хрыстовага святарства”.
   

Кс. Раман Рачко, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне


    У гаміліі дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі заахвоціў прысутных быць сапраўднымі сведкамі ўваскрослага Хрыста. “Зараз мы перажываем перыяд Уваскрасення нашага Пана. Мы вырушылі ў пілігрымку нашай веры, каб ісці за той праўдай, што Хрыстос уваскрос, – адзначыў іерарх. – Ідучы ў нашай пілігрымцы, мы затрымліваемся на кароткі час ва ўсіх тых месцах, дзе раней жылі вялікія святыя, якія спаткалі Уваскрослага, і стараемся, каб праз нашу паставу і штодзённае жыццё іншыя маглі сустрэцца з Ім”.
    16 красавіка, у чарговы дзень наведвання Вечнага Горада, біскупаў дыяцэзіі, настаяцеляў і навучэнцаў Гродзенскай Вышэйшай ду-хоўнай семінарыі прывітаў Дзяржсакратар папы Францішка кардынал П’етра Паралін. Сустрэча з іерархам адбылася ў базіліцы св. Пятра.
    Кардынал Паралін у размове з гродзенскімі пілігрымамі прыгадаў свой візіт у Беларусь у сакавіку, які быў здзейснены па запрашэнні беларускай дзяржавы. Іерарх падкрэсліў, што застаўся ўражаны сведчаннем вернікаў каталіцкага Касцёла ў Беларусі і іх адданасцю Богу.
    “У маёй памяці застаецца сустрэча ў Мінску, дзе я меў магчымасць сустрэцца з некаторымі з вас. Я рады, што зараз вы прыбылі да месца пахавання Апосталаў, таму я жадаю вам добрага прабывання ў Рыме. Я думаю, што гэтая пілігрымка паспрыяе вашай добрай падрыхтоўцы да святарства. Падчас свайго візіту ў Беларусь я бачыў у людзей моцную веру, якая працягвае ўзрастаць. Гэта вельмі патрэбна і для будучых святароў. Я жадаю кожнаму з вас, каб у сваёй жыццёвай пілігрымцы вы дайшлі да святарства, і перш за ўсё, каб сталі святарамі веры, поўнымі жыцця, радасці і энтузіязму”, – сказаў кардынал.
    Прыгадваючы сустрэчу з Папам, Дзяржаўны Сакратар адзначыў: “Веру, што сустрэча з папам Францішкам будзе для вас узмацненнем. Сёння, калі будзеце ўдзельнічаць у святой Імшы ў базіліцы св. Пятра, памятайце ў сваіх малітвах пра Святога Айца”.
    Напрыканцы сустрэчы кардынал удзяліў пілігрымам з Беларусі бласлаўленне і перадаў ружанцы на памяць. Пасля сустрэчы з Дзяржаўным Сакратаром Папы кардыналам П’етра Паралінам пілігрымы ўдзельнічалі ў святой Імшы ў базіліцы св. Пятра. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
    Таксама ў гэты дзень семінарысты наведалі будынак Ватыканскага радыё ў Рыме, дзе пазнаёміліся з гісторыяй радыё і асабліва з яго беларускай рэдакцыяй. Увесь наступны дзень быў прызначаны на наведванне Рыма.
    У размове з catholic.by біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які быў у Рыме з супольнасцю семінарыі, адзначыў: “Мы шчаслівыя, што дзякуючы Божаму Провіду мы змаглі прыехаць у Вечны Горад. Тут, пры гробе святога Пятра і святога Яна Паўла ІІ, мы хочам дзякаваць за дар паклікання і 25 гадоў існавання нашай семінарыі, якая падрыхтавала ўжо 200 святароў”.
Сустрэча з кард. П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Апостальскай Сталіцы    “Думаю, што словы, скіраваныя Святым Айцом Францішкам да нашых семінарыстаў, каб з радасцю і адданасцю служылі ўваскросламу Хрысту, і словы Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала П’етра Параліна, які заахвоціў нашых навучэнцаў быць святарамі веры, поўнымі жыцця, радасці і энтузіязму, да канца жыцця будуць спадарожнічаць нашым семінарыстам і весці іх па шляхах святарства. Менавіта такія святары сёння патрэбны: верныя і цалкам адданыя справе Божай!” – дадаў біскуп.
    Гродзенскі ардынарый выказаў надзею, што пілігрымка “паспрыяе таму, каб семінарысты так жа, як сёння яны захоплены хараством убачанага ў Рыме, пазней кожны дзень захапляліся хараством святарскага жыцця”.
    17 красавіка семінарысты, выкладчыкi семінарыі і святары Гродзенскай дыяцэзіі пакінулі Вечны Горад. На іх шляху быў Асізі, дзе яны наблізіліся да жыцця св. Францішка, і шмат іншых месцаў, звязаныx з жыццём Апосталаў і святых. Пілігрымка завяршылася святой Імшой у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чанстахове, дзе ў капліцы цудатворнага абраза семінарысты падзякавалі Маці Божай за апеку над іх навучальнай установай.
    Семінарысты бясконца ўдзячны ўсім, хто паспрыяў таму, што гэтая пілігрымка стала магчымай, асабліва гродзенскаму ардынарыю і дапаможнаму біскупу, выкладчыкам семінарыі на чале з рэктарам кс. Раманам Рачко і ўсім людзям добрай волі.


   

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.