ГРОДНА
Пятніца,
06 снежня
2024 года
 

Як доўга пасля споведзі можна прыступаць да Камуніі?

Задай пытанне

У Святым Пісанні можам прачытаць такія словы: “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. (...) Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне” (Ян 6, 53–57).
Гэты фрагмент паказвае нам важнасць спажывання Хрыстовага Цела. Перш за ўсё таму, што прыняцце Хрыста ў постаці Хлеба з’яўляецца магчымасцю валодання “жыццём у сабе”, а таксама задаткам вечнага жыцця і ўваскрашэння ў апошні дзень. Мы як хрысціяне павінны ўсведамляць важнасць і каштоўнасць прыняцця Хрыстовага Цела ў святой Камуніі. Толькі часам узнікае пытанне, як часта гэта рабіць і як доўга пасля сакраманту пакаяння?
Касцёльны наказ, а таксама Кодэкс кананічнага права падаюць, што кожны вернік, пасля таго, як упершыню прыняў Найсвяцейшую Эўхарыстыю, мае абавязак прымаць яе хаця б раз на год (параўн. ККП 920). Падобна і Катэхізіс каталіцкага Касцёла заахвочвае, каб вернікі заўсёды прымалі св. Камунію, калі ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, абавязваючы іх да гэтага як мінімум адзін раз на год, асабліва ў Велікодны перыяд. Але з іншага боку, Касцёл рэкамендуе прымаць Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў нядзелю і святочныя дні або часцей, нават штодзённа (параўн. ККК 1389).
    З гэтага вынікае, што не трэба быць мінімалістам у справе прыняцця Хрыстовага Цела, а сілкавацца эўхарыстычным Хлебам нават штодзённа. Рабіць гэта можа кожны, хто не здзейсніў пасля апошняй споведзі цяжкага граху. Сама святая Камунія мае моц вызвалення ад паўсядзённых грахоў, а гэта значыць, што не абавязкова хадзіць да споведзі кожныя пару дзён з кожным лёгкім грахом, каб прыняць Камунію. Паўсядзённыя грахі прабачаюцца, калі мы абуджаем у сэрцы жаль за іх, таму на пачатку кожнай св. Імшы мы прамаўляем малітву ўсеагульнай споведзі і просім аб прабачэнні паўсядзённых грахоў. Але трэба памятаць, што ў гэтых грахах трэба прызнацца на бліжэйшай споведзі. З іншага боку, тыя, хто хоча яшчэ мацней развіваць сваю сувязь з Хрыстом, могуць прыступаць да споведзі як мінімум раз на два тыдні, як гэта практыкуецца, напрыклад, сярод духоўных і кансэкраваных асоб. Важна таксама памятаць, што нельга вельмі доўга трываць у лёгкіх грахах. Таму Касцёл часта рэкамендуе спавядацца з іх прыкладна раз на месяц.

   

Сакрамант пакаяння і паяднання неаднойчы параўноўваецца з прыбіраннем дома. Можна гэта рабіць раз ці два на тыдзень, раз на месяц, раз на год ці на некалькі гадоў. Але калі для нас важна чысціня душы, трывалы і жывы кантакт з Езусам, то мы павінны клапаціцца аб гэтым як мага лепш.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  26

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.