ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

Паломніцтва на гродзенскую Галгофу

З жыцця Касцёла

Пілігрымы з малітвай крочаць да месца, дзе загінулі жыхары Гродна і Ліпска

У суботу 18 ліпеня а 15-й гадзіне з парафіяльнага касцёла ў Адамавічах вырушыла першая ў гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі пешая пілігрымка да месца мучаніцкай смерці жыхароў Гродна і Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы), якія 13 ліпеня 1943 года былі расстраляны гітлераўцамі на Форце № 2 каля Навумавічаў.
Каб ушанаваць памяць ахвяр фашысцкай агрэсіі, у паломніцтва выйшла больш за сто вернікаў з усіх гродзенскіх парафій. На экуменічнай святой Імшы а 19-й гадзіне колькасць людзей, якія прыйшлі ўспомніць чарговую гадавіну трагічных падзей, двойчы ўзрасла.
    Звяртаючыся да гісторыі трагічных падзей, якія мелі месца 13 ліпеня 1943 года: у той дзень на Форце № 2 каля Навумавічаў гітлераўцы расстралялі групу людзей з 50-ці чалавек, сярод якіх былі як свецкія вернікі, так і святары. Прычынай масавага пакарання стала помста немцаў за забойства партызанамі нямецкага паліцэйскага. Да ліку ахвяр фашысцкай помсты сярод іншых належала бласлаўлёная Мар’яна Бярнацкая. Яна пацярпела мучаніцкую смерць, аддаючы жыццё за сваю нявестку, якая была цяжарнай.
Святую Імшу, якая праходзіла на месцы пакарання, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас гаміліі іерарх разважаў над сэнсам дадзенай трагедыі, падкрэсліваючы, што ахвяра гэтых людзей, якія аддалі жыццё за веру і бліжняга, паказвае, што “не адным хлебам жыве чалавек”. Падчас урачыстасці ў навумавіцкім лесе“Мы павінны памятаць, што нашыя браты і сёстры, якія больш за паўстагоддзя таму прынялі мучаніцкую смерць на гэтым самым месцы, не памерлі, паміраючы. Яны памерлі, каб жыць. Сваёй ахвярай гэтыя людзі абудзілі ў нас надзею на вечную будучыню. Месца трагічных падзей яны пераўтварылі ў бласлаўлёнае месца, дзе кожны можа нанова адкрываць таямніцу вечнага жыцця”, – адзначыў біскуп Юзаф. Іерарх таксама нагадаў прысутным, што яны маюць сваю ўласную нябесную заступніцу сямейнага жыцця – бласлаўлёную Мар’яну Бярнацкую, і заахвоціў давяраць ёй усе свае сямейныя клопаты і радасці.
    На Імшы прысутнічала таксама дэлегацыя з Польшчы ў асобе мэра горада Ліпска Леха Лямпіцкага, праўнука бласлаўлёнай Мар’яны Бярнацкай Станіслава і яе прапраўнучкі Дзіяны. Напрыканцы набажэнства спадар Станіслаў адзначыў, што нявестка, за якую бласлаўлёная Мар’яна аддала сваё жыццё, адышла ў жыццё вечнае толькі ў мінулым 2014 годзе, на 98-ым годзе свайго жыцця. “Гэта сведчыць аб тым, што ахвяра маёй прабабулі Мар’яны сапраўды не была дарэмнай”, – сказаў нашчадак бласлаўлёнай.
    На заканчэнне родныя бласлаўлёнай Мар’яны Бярнацкай усклалі вянок да помніка загінуўшым ад рук нямецкіх захопнікаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.