ГРОДНА
Серада,
04 снежня
2024 года
 

У катэдральнай базіліцы адкрыты адрэстаўраваны алтар

З жыцця Касцёла

Ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету – 22 лістапада – у гродзенскім катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя быў адкрыты алтар Святой Тройцы. Падчас нядзельнай Імшы алтар нанова асвяціў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Больш за паўтары гады цягнуліся рэстаўрацыйныя работы пад кіраўніцтвам майстроў з Беларусі і Польшчы. За карпатлівым заняткам лекары даўніны пасціралі пазногці.
    “Я пайду а першай га-дзіне ночы – яны залоцяць, – успамінае пробашч парафіі ксёндз Ян Кучынскі. – Прыходжу на Імшу раніцай – яны ўсё яшчэ залоцяць”.
    Праведзена каласальная праца! Алтар з 300-гадовай гісторыяй (ён знаходзіцца наперадзе паміж цэнтральнай і левай бакавой навамі) цалкам разабралі, аднавілі пашкоджаныя драўляныя часткі і зноў пакрылі іх пазалотай, як гэта было ў першапачатковым варыянце.
    “Мы нічога новага не прыдумвалі, – закцэнтаваў увагу вернікаў ксёндз Ян Кучынскі. – Толькі аднавілі тое, што было знішчана ў мінулым стагоддзі маслянай фарбай. Адзінае, што было зменена, гэта колер. Першапачаткова алтар быў чырвона-карычневы, а рэстаўраваўся пад зялёны. У такім колеры ён больш гарманічна спалучаецца з убраннем касцёла. Уся праца палягае на тым, каб перадаць духоўную спадчыну наступным пакаленням...”.
Падчас урачыстага асвячэння алтара Святой ТройцыПробашч таксама заўважыў, што гэта быў самы цяжкі ў рэстаўрацыі алтар (з ужо трох адноўленых – заўв. аўт.). Менавіта ад яго залежала, як будуць выглядаць астатнія сем, што чакаюць сваёй чаргі.
    Напрыканцы Імшы пробашч падзякаваў усім, хто прычыніўся да аднаўлення алтара матэрыяльна і духоўна. Ахвярадаўцы і майстры былі ўшанаваны памятнымі дыпломамі. Многія з іх аказаліся вельмі сціплымі людзьмі і нават пажадалі, каб іх прозвішчы не агучвалі.
    Ад імя ўсіх прысутных пробашчу парафіі ксяндзу Яну Кучынскаму падзякаваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля ўдзеленага іерархам пастарскага бласлаўлення з канцэртам выступіў хор Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”.

Даведка
   
    Алтар Святой Тройцы складаецца з двух ярусаў. Уверсе па цэнтры знаходзіцца скульптура Уваскрослага Хрыста. Яна найменшая па памерах, але самая даўняя.
    Рэстаўратары прыйшлі да высновы, што фігура старэйшая за касцёл. Мяркуецца, што яна была перанесена ў катэдру з Фары Вітаўта.
    Па абодва бакі фігуры Езуса знаходзяцца скульптуры святога Яна Хрысціцеля (справа) і святога Яна Евангеліста (злева). Ніжэй – скульптуры святых Пятра (злева) і Паўла (справа). У цэнтры размяшчаецца абраз, на якім святы апостал Пётр ацаляе рымскага салдата.
    У ніжнім ярусе знаходзяцца скульптуры святых Алаізія Ганзагі, Францішка Асізскага, Дамініка і Ісідора (злева направа). У цэнтры размешчаны абраз Святой Тройцы, а ніжэй – табернакулюм са скульптурай Езуса, апранутай па кармеліцкай традыцыі. Мяркуецца, што фігура была прынесена ў катэдру з касцёла кармелітаў, які існаваў у горадзе да пачатку ХХ стагоддзя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.