ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

З крынічнай чысцінёй у вачах

Лісты чытачоў

Святар з сонейкам і нязгаснай любоўю ў сэрцы, з крынічнай чысцінёй у вачах, якія выпраменьваюць дабрыню і святло, што знішчае цемру і прасвятляе душу чалавека. Менавіта такім святаром з’яўляецца пробашч навагрудскага касцёла святога арханёла Міхала Юрый Жэгарын.
    Здаецца, няшмат прайшло часу з сакавіка мінулага года, калі ксёндз Юрый распачаў сваё святарскае служэнне на навагрудскай зямлі. Але духоўнае зерне, пасеянае з вялікай любоўю да Бога і чалавека, ужо дало вялікі плён.
    Будучы непахісным носьбітам Хрыстовай веры і праўды, ксёндз Юрый з першых дзён служэння ў нашай парафіі адзначыў: мы як хрысціяне павінны перастаць быць абыякавымі да людзей, што нас акружаюць, да бездухоўнасці, якая, на жаль, усё больш і больш распаўсюджваецца ў грамадстве. “Быць вернікам, – сцвярджае ён, – гэта не толькі штодзённа маліцца і хадзіць у святыню, але і любіць бліжняга, не асуджаць, дапамагаць, ахвяраваць сябе дзеля іншага”.
Па чацвяргах ксёндз Юрый праводзіць біблейскія сустрэчы, на якія збіраецца нямала парафіян. Спатканні ладзяцца з мэтай, каб вернікі разумелі Святое Пісанне і добра ўсведамлялі хрысціянскія ісціны. Нашыя сэрцы імкнуцца прыняць словы Хрыста: “Запаведзь новую даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я ўзлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі”. “Змяняюся ў лепшы бок”, “хочацца быць міласэрным, спагадлівым”, “імкнуся рабіць дабро іншым”, “пачынаю сапраўды разумець сэнс вучэння Хрыста”, “з нецярпеннем чакаю чацвярга”, – выказваюцца ўдзельнікі біблейскіх сустрэч.
    Вялікім аўтарытэтам святар карыстаецца і сярод маладых людзей. Моладзевыя сустрэчы адбываюцца ў нядзелю вечарам. На іх юнакі і дзяўчаты не толькі ўмацоўваюць сваю веру ў Хрыста і спазнаюць Яго вучэнне, але і абмяркоўваюць з ксяндзом Юрыем, як можна выратавацца ад злых спакус сучаснага свету, звязаных з алкагалізмам, наркаманіяй, сексуальнай разбэшчанасцю, парнаграфіяй, акультызмам, сатанізмам, ненарматыўнай лексікай, камп’ютарнай залежнасцю. “Прыходзім на моладзевыя сустрэчы, бо яны цікавыя, змястоўныя і патрэбныя. А слухаючы ксяндза Юрыя, проста нельга не змяніцца і не стаць лепшымі”, – сцвярджаюць юнакі і дзяўчаты.
    На вячэрніх святых Імшах ксёндз Юрый прамаўляе казанні па-беларуску. Слова, прамоўленае на зразумелай мове, дае багатыя ўсходы: куды больш людзей пачало прыходзіць на багаслужэнні. Шмат дзяцей і моладзі збіраецца ў касцёле на нядзельнай беларускай Імшы, пасля якой ксёндз Юрый кожнаму дзіцяці, юнаку і дзяўчыне ўдзяляе Божае бласлаўленне. Людскія сэрцы яснеюць, душы напаўняюцца радасцю. Услед за пробашчам хочацца верыць у памнажэнне веры і духоўнае прасвятленне жывога Касцёла ў Навагрудку. Мы вельмі моцна любім свайго пробашча і шчыра верым, што яркае сонейка, якое свеціцца ў гарачым сэрцы ахвярнага ксяндза, будзе гэтак жа нястомна рассыпаць прамяні выратавальнага святла па навагрудскай зямлі.
   
    Таўлуй Галіна Эдуардаўна – выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, кіраўнік ліцэйскага духоўна-маральнага клуба “Промні надзеі”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.