ГРОДНА
Панядзелак,
04 лістапада
2024 года
 

Жаль за грахі

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Працягваем далей нашыя разважанні над сакрамантам пакаяння і паяднанння. У двух папярэдніх нумарах “Слова Жыцця” мы з вамі займаліся аналізам першай умовы добрай і плённай споведзі – рахунку сумлення. Сёння звернем сваю ўвагу на другую ўмову – жаль за грахі.
Пасля таго, як мы ўсвядомім стан уласнай грэшнасці, у якой мы знахо-дзімся перад Богам, пасля таго, як разарвём з Ім прыязныя стасункі і страцім стан асвячаючай ласкі, лагічным наступствам будзе выражэнне глыбокага пакаяння – жалю за свае грахі. Трыдэнцкі сабор акрэслівае жаль за грахі як “боль душы і агіду ад здзейсненага граху з пастановай больш не грашыць” (Denz 1676).
    Жаль за грахі не можа абапірацца толькі на хвілінныя пачуцці, але на рашучасць волі адвярнуцца ад зла, на змену жыццёвага кірунку і на вяртанне да новага жыцця з Богам. Гэта здзяйсняецца пад уплывам Божай ласкі, якая асвячае розум і ўзмац-няе волю. Тады чалавек бачыць, якую крыўду ён прычыняе сабе праз грахі і як блізка да яго небяспека вечнага асуджэння. Ён таксама заўважае, як моцна зняважыў любячага Бога. Тады чалавек асуджае свае грахі праз прызму Хрыстовага крыжа. У яго жыцці адбываецца метаноя – унутранае перамяненне, часта спалучанае з эмацыйнай узрушанасцю, якой з’яўляецца смутак з-за ўчыненай крыўды, і сорамам перад Богам. Недастаткова толькі дэклараваць на словах, неабходна ўнутрана і рашуча адвярнуцца ад граху, разарваць прывязанасць і задавальненне ад грахоў, адчуць агіду і адкінуць зло. Падобна евангельскаму блуднаму сыну, грэшнік таксама рашаецца парваць са станам граху, у якім ён знаходзіўся да гэтага часу, і вярнуцца да Бога, які яго чакае і любіць.
Таму сапраўдны жаль за грахі павінен уключаць у сябе таксама глыбокую веру ў тое, што для Бога, які з’яўляецца бясконцай Любоўю, чалавек вельмі важны. Бог адкупіў яго цаной сваёй крыві, але ніколі не можа згадзіцца на яго грэх. Разглядзім гэта на прыкладзе двух вядомых нам Апосталаў. Пётр і Іуда зграшылі, гэта праўда. Абодва зразумелі, што зрабілі, і прыйшлі прызнаць сваю віну. Іуда сказаў: “Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў” (Мц 27, 4), а “Пётр горка заплакаў” (Мц 26, 75). Іуда застаўся са сваім вызнаннем грахоў у роспачы, нянавісці і пагардзе да самога сябе. Ён не здольны быў адкрыцца на міласэрнасць Хрыста і на Яго прыход. Пётр пайшоў далей за свае грахі, падняўся над імі, дайшоў да Божай любові, і яна нават паспрыяла таму, што ён аддаў жыццё за Езуса ў мучаніцкай смерці. Магчыма, ён толькі тады зразумеў сваё: “Ты ведаеш, што я люблю Цябе” (Ян 21, 16). Пётр на момант пахіснуўся, але гэта не было адхіленне ад асноўнай дарогі, гэта не было перакрэсліванне яго жыццёвага ідэалу. Іуда не вярнуўся да стану першапачатковага паклікання, любові. Пётр жа вярнуўся хутка і эфектыўна. Пастава Пятра – гэта пастава грэшніка ў сакраманце пакаяння. Святы Пётр даказаў, што сапраўднае навяртанне і жаль за грахі здзяйсняюцца ў чалавеку, абапіраючыся на веру і любоў: “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе” (Ян 21, 17).
   
    Традыцыя Касцёла адрознівае дасканалы і менш дасканалы жаль. Дасканалы жаль вынікае з чыстай і бескарыслівай любові да Бога. Грэшнік уяўляе сабе ўсю велічыню мукі і смерці Хрыста, прынятых з любові да чалавека. Гледзячы на крыж, мы можам аднесці на свой рахунак словы, якія павінен быў пачуць Блез Паскаль, молячыся ля ног укрыжаванага Збаўцы: “І пра цябе я думаў у хвіліны маёй агоніі. І за цябе праліў не адну кроплю крыві... Я палюбіў цябе больш, чым ты – свае правіны”. Таму ў акце дасканалага жалю чалавек забываецца пра сябе і сваю выгаду, ён глыбока перажывае крыўду і зневажэнне, якія прычыніў Богу. Акт дасканалага жалю сцірае цяжкія грахі ў момант смерці, нават без споведзі, калі няма магчымасці атрымаць святарскае адпушчэнне грахоў. Трэба імкнуцца да таго, каб дух глыбокага пакаяння і тым самым дасканалага жалю быў пастаянным актам душы, які б акрэсліваў яе адносіны да Бога. Гэтае намаганне павінна заключацца ў нястомнай малітве, пакорнаці і супрацоўніцтве з Божай ласкай. Тады чалавек пазбываецца самалюбства і гонару і ахвотна прызнае ўсе правіны. Чым больш чалавек любіць Бога, тым больш ён шкадуе аб сваіх грахах і нявернасці.
    Трэба імкнуцца да таго, каб часта абуджаць у сабе акт дасканалага жалю. Мы павінны рабіць гэта заўсёды падчас вячэрняй малітвы, перад тым, як ісці адпачываць. Прасцей за ўсё акт жалю выражаецца ў вядомых нам словах малітвы: “Шкадую за злосць маю, бо цаню любоў Тваю. Май літасць да грэшнага мяне, бліжнім прабачаю дзеля Цябе”. Гэта не можа быць толькі механічнае адгаворванне пададзеных вышэй слоў без абуджэння ўнутранага акту жалю. Каб нарадзіўся дасканалы жаль, трэба асэнсаваць сказанае і зрабіць яго зместам свайго духоўнага жыцця.
    Менш дасканалы (недасканалы) жаль заключаецца ў тым, што чалавек шкадуе за свае грахі толькі таму, што, абразіўшы Бога, разарваўшы з Ім кантакт, наклікаў на сябе часовыя кары і вечнае асуджэнне (параўн. ККК 1453). Такім чынам, гэта так званы жаль ад страху. Ён з’яўляецца пэўным мінімумам, абавязковым для сапраўднасці споведзі.
    Без жалю за грахі споведзь не будзе сапраўднай. Таму вернік павінен узбудзіць жаль непасрэдна перад споведдзю, а таксама пацвердзіць яго падчас удзялення адпушчэння грахоў, стоячы на каленях і ўдараючы сябе ў грудзі або на словах абяцаючы перад спаведнікам, што шчыра просіць у Бога прабачэння. Жаль за грахі павінен уключаць у сябе агіду да мінулых грахоў і жаданне сапраўды пазбягаць іх у будучыні. Матыў жалю павінен быць звышнатуральны, адносіцца да Божай любові. Недастаткова жалю з-за страты нейкай матэрыяльнай выгады ці цялеснай асалоды. Ён таксама павінен ахопліваць усе грахі.
    Дарагі сябар, можа, ты згубіўся і страціў сэнс жыцця, можа, адышоў ад Бога і ўжо даўно не быў у споведзі, заўважаеш, як сёння складана справіцца з самім сабой, з іншымі... Міласэрны Айцец увесь час чакае цябе, за цябе на крыжы памёр Хрыстос, які збавіў цябе сваёй найкаштоўнейшай крывёю. Не адкладвай! Ужо сёння паяднайся з Богам! Памятай: “Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, – як снег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, – як воўну адбялю”(Іс 1, 18). Я штодзень малюся за цябе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  58

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.