ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Учынак для душы бліжняга. Маліцца за жывых і памерлых

Практыкаванні ў міласэрнасці

На першы погляд можа падацца, навошта маліцца за кагосьці, калі Бог у сваім Провідзе сам забяспечвае чалавеку найлепшы лёс? Але воля Усявышняга заключаецца ў тым, каб Яго дзеці любілі адзін аднаго. Малітоўная падтрымка выражае ўвагу і клопат пра бліжняга, неабыякавасць да яго жыцця. Гэта дазваляе ўбачыць блізкіх з той перспектывы, з якой іх бачыць Стварыцель.
    Малітва – гэта выраз разумення, што над намі ёсць Бог, ад якога ўсё залежыць. Молячыся, мы прызнаём неабходнасць дапамогі з боку Таго, хто ведае, як будзе лепш, хто адорвае рознымі дабротамі і сам з’яўляецца Найвышэйшым Дабром, якое наталяе ўсе прагненні. Таму малітва так часта прыносіць палёгку, бо яна надзяляе пачуццём бяспекі: давераныя справы знаходзяцца ў руках Айца, які чувае над лёсам свету і кожнага чалавека. Вера падразумявае давер да таго, што міласэрны Бог падрыхтаваў для кожнага свой план, поўны любові і надзеі. Малітва ў пакоры азначае згоду на рэалізацыю гэтага плана.
У той жа час малітва не з’яўляецца ўцёкамі ад дзеяння ці нежаданнем супрацьстаяць нягодам. Яна не замяняе намагання зрабіць канкрэтны ўчынак. Малітва і дзеянне ўзаемна дапаўняюцца: адно прадугледжвае другое. Як гаварыў св. Ігнацый, “маліцеся так, быццам усё залежыць ад Бога, а рабіце так, быццам усё залежыць ад вас”.
    Малітвы бываюць розныя: праслаўлення, падзякі, адкуплення ці перапрашэння, а таксама просьбы. Вернік можа маліцца як асабіста ў цішыні свайго сэрца (індывідуальна), так і супольна з іншымі (праз імшальную малітву вернікаў, папскія інтэнцыі, Ружанец, Вяночак, навэнны і г. д.). Адрозніваюць таксама малітву “завучаную” і разумовую (разважанне, медытацыя, сузіранне). Да таго ж, існуе мноства дапаможных сродкаў, каб навучыцца добрай малітве: кнігі, артыкулы, школы малітвы, малітоўныя сустрэчы і рэкалекцыі.
    Скіроўваючы малітвы да Бога, вернік кіруецца жаданнем дабра для бліжняга і клопатам аб яго збаўленні. Асаблівае вымярэнне мае спалучэнне малітвы з постам: той, хто моліцца і ахвяруе, носіць кагосьці не толькі ў сваім сэрцы ці розуме, але і ў целе.
    Каб уявіць моц малітвы, дастаткова ўспомніць св. Моніку, якая на працягу многіх гадоў нястомна малілася за свайго сына, выпрошваючы для яго ласку навяртання. Сёння св. Аўгусцін – адзін з самых вядомых святых каталіцкага Касцёла.
    Асаблівай духоўнай дапамогі патрабуюць душы, якія адышлі ў вечнасць і цяпер ужо нічым не могуць сабе дапамагчы. Молячыся ў інтэнцыі памерлых, вернікі выпрошваюць для іх даравання кар і грахоў, здзейсненых на працягу жыцця. Такая малітва становіцца выразам сувязі зямнога і нябеснага Касцёлаў. Яна адкрывае на дапамогу святых і бласлаўлёных – тых памерлых, якія, з’яднаўшыся з Богам, заступаюцца за братоў, што жывуць на зямлі.
    Сам Езус неаднойчы гаворыць, што просіць Айца за людзей. Перад Апошняй вячэрай Ён узносіць да Бога малітву за вучняў і за будучы Касцёл. “Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга” (Ян 17, 20), – гучыць з вуснаў Пана.
    Просячы дароў для іншых, мы, перш за ўсё, павінны прасіць у імя Езуса, г. зн. прагнучы таго, чаго хоча Ён. „Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам” (Ян 16, 23), – гаворыць Хрыстос. Бо менавіта ў Ім знаходзіцца крыніца ласкаў, дзе адкрываецца струмень Божай міласэрнасці.
    Калі б мы ведалі, як шмат залежыць ад гэтага акту міласэрнасці і колькі дабра можна праз яго выпрасіць для бліжніх, то маліліся б заўсёды, ва ўсіх сітуацыях размаўлялі з Богам.
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Малітоўная паслуга міласэрнасці з’яўляецца абавязкам кожнага верніка.
    2. Малітва стварае духоўную прастору бяспекі, прыняцця, надзеі.
    3. Малітва дапамагае ў складаных сітуацыях, па-людску часта безнадзейных.
    4. Праз малітву чалавек аддае “кантроль над сітуацыяй” Богу.
    5. Ні адна малітва не бывае не выслухана: Бог адказвае на іх найлепшым з магчымых спосабаў.

   
jasiewiczЯк жа павінна выглядаць малітва за іншага чалавека? Найвялікшым дарам з’яўляецца святая Эўхарыстыя, дзе Хрыстос ахвяруе сябе за канкрэтную асобу, людзей. Прыдатныя традыцыйныя малітвы (Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці, літаніі і інш.). Яны набліжаюць чалавеку супакой і шчасце. Таксама як і малітва сваімі словамі, што выплывае з сэрца. Важна, каб кожная малітва была свядомай. Асаблівую ўвагу трэба звярнуть на адпуст (дараванне часовай кары за грахі). Ахвяруючы яго за іншага чалавека, неабходна быць у стане ласкі, вольным ад усякай прывязанасці да граху. Стараймася заўсёды памятаць пра тое, што праз малітву за бліжняга мы набліжаем яму шчасце!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.