ГРОДНА
Нядзеля,
08 снежня
2024 года
 

25 гадоў у дарозе за Езусам

З жыцця Касцёла

Сёстры-юбіляркі разам з кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам

28 жніўня пяць манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначылі сярэбраны юбілей манаскага жыцця. Падчас урачыстай св. Імшы с. Марыяна, с. Галіна, с. Карытас, с. Нэрэуша і с. Іерэмія адспявалі Найвышэйшаму гімн “Te Deum” як удзячнасць за ласку паклікання і 25 гадоў манаскага жыцця, поўнага малітвы, ахвярнай працы, радасці, а часам цяжкасцей і цярпення.
Святочная падзея, якая адбылася ў гродзенскай катэдры, сабрала родных і сяброў юбілярак, а таксама шматлікіх святароў і манаскіх сясцёр. Св. Імшу ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх казаў пра кансэкраванае жыццё як пра вялікі дар. “Гэта асаблівая сувязь, якая злучае пакліканую асобу з Хрыстом. Невыпадкова яе параўноўваюць з каханнем паміж мужам і жонкай, – адзначыў бп Кашкевіч. – Складаючы абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, манаская сястра вырашае ўсё сваё жыццё аддаць ва ўласнасць Езуса. Ніхто, акрамя Яго, не можа завалодаць ні яе душой, ні розумам, ні сэрцам, ні целам. Толькі Ён «мае права» быць адзіным каханнем манахіні. Гэты ўнутраны дыялог любові, які нястомна адбываецца паміж Хрыстом і кансэкраванай асобай, з’яўляецца вялікай таямніцай”.
Біскуп таксама адзначыў, што для акружаючых такі выбар можа здавацца дзіўным, незразумелым і пазбаўленым сэнсу. Некаторыя, асабліва тыя, хто не зусім блізка знаёмыя з жыццём Касцёла, часта глядзяць на манаскае пакліканне як на дзівацтва, своеасаблівы спосаб уцёкаў ад свету або нікому не патрэбнае адрачэнне ад асабістага шчасця. І толькі сама кансэкраваная асоба ведае (хоць і не разумее да канца таямніцу свайго паклікання), што гэта для яе адзіная дарога, на якой адшукае сапраўднае шчасце, сэнс жыцця і глыбокую радасць прыналежнасці да Хрыста.
    “Асоба, якая выбірае манаскае жыццё, падобна да святога Паўла, які з прастатой і шчырасцю пісаў: «Для мяне жыццё – гэта Хрыстос» (Флп 1, 21). Кансэкраваныя асобы, якія з любові да Езуса бескарысліва прысвячаюць жыццё служэнню бліжняму, паказваюць нам усім, Касцёлу і цэламу свету, што такая пастава магчымая. Варта дзяліцца сабой, варта быць дарам для іншых”, – заўважыў гродзенскі ардынарый.
    Пасля гаміліі сёстрыюбіляркі аднавілі манаскія абяцанні. На ахвяраванне прынеслі да алтара дары, дзякуючы за 25 гадоў манаскага жыцця, аддадзенага на выключную службу Найвышэйшаму.
    Завяршэннем урачыстасці сталі цёплыя і сардэчныя словы, якія сёстры назарэтанкі скіравалі духавенству, манахіням з кангрэгацыі, а таксама бацькам, сябрам і ўсім, каго Пан паставіў на іх шляху і ад каго яны зведалі шмат дабрыні і зычлівасці. Юбіляркі склалі ўдзячнасць Богу за апеку і шматлікія ласкі, шчодра Ім дараваныя.
   
Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта – гэта міжнародная апостальская супольнасць, заснаваная ў 1875 годзе бл. Марыяй ад Пана Езуса Добрага Пастыра – Францішкай Сядліскай. Сёстры жывуць і служаць у 170-ці супольнасцях у 13-ці краінах на 5-ці кантынентах. Харызмай кангрэгацыі з’яўляецца супрацоўніцтва з Хрыстом і Яго Касцёлам у пашырэнні валадарства Божай любові паміж сабой і сярод іншых, а асабліва ў сем’ях. Дэвіз кангрэгацыі: “Fiat voluntas Tua” (“Будзь воля Твая”).
Сястра Карытас Шапель CSFNЗ нашай групы сясцёр, сёлетніх юбілярак, я першая звярнулася ў супольнасць. Адразу пасля заканчэння школы пастукалася ў дзверы манаскага дома сясцёр назарэтанак у Гродне. Дарэчы, да ўступлення ў кангрэгацыю я ніколі не мела справы з манахінямі. Упершыню ўбачыла манаскую сястру падчас святых Місій у роднай парафіі. Тады і нарадзілася думка, каб пайсці ў кляштар і ахвяраваць сябе Пану Богу. Канешне, нялёгка ісці ў невядомае. Аднак любоў да Хрыста і жаданне накіроўвацца за Ім перамаглі.
    Сёння, азіраючыся на 25 гадоў назад, я выразна бачу, што варта было пайсці за голасам паклікання, каб служыць Богу і людзям. Няхай мая паслуга і далей будзе цудоўным праслаўленнем Пана, а штодзённая праца прыносіць радасць, супакой і любоў.
Сястра Галіна Занеўская CSFNПа меры сталення чалавек задумваецца над сэнсам жыцця і сваім прызначэннем. У пэўны момант я пачала прасіць Пана, каб даў мне нейкі канкрэтны знак, указаў тую дарогу, на якой я б змагла рэалізаваць сябе і сваё пакліканне. Паступова ўва мне выспела жаданне пайсці ў кляштар. Вырашыла далучыцца да Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, таму што асноўныя каштоўнасці, якімі жывуць сёстры, – гэта адданасць Касцёлу і служба сем’ям. А мне вельмі хацелася агарнуць сваёй апекай менавіта сем’і.
    Пан Бог так пакіраваў маім жыццём, што я не магла прысвячаць большасць свайго часу малітве ў кляштары, хоць вельмі гэтага прагнула. Мне была даручана катэхізацыя. На працягу ўсіх гадоў сваёй паслугі старалася годна выконваць гэтую працу, і пры гэтым аказваць малітоўную падтрымку сем’ям, несці ім радасць, супакой і згоду.
Сястра Нэрэуша Падзялінская CSFNГаворачы пра манаскае жыццё, варта прыгадаць фрагмент з Кнігі Мудрасці Сіраха: “Сыне, калі ты намерваешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да спакус! Захавай супакой у сэрцы і будзь цвёрды, не губляй раўнавагу ў час смутку! [...] Бо золата правяраецца ў агні, а людзі, мілыя Богу, – у печы прыніжэння” (Сір 2, 1–2.5). Усявышні не абяцае лёгкага жыцця тым, каго заклікае да асаблівай сувязі з сабой. Нават наадварот, запрашае да “праверкі ў агні”. Такім “агнём” могуць быць цяжкасці з прыняццем волі настаяцеляў, міжчалавечыя канфлікты, сум па родным доме, праблемы з малітвай, сумненні адносна правільнасці выбранага шляху і мноства іншых. Такім чынам, кляштар з’яўляецца своеасаблівым фронтам у барацьбе за Божае Валадарства. Патрабуе адрачэння, сіл, просіць пакінуць блізкіх сэрцу людзей і рэчы. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца кансэкраваныя асобы, дарога манаскага жыцця цудоўная, таму што нараджаецца ў вольнасці з бясконцай любові Стварыцеля да свайго стварэння: “Я прыцягваў іх повезямі чалавечнасці, повезямі любові” (Ос 11, 4).
Сястра Нэрэуша Падзялінская CSFNЗа 25 гадоў манаскага жыцця я прыйшла да высновы, што прысутнасць сясцёр у грамадстве адыгрывае важную ролю. Побач з намі людзі розных сацыяльных слаёў адкрываюць патаемныя закуткі сваіх душ, дзеляцца сваімі праблемамі, просяць парады. Часам мы натхняем іх зрабіць рахунак сумлення і прааналізаваць сваё жыццё. Але не менш важны і той факт, што людзі, якіх Бог ставіць на шляху, у сваю чаргу, натхняюць нас на пошукі шляхоў самаразвіцця. Таму юбілей манаскага жыцця – гэта не падвядзенне вынікаў, а ўсяго толькі чарговая прыступка на шляху ўдасканалення і рэалізацыі свайго паклікання. А асабіста для мяне гэта яшчэ і добрая нагода, каб у чарговы раз падзякаваць бацькам, брату, бабулі, якія праявілі разуменне і прынялі маё рашэнне пайсці ў кляштар. На працягу ўсіх гэтых гадоў мае блізкія не толькі раздзялялі са мной радасныя моманты, але і дапамагалі ў цяжкія хвіліны, аказвалі малітоўную падтрымку, былі мне апорай.
Сястра Марыяна Алешчык CSFNГэта былі выключныя 25 гадоў майго жыцця, якія ніколі не паўторацца. Гады, напоўненыя энтузіязмам, радасцю, аптымізмам, закаханасцю ў Езуса. За гэты час Пан узмацняў мяне ласкай паклікання, выхоўваў, фарміраваў па-свойму. Бог пасылаў на мой шлях тысячы людзей, кожны з якіх па-свойму ўдзельнічаў у працэсе майго станаўлення. Я вельмі ўдзячна ўсім, каго сустрэла ў жыцці: святарам – за іх падтрымку, сёстрам з супольнасці – за любоў і разуменне, дзецям і моладзі, якіх я катэхізавала, – за тое, чаму навучылася ад іх.
    Усё, што я маю і магу даць іншым, кім з’яўляюся, усе дары і таленты, якімі валодаю, паходзяць ад Езуса. Хвала Пану, што пасля столькіх гадоў манаскага жыцця я надалей застаюся шчаслівай назарэтанкай!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.