ГРОДНА
Пятніца,
06 снежня
2024 года
 

Інвеставаць душэўныя накапленні на рахунак чалавецтва

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра душу, адкрытую на дабрачыннасць, супольнае дабро і ўклад кожнага ў развіццё грамадства. Даведаемся, якім павінен быць работнік Пана і навошта дзяліцца сабою з іншымі.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе” (Прып 11, 25)
   Фрагмент са Святога Пісання ўказвае на асаблівы Божы Провід у справах дабрачыннасці. Па меры развіцця шчодрасці дабрабыт чалавека павялічваецца. Сквапнасць жа, злучаная з абыякавасцю да патрэб бліжняга, вядзе да ненасытнасці і пастаяннага душэўнага голаду. Толькі аддаючы сябе, чалавек па-сапраўднаму становіцца шчаслівым.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб кожны ўносіў уклад у супольнае дабро і ў будову грамадства, якое ставіць у цэнтр чалавечую асобу
   Па задуме Стварыцеля чалавек прыходзіць у гэты свет з нейкай місіяй. І ў кожнага яна свая, непаўторная. Але акрамя таго, асобе трэба памятаць пра тое, што яна існуе ў грамадстве, і павінна клапаціцца пра яго супольнае дабро. У бягучым месяцы папа Францішак заклікае ўсіх католікаў свету маліцца за дабрадзейны ўклад людзей у развіццё грамадства, у якім на першым месцы знаходзіцца чалавечае жыццё.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    супольнае дабро
   А ці задумваліся мы калі-небудзь над тым, што кожнага дня карыстаемся супольным дабром? Вось, напрыклад: ідзем увечары па асветленай вуліцы або бяспечна пераходзім дарогу на зялёны колер светлафора, пры неабходнасці звяртаемся да ўрача ці ў бібліятэку. І тут варта задаць сабе другое пытанне: які ўклад я зрабіў у супольнае дабро? Ці ашчадна стаўлюся да таго, чым магу свабодна карыстацца?
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    унесці ўклад у развіццё грамадства
   Чалавек можа ўдзельнічаць у развіцці грамадства як работнік, сем’янін або нават як прахожы на вуліцы. Прагрэс палягае на стваральнай сіле, якую чалавеку неабходна прыкласці. Матывацыяй можа выступаць жаданне зрабіць гэты свет лепшым. Таму часам нашмат больш робіць для грамадства прахожы праз свой прыклад дапамогі нямогламу, чым работнік, які з дня ў дзень заняты адной і той жа працай.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    інвеставаць душэўныя накапленні на рахунак чалавецтва
   Усё жыццё душа чалавека ўдасканальваецца. Яна жывіцца ўражаннямі, пачуццямі, вопытам і да т. п. Такім чынам, у любога за душой маецца запас чагосьці светлага, чым можна падзяліцца з іншымі. Дабро не павінна спыняцца, але працягвацца і перадавацца далей. Падобных “накапленняў” патрабуе кожны. А калі інвеставаць іх у чалавецтва, душа абавязкова атрымае прыбытак у выглядзе Божай узнагароды.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Характар работніка Пана”, Вочман Ні
   Карыснасць хрысціянскага работніка шмат у чым залежыць ад складу характару. Паколькі якасці, што вызначаюць паводзіны чалавека, па натуры гібкія, каэфіцыент карыснага дзеяння можна павялічыць пры ўмове працы над сабой.
    У кнізе аўтар разглядае рысы характару, якія маюць ключавое значэнне ў жыцці хрысціяніна. Сярод іх прыяз- насць да людзей, уменне слухаць, гатоўнасць да ахвяры, руплівасць і стрыманасць. Вочман Ні таксама разбірае і іншыя цікавыя тэмы, у тым ліку суб’ектыўнасць і стаўленне да грошай.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Дай мне, Божа”, Ліза Лукашына
   “Дай мне, Божа, паўстаць прад Табою... з крыштальна чыстаю душою”, – пачынае са слоў выканаўца. “І служыць Табе не з карысці, не з выгады, не з зайздрасці, але па добраму закліку сумлення, дзеля праўды, дзеля дабра”.
    Музычны твор здольны натхніць на сардэчныя справы, каб не зведаць “духоўнай нястачы”, “каб дні не пражыць у бестурботнасці”.

АСОБА МЕСЯЦА:

    святая Разалія
   Нарадзілася ў 1130 годзе паблізу Палерма (Сіцылія). Паходзіць з багатай і высакароднай нарманскай сям’і. Бацька быў адным з прамых нашчадкаў Карла Вялікага. Існуе легенда, што яе маці перад родамі атрымала павучэнне з неба, каб назваць дачку Разаліяй (ружа і лілія), паколькі яна будзе аздобай вострава. Бацькі хацелі выдаць дзяўчыну замуж, але яна, адмовіўшыся ад радасцей свету, уцякла з дома і пасялілася як пустэльніца ў адной са шматлікіх пячор на востраве. З гэтага часу яна вяла пакаяннае жыццё, поўнае малітвы. Памерла ва ўзросце 35-ці гадоў.
    У 1624 годзе былі знойдзены рэліквіі Разаліі, разам з якімі знаходзілася картачка з надпісам: “Я, Разалія Сінібалдзі, дачка Божая, пастанавіла для любові Хрыста тут пасяліцца”. Традыцыя перадае, што з гэтага моманту адступіла эпідэмія чумы, якая панавала сярод жыхароў Палерма. Над пячорай, дзе былі знойдзены яе парэшткі, збудаваны санктуарый. Штогод туды накіроўваюцца шматлікія пілігрымкі.
    Да ліку святых Разалію прылічыў папа Урбан VIII у 1630 годзе. У каталіцкім Касцёле яна ўшаноўваецца як заступніца пры розных няшчасцях і хваробах. Успамін святой у літургічным календары – 4 верасня.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў верасні?
  Св. Браніслава (1 верасня),
    св. Разалія (4 верасня),
    св. Пётр (9 верасня),
    св. Ян (11 верасня),
    св. Людміла (16 верасня),
    св. Станіслаў (18 верасня),
    св. Францішак (20 верасня),
    св. Тэкля (23 верасня),
    св. Герман (24 верасня),
    св. Тэрэза (26 верасня),
    св. Міхал (29 верасня).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  26

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.