ГРОДНА
Серада,
04 снежня
2024 года
 

Калядныя звычаі ў розных краінах

З жыцця Касцёла

Традыцыя святкавання Божага Нараджэння глыбока паважаная ва ўсім свеце. Аднак у кожнай мясцовасці існуюць адметныя абрады і звычаі. У Беларусі гэта спатканне з сям’ёй пры вігілійным стале, дзе абавязковы аплатка і 12 страў, узаемныя віншаванні, супольны спеў калядак, а апоўначы – удзел у св. Імшы Пастэрцы. А як Божае Нараджэнне адзначаецца ў іншых краінах?
Ціхая ноч
    У Аўстрыі на Вігілію з акон гучыць званочак. Гэта азначае, што распачынаецца святочная вячэра. На стале прысутнічаюць розныя стравы: карп, печаная качка. Самая папулярная – звычайнае цеста з малака, мукі, солі, масла і мёду. Па традыцыі ў невялікіх цірольскіх мястэчках жыхары збіраюцца на рыначнай плошчы і спяваюць калядкі. Гэта менавіта ў Аўстрыі, у маленькай вёсцы Оберндорф, амаль 200 гадоў таму на свет з’явілася адна з найпрыгажэйшых калядак – “Ціхая ноч, святая ноч”.

    Кавалак пня на стале
    Святочная атмасфера ў Бельгіі пануе ўжо з лістапада, калі на гарадскіх плошчах ставіцца шопка і елка. На Божае Нараджэнне мясцовыя жыхары гатуюць урачысты сняданак. На стале можна знайсці як вустрыцы і амараў, так і індычку, а таксама бабу з крэмам мока. Галоўнай стравай лічыцца дзічына ў слівавым соусе і сарбет. На дэсерт бельгійцы падаюць паліты шакаладам пірог у форме пня.
   
    Калядны парад
    У Люксембургу святочны перыяд распачынаецца ў першую нядзелю снежня маштабным парадам, які накіроўваецца да гарадской ратушы. У ім прымаюць удзел “Kleeschen” (святы Мікалай) i “Houseker” (Чорны Пятрусь). Усім сустрэчным дзецям яны раздаюць слодычы. Прэзенты пад елку па павер’і прыносіць Дзіцятка Езус. Распакоўваюць іх толькі ў Дзень падарункаў (25 снежня). У першы дзень свят на стол падаецца Чорны пудынг, смажонка з зайца ці дзічына, часам індычка. Мясцовым дэлікатэсам з’яўляецца кекс Штолен.
   
  Падчас Вялікага каляднага парада ў Люксембургу  Барада святога Мікалая
    На Мальце існуе звычай ставіць дома батлейку і аздабляць яе ліхтарыкамі.
    Апрача традыцыйных постацей у шопцы знаходзяцца пастухі, вулічныя музыканты, селянін, які корміць жывёлу, жанчына з торбачкай мукі і мужчыны, адзін з якіх спіць, а другі – ляжыць на даху стаенкі і глядзіць на Дзіцятка Езус.
    Старадаўняй традыцыяй з’яўляецца высейванне зярнят на баваўнянай тканіне. Прарослыя ў цемры парасткі прыгадваюць белую бараду святога Мікалая. Іх змяшчаюць вакол шопкі як аздабленне.
   
    Халва замест аплаткі
    У вігілійны вечар у Іспаніі мясцовыя жыхары замест аплаткі дзеляцца халвой. Затым выходзяць на вуліцы, асветленыя тысячамі рознакаляровых лямпачак, спяваюць калядкі і танцуюць, бавячыся да самай раніцы. Галоўнай каляднай стравай з’яўляецца печаная рыба і торт Трох Каралёў, у якім запякаюцца невялікія падарункі.
   
    Танцы вакол елкі
    Святочны перыяд у Швецыі працягваецца ад першай нядзелі Адвэнту ажно да 13 студзеня. Традыцыйная страва – размочаная сушоная рыба. Пасля яе падаецца заліўное са свініны, квашаніна і хлеб, а на дэсерт – пернікі. Добрай традыцыяй з’яўляецца наведванне самотных людзей. Шведы не спяваюць калядак, а танцуюць вакол елкі. Тут Пастэрка – ранішняя Імша ў першы дзень свят.
   
    “Шчаслівы” міндаль
    У Даніі важным святочным элементам з’яўляецца свечка-каляндар, якая адмервае час і робіць чаканне Божага Нараджэння прыемным і цікавым для дзяцей. Вігілія адзначаецца пры сямейным стале, на якім абавязкова павінен быць традыцыйны дэсерт са схаваным у ім міндалем. Той, каму пападзецца гарэх, атрымлівае так званы “міндальны” прэзент. Перад тым, як распакоўваць святочныя падарункі, датчане бяруцца за рукі, спяваюць калядкі і танцуюць вакол елкі.
   
    Хлеб для патрабуючых
    У некаторых сем’ях у Францыі захаваўся звычай дзяліцца хлебам. Згодна традыцыі на свята выпякаецца 13 хлябоў. Адзін з іх – большы – сімвалізуе Езуса, астатнія – посталаў. Хлябы ўпрыгожваюць застолле, а пазней іх раздаюць бедным і патрабуючым. У Вігілію дзеці пакідаюць свае чаравікі каля каміна, верачы, што святы Мікалай напоўніць іх падарункамі.
    У Францыі елка аздабляе дом толькі адзін дзень.
   
    Раство на пляжы
    У Аўстраліі з-за клімату свята Божага Нараджэння праходзіць... на пляжах. Мясцовыя жыхары рассцілаюць на зямлі снежнабелыя абрусы, на якія выкладваюць печанага індыка, маленькія пірожныя незвычайнай формы з разынкамі, сухафруктамі і гарэхамі, фруктовыя пудынгі і торт. У гэты дзень аўстралійскія пляжы прыгадваюць адзін вялікі святочны стол.
   
Свята Божага Нараджэння з’яўляецца адным з найбольш вядомых і любімых ва ўсім свеце, хоць у розных краінах і адзначаецца па-свойму. Нованароджаны Пан і Збаўца аб’ядноўвае людзей розных рас, моў і культурных традыцый, напаўняючы сэрцы хрысціян любоўю і ласкай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.