ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Дзень нараджэння рубрыкі

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
   Вітаю чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні”. Запрашаю адсвяткаваць 6-ты Дзень нараджэння моладзевай пляцоўкі ў газеце “Слова Жыцця”.
Звычайна ў такі ўрачысты дзень прынята ўспамінаць пражытыя гады. Давайце ўзгадаем, з чаго ўсё пачыналася... У лютым 2011 года быў апублікаваны першы нумар рубрыкі, які блаславіў на выданне галоўны рэдактар кс. Павел Салабуда. Менавіта ён стаў хросным бацькам моладзевай пляцоўкі, дзе мы штомесячна збіраліся для разважанняў над выбранай тэмай.
    Невыпадкова была выбрана назва рубрыкі. Скрыжаванне нагадвае раздарожжа, на якім чалавек спыняецца, каб вырашыць, у якім накірунку рухацца далей. На такім раздарожжы кожны з нас апынаецца штодня, калі задумваецца, як адказаць бліжняму, ці здзейсніць пэўны ўчынак і г. д. У той жа час крыж з’яўляецца сімвалам перамогі дабра над злом, знакам Уваскрослага Хрыста.
Таму “На скрыжаванні” – гэта своеасаблівая гарантыя паспяховых духоўных пошукаў. Толькі асаблівасць знаходжання на моладзе- вай пляцоўцы не ў тым, што чытачы шукаюць адказы на нейкія канкрэтныя пытанні, але імкнуцца задаваць сабе іх самі. І чым больш, тым лепш.
    За ўвесь час на старонках газеты было апублікавана 66 нумароў рубрыкі. Разам мы шукалі свае слабыя месцы і выклікалі спакусу на дуэль, “уключалі” рэцэптары патрэбы і адкрывалі вочы на незаўважнае. Спрабавалі размаўляць на “добрай” мове, не давалі пылу асядаць на праблемах. Імкнуліся адпачыць з карысцю і пусціць у жыццё вецер змен. Спадзяюся, сумна не было. З кожным крокам мы набліжаліся да духоўнага ідэалу. Дасягнуць яго, вядома, немагчыма, а вось наблізіцца – у самы раз.
    Сумеснымі намаганнямі моладзевая пляцоўка ўдасканальвалася. Без адказу не застаўся ніводзін ліст з прапановамі. Менавіта дзякуючы Вашым рэкамендацыям з’явіліся такія падраздзелы, як “інтэнцыя” і “заступнікі”. Вы былі тымі натхняльнікамі, якія прымушалі рухацца наперад.
    Сёння разам перасякаем фінішную прамую. Але духоўная дыстанцыя працягласцю 6 гадоў становіцца, хутчэй, стартам для далейшых пошукаў. Жадаю кожнаму з Вас час ад часу задумвацца над тым, што за абалонкай рэчаў. Той, хто сумняваецца і разважае, ужо на крок бліжэй да ісціны. Шчыры дзякуй усім, хто быў побач!
   
Юлія Міхалевіч, бібліятэкарСучасны малады чалавек часта апынаецца на скрыжаванні. І, як правіла, мае патрэбу ў падказках, каб не заблукаць у жыцці. На працягу некалькіх гадоў рубрыка “На скрыжаванні” паказвала чытачам правільны кірунак. Праз яе кожны месяц набываў нейкі новы ў духоўным вымярэнні сэнс. Прапанаваўся прадмет разважанняў, а таксама справа, рэалізаваўшы якую можна было ўзмацніцца ў веры. Звычайна на кніжнай паліцы з’яўляліся новыя кнігі. У тэлефоне гучалі песні з добрым зместам... Ад імя ўсіх чытачоў дзякую аўтару рубрыкі, нашаму нязменнаму павадыру. Яго словы заўсёды краналі душу і прымушалі глыбока задумацца над сутнасцю рэчаў.
   
Кл. Аляксандр Жолік, навучэнец Гродзенскай ВДСМне падабаецца, што на моладзевай пляцоўцы інфармацыя духоўнага характару выкладаецца коратка і ясна. Зараз маладыя людзі шмат часу праводзяць у інтэрнэце, дзе прывыклі да фрагментарнага ўспрымання. Таму гэтая форма даволі зручная. Напачатку месяца кожны мог зрабіць сваім мота ўрывак са Святога Пісання, які, у сваю чаргу, задаваў тон і накірунак наступным падраздзелам рубрыкі. Аўтар заахвочваў маліцца ў адной інтэнцыі з Папам Рымскім, слухаць і чытаць штосьці хрысціянскае. Усё гэта было наглядным сведчаннем, што вера не абмяжоўваецца Касцёлам – яна можа і павінна пранікаць у паўсядзённае жыццё чалавека.
   
Марта Зайко, студэнткаВыпускі рубрыкі хочацца чытаць зноў і зноў. Пераглядаць, асэнсоўваць, рабіць высновы. Часам нейкі выраз перамяняе думкі і нават усё жыццё. Найбольш мне спадабаўся выпуск “Расфарбоўваем жыццё ў святочныя колеры!”. У ім ёсць такія словы Пана: “Калі хто хоча ісці за мною, (...) няхай возьме свой крыж” (Лк 9, 23). Як мне здаецца, крыж – гэта ключ да распазнання Бога праз людзей, падзеі, абставіны... Ад яго цяжару часам чалавек падае. Але вельмі важна падымацца і крочыць наперад, нягледзячы ні на што і ні на каго... Цешыць, што, калі хочаш перамяніцца, знаходзіш у рубрыцы канкрэтныя парады, як гэта ажыццявіць.
   
С. Вера Кучук CSCII, катэхеткаПрацуючы са старэйшай моладдзю, я выкарыстоўвала ўпадабаныя падраздзелы для катэхезы. Мне вельмі хацелася прывучыць маладых людзей чытаць штосьці духоўнага плану, развіваць сваю веру. Часта задавала ім дамашнія заданні, каб паглядзелі пэўныя артыкулы са “Слова Жыцця”, у тым ліку і рубрыку “На скрыжаванні”. Маю надзею, што зараз выхаванцы мяне не падводзяць і цікавяцца тым, што можа ўзмацніць іх маральна і духоўна.
   
Кс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар газеты “Каталіцкі веснік”Евангелізацыя моладзі – вельмі патрэбная і важная справа. Рубрыка “На скрыжаванні” – добрае таму пацвярджэнне. Займальная, цікавая. Але не сакрэт, што зараз маладыя людзі (за рэдкім выключэннем) слаба чытаюць папяровыя выданні. Таму жадаю журналістам “Слова Жыцця” свае таленты і досвед даверыць лічбаваму носьбіту. Каб дастукацца да маладых сэрцаў, напэўна, варта выкарыстоўваць мабільныя дадаткі, інтэрнэт-рэсурсы, відэаканалы і г. д. А чытачоў заахвочваю годна сведчыць аб сваёй веры, пачынаючы з простых жэстаў: жывой размовы, поціску далоні або шчырага позірку ў вочы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.