ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Звычаі Вялікага тыдня ў розных краінах

Хрысціянскія традыцыі

Для больш за 2-ух мільярдаў хрысціян у Пальмовую нядзелю распачынаецца Вялікі тыдзень. З гэтым кульмінацыйным прамежкам літургічнага перыяду ў розных частках свету звязаны разнастайныя традыцыі.
Іспанія
    Вялікая пятніца – галоўны дзень адзначэння Вялікага тыдня. У Севільі ўжо папоўначы на вуліцы выходзяць найважнейшыя працэсіі: Езуса Усемагутнага, Маці Божай Надзеі і Маці Божай з базілікі Макарэна. На досвітку яны вяртаюцца ў касцёлы і капліцы, каб саступіць месца чарговым паходам. Там функцыянуе 52 архібрацтва, кожнае з якіх перасякае горад у асобнай працэсіі. Разам яны маюць каля ста “pasos”, г. зн. сцэн Мукі Пана.
    У Арагоніі смерць Езуса абвяшчае традыцыйны бой сотняў барабанаў. У некаторых гарадах, напрыклад, у Кардобе, паляць т. зв. “іудаў” – лялькі, якія сімвалізуюць Апостала, што выдаў Хрыста.

    Бразілія
   Іспанія У залежнасці ад рэгіёна ўрачыстыя працэсіі адбываюцца з Вялікага аўторка па Вялікую пятніцу. Звычайна мужчыны выходзяць з аднаго касцёла пэўнай мясцовасці і нясуць фігуру Езуса з крыжом, а жанчыны – з іншага, скіроўваючыся за фігурай Маці Божай Балеснай. У вызначаным месцы – часта на галоўнай плошчы горада – адбываецца “балючая сустрэча Маці з Сынам”. Там святар прамаўляе гамілію. Пасля казання вернікі аб’ядноўваюцца ў супольную працэсію з 2-ма фігурамі, і распачынаецца набажэнства Крыжовага шляху.
    З 1992 года ў Вялікую пятніцу пакутныя сцэны прадстаўляе ў найбуйнейшай бразільскай фавэле (трушчобе) Расінья ў Рыа-дэ-Жанейра тэатральная група “Roca Cacacultura”. Бадай што самая вядомая інсцэніроўка, якую выстаўляюць ужо больш за 40 гадоў, дэманструецца ў горадзе Новы Іерусалім.
    У ёй прымаюць удзел каля 500 акцёраў, у тым ліку вядомыя дзеячы грамадскага жыцця. У мінулыя гады ролю Марыі Магдалены выконвала “Міс Бразілія” Наталля Гімарайнш. Усё відовішча дзеліцца на 9 сцэн, размешчаных у розных месцах горада. Гледачы вандруюць разам з акцёрамі. Агулам у містэрыі задзейнічана некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
   
    Філіпіны
Іспанія    У вёсцы Кутуд, якая знаходзіцца ў 80-ці кіламетрах на поўнач ад сталіцы Філіпінаў, існуе традыцыя дабравольнага ўкрыжавання ў Вялікую пятніцу. Звычайна распінаюць некалькіх чалавек. За пару гадзін перад прыбіваннем да крыжоў напаўраздзетыя ахвотнікі, на якіх накінуты капюшоны, бічуюцца бамбукавымі дубцамі і палкамі з усаджанымі ў іх кавалкамі шкла. Нягледзячы на жахлівасць усяго, што адбываецца, атмасфера пануе святочная – прадаюць піва, марожанае і нават сувенірныя бічы. Знакамітыя госці могуць назіраць за ўкрыжаваннем са спецыяльных глядзельных месцаў.
    З 1960-х гадоў містэрыя ў Кутуд стала турыстычнай славутасцю, шырока асвятляемай СМІ. Укрыжаванні пачалі арганізоўваць таксама ў іншых частках Філіпінаў. Каталіцкі Касцёл, да якога належыць каля 80% з амаль што 90 мільёнаў жыхароў гэтай краіны, крытыкуе такую крывавую традыцыю як скажэнне веры.
   
    Англія
    У Вялікую пятніцу ў некалькіх гарадах, у тым ліку і ў Лондане на Трафальгарскай плошчы, выстаўляюцца прадстаўленні Мукі Пана, дзе-нідзе, напрыклад, у Ёрку, нават цэлыя іх цыклы. Гэтую сярэднявечную традыцыю ўваскрасілі ў ХХ стагоддзі пасля доўгага перапынку, звязанага з Рэфармацыяй, калі былі забаронены ўсе формы тэатру. З ХІХ стагоддзя англіканская літургія з Вялікай пятніцы таксама паступова вяртаецца да дарэфармацыйнай традыцыі. Зноў пачалі арганізоўвацца працэсіі Крыжовага шляху. Падчас такой працэсіі ў мінулым годзе цяжкі крыж нёс арцыбіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.
   
    Чэхія
    Толькі адзін дзень у апошнім тыдні перад Вялікаднем называюць “вялікім” – пятніцу. Астатнія дні акрэслены колерамі. Так серада называецца “чорнай”, чацвер – “зялёным”, а субота – “белай”.
    Папулярнай традыцыяй у час Вялікага тыдня з’яўляецца арганізаванне святочных ярмарак, дзе можна купіць драўляныя фігуркі, фарбаваныя яйкі, цукеркі і нават “памлазкі” – сплеценыя з вербавых галінак розгі. Імі ў Велікодны панядзелак хлопцы хвошчуць дзяўчат, атрымліваючы ўзамен пісанкі ці ласункі.
   
    Швецыя
    Дні Вялікага тыдня звязаны з цэлым шэрагам забабонаў. Напрыклад, у Вялікі чацвер пануе звычай пераапранацца ў “велікодных ведзьмаў”. Звычайна гэта робяць дзяўчынкі ва ўзросце 5–11 гадоў.
    Яны ходзяць па дамах і ўзамен за святочныя паштоўкі ды віншаванні просяць укінуць у іх кошычак слодычы ці сімвалічную суму грошай. Гэтая традыцыя пайшла з вераванняў у тое, што на востраве Блакула адбываліся злёты ведзьмаў, якія, будучы паслухмянымі д’яблу, вербавалі сваіх наступніц і загадвалі ім непрыкметна пракрадвацца ў людскія ўладанні.
    Вялікая субота з’яўляецца найважнейшым днём святочнага перыяду. Папоўдні спажываецца вытанчаны абед, які складаецца, перш за ўсё, з яек і рыбы. Дзеці ж вельмі цешацца, таму што менавіта ў гэты дзень велікодны заяц прыносіць ім вялікае святочнае яйка, у якім знаходзіцца шмат цукерак.
   
    Грэцыя
    У Вялікі тыдзень абавязвае сціслы пост, калі забаронена спажываць мяса і малочныя прадукты. Аўторак прысвечаны малітве і чытанню Бібліі. У многіх дамах выпякаецца адмысловае пячэнне “кулуракія”. У сераду грэкі звычайна прыбіраюць свае кватэры, а вечарам ідуць у касцёл. Вялікі чацвер прызначаны для фарбавання яек і аздаблення ў святынях грабніцы Хрыста гірляндамі, якія называюць “epitaphios”. Вялікая пятніца – дзень жалобы. Забаронена выконваць любую працу і спажываць салодкае. Традыцыйнай стравай з’яўляецца суп з кунжутнай пасты і цыбулі з дадаткам воцату. На наступны дзень грэкі пачынаюць гатаваць святочныя стравы. Перад 12-ай гадзінай ночы прымаюць удзел у св. Імшы, падчас якой святар пры дапамозе свечкі ўдзяляе святы агонь аднаму з вернікаў, які перадае яго далей. Калі прабівае поўнач, сабраныя цалуюць адзін аднаго ў шчокі і віншуюць словамі “Christo Anesti!”, што значыць “Хрыстос Уваскрос!”. Запаленыя свечкі забіраюць дадому.
   
    Святая Зямля
Святая Зямля, Гроб Пана    У дні Вялікага тыдня адбываюцца ўрачыстыя св. Імшы ў базіліцы Гробу Пана, якая на гэты час становіцца найважнейшым хрысціянскім цэнтрам у Святой Зямлі. Літургія цэлебруецца ў панядзелак, аўторак і сераду. У аўторак таксама адпраўляецца Эўхарыстыя са спевам Мукі Пана Езуса ў кляштары Бічавання, дзе, згодна з мясцовай традыцыяй, прадстаўлены 2 першыя стацыі Крыжовага шляху – іерусалімскай Віа Далароза. У сераду адбываецца св. Імша ў Гефсіманіі, садзе Аліўным – базіліка Канання. У гэты дзень у базіліцы Гробу Пана можна ўшанаваць важную рэліквію Мукі Хрыста – калону бічавання, якая знаходзіцца ў капліцы Найсвяцейшага Сакраманту.
    Па-асабліваму адзначаюцца ўрачыстасці Пасхальнага Трыдууму. У Вялікі чацвер пілігрымы збіраюцца а 7-ай гадзіне ў базіліцы Гробу Пана, дзе цэлебруецца св. Імша пад кіраўніцтвам патрыярха Іерусаліма. Згодна з традыцыяй ён абмывае ногі клерыкам. Вечарам пілігрымы накіроўваюцца ў базіліку ў садзе Аліўным, у Гефсіманіі, дзе а 21-ай распачынаецца святая гадзіна, калі разважаецца Мука Пана. Адтуль пазней вырушвае працэсія з лампадамі да палаца Каіафа, дзе Езус быў асуджаны перад Вярхоўным Саветам. Там таксама, успамінаючы Езуса, які стаяў перад Сінедрыёнам і быў пасаджаны ў турму ноччу з чацвярга на пятніцу, пілігрымы могуць у цішыні трываць на чуванні.
    У Вялікую пятніцу базіліка Гробу Пана закрыта для наведвальнікаў. Яе адчыняюць толькі на літургію Мукі Пана, якая адбываецца ў 8.00 на Кальварыі, у месцы ўкрыжавання. У 11.30 выходзіць Крыжовы шлях вуліцамі Іерусаліма. Яго праводзяць айцы францысканцы. Тысячы людзей з розных краін ідуць праз Віа Далароза на Галгофу, перажываючы стацыі Хрыстовай Мукі.
    У Іерусаліме ў Вялікую пятніцу існуе літургічная традыцыя, якой няма больш нідзе ў свеце. Калі сцямнела, вернікі збіраюцца ў базіліцы Гробу Пана, дзе адбываецца т. зв. пахавальная працэсія Езуса, якую ўзначальвае францысканскі кусташ Святой Зямлі. Спачатку знятую з крыжа фігуру Хрыста сімвалічна намашчваюць алеямі, згодна з традыцыяй намашчэння цела Езуса, а затым пераносяць і кладуць у грабніцу, якая знаходзіцца ў гэтай святыні.
    У Вялікую суботу ў сувязі з неабходнасцю дзялення гaдзін цэлебрацыі паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі каталіцкая Пасхальная вігілія адбываецца раніцай – ужо ў 7.30. Распачынаецца традыцыйна з распальвання агню перад базілікай Гробу Пана. Галоўнае святкаванне ў Іерусаліме вельмі красамоўнае, таму што адбываецца літаральна перад магілай Езуса, з якой Ён уваскрос. На працягу дня святыня, якая з’яўляецца адным з найсвяцейшых месцаў на зямлі, застаецца адкрытай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.