ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Некалькі поглядаў на Эўхарыстыю

На шляху да святасці

Эўхарыстыя з’яўляецца багатым і складаным паняццем. Чалавек нязграбна набліжаецца да вялікай таямніцы веры, а яго пазнанне абмежавана пачуццямі. Мы – людзі эпохі інтэрнэту, заваявання космасу, прагрэсу ведаў і моцы тэхнікі – павінны пакорна прыняць яе і прасіць Бога аб дары веры, каб пазнаць вялікія справы Эўхарыстыі, якія перарастаюць нас саміх.
Святая Камунія
    “Камунія” з лацінскай мовы перакладаецца як “з’яднанне” (чалавека з Богам).
    На працягу вякоў Касцёл працягвае верыць, што падчас Эўхарыстыі Бог цудоўным чынам моцай Святога Духа перамяняе прынесеныя на алтар дары ў Цела і Кроў свайго Сына. Трыдэнцкі сабор адкрыта і проста вызнае, што “ў паважаным сакраманце святой Эўхарыстыі пасля кансэкрацыі хлеба і віна пад выглядам гэтых бачных рэчаў праўдзіва, субстанцыяльна знаходзіцца Пан наш Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і чалавек”. Гэта значыць не сімвалічна, а канкрэтна “вось тут”.
Цяжка зразумець тое нязвыклае перамяненне, няўлоўнае для чалавечага вока: на алтары надалей знаходзяцца Гостыя і напоўнены віном келіх. Гэтая Таямніца турбавала хрысціян спрадвеку. Калі спрабавалі зразумець і любой цаной даказаць сапраўдную прысутнасць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, калі не маглі згадзіцца на тое, каб яна засталася таямніцай, выдумвалі розныя ерасі, сумняваліся ў гэтай праўдзе ці адмаўлялі яе. У адказ на гэта ў ХІІ–ХІІІ стагоддзях у Касцёле шырока распаўсюдзілася эўхарыстычная набожнасць. Сталі папулярнымі разнастайныя формы культу Езуса Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакраманце. Гэта было вынікам глыбейшага зразумення таго, чым з’яўляецца Эўхарыстыя, а менавіта, што ў выніку транссубстанцыяцыі хлеб і віно становяцца ў ёй сапраўдным Целам і Кроўю Езуса Хрыста, а праз гэта Бог-Чалавек на самой справе прысутнічае сярод свайго люду.
    Св. Тамаш Аквінскі падкрэслівае, што Эўхарыстыя заключае ў сабе “ўсё духоўнае багацце Касцёла” і таму з’яўляецца “мэтай усіх сакрамантаў”. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць тую ж праўду: “Эўхарыстыя – гэта крыніца і адначасова вяршыня хрысціянскага жыцця. Іншыя сакраманты звязаны са святой Эўхарыстыяй і скіроўваюцца да яе. У Найсвяцейшай Эўхарыстыі заключаны ўвесь духоўны скарб Касцёла” (ККК, 1324).
   
    Эўхарыстычныя цуды
    З 750 года задакументаваны 132 эўхарыстычныя цуды. Першым з іх лічыцца падзея, якая адбылася на пачатку VIII стагоддзя ў Ланчана (Італія). Гэта здарылася ў кляштары св. Лонгіна падчас св. Імшы, калі пэўны святар, які часта сумняваўся ў пераісточанні, скончыў прамаўляць словы кансэкрацыі. Гостыя ў яго далонях перамянілася ў фрагмент цела, а віно ў келіху – у кроў.
   
“Эўхарыстыя знаходзіцца ля вытокаў усіх форм святасці. Колькі святых зрабілі сапраўдным сваё жыццё дзякуючы эўхарыстычнай набожнасці! Цэнтр святасці заўсёды знаходзіўся ў сакраманце св. Камуніі. Таму абязкова трэба, каб у Касцёле падтрымлівалася вера ў гэтую найсвяцейшую таямніцу, каб яе набожна здзяйснялі і каб яна інтэнсіўна перажывалася. Цэлебрацыя і адарацыя Эўхарыстыі дазваляе наблізіцца да Божай любові і далучыцца да яе асабіста, ажно да з’яднання з умілаваным Панам”.
   
    Святы Айцец Бенедыкт XVI

  Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамант, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста!  Адным з апошніх эўхарыстычных цудаў лічыцца падзея, якая адбылася ў 1996 годзе. Кс. Алехандра Пезэт адпраўляў св. Імшу ў святыні, што знаходзіцца ў гандлёвым раёне Буэнас-Айрэса (Аргенціна). Калі ўжо заканчваў удзяляць св. Камунію, да яго пады- шла жанчына і паведаміла, што ў канцы касцёла на падсвечніку ляжыць Гостыя. Ксёндз пайшоў туды і ўбачыў яе, апаганеную. Гостыя была так забруджана, што святар не мог яе ўжыць, таму паклаў у пасудзіну з вадой і паставіў у табернакль у капліцы Найсвяцейшага Сакраманту. Калі праз некалькі дзён адкрыў табернакль, са здзіўленнем заўважыў, што Гостыя перамянілася ў крывавае рэчыва. І праз столькі гадоў яна не дэградзіруе.
   
    Божае Цела
    Нагодай для ўстанаўлення свята Божага Цела былі аб’яўленні бл. Юліяны Льежскай, ігуменні аўгустынак з кляштара Монт Карніліён (Бельгія). Манахіня шматразова мела бачанне ззяючага шчыта, падобнага на месяц, з цёмнай плямай. Гэта было расцэнена як знак адсутнасці ў літургічным календары спецыяльнага дня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сакраманту. У 1246 годзе пад уплывам аб’яўленняў тагачасны біскуп дыяцэзіі Льеж устанавіў такое свята для лакальнага Касцёла. У наступныя гады яно стала папулярным у суседніх дыяцэзіях. У 1264 годзе папа Урбан IV, які раней быў архідыяканам катэдры ў Льежы, устанавіў свята Божага Цела для Паўсюднага Касцёла. У 1391 годзе папа Баніфацый IX загадаў святкаваць урачыстасць усюды, дзе дагэтуль яна не практыкавалася.
   
    Эўхарыстычныя кангрэсы
    Ідэя міжнародных сустрэч, прысвечаных эўхарыстычнаму культу, нарадзілася ў Заходняй Еўропе ў сярэдзіне 70-х гадоў XIX стагоддзя. Іх мэта заключалася не толькі ў ажыўленні і пашырэнні набажэнства да Хрыста ў Эўхарыстыі, але таксама ў супрацьстаянні секулярызацыйным тэндэнцыям з выразна антыкасцёльным і нават антырэлігійным стаўленнем. Асаблівую зацікаўле- насць гэтымі пытаннямі выказвалі асяроддзі свецкіх асоб у Францыі. У мінулым годзе Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс праходзіў у Гродне.
   
    Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту
    Пад адарацыяй мы разумеем пашану, якую складаем Пану Езусу, прысутнаму пад відам эўхарыстычнага Хлеба. Звычайнай формай адарацыі з’яўляецца прыкленчванне перад прыняццем св. Камуніі і падчас праходжання перад табернаклем, схіленне каленяў на Узнясенне і падчас прыватнай малітвы. Урачыстай формай адарацыі з’яўляецца выстаўленне Цела Хрыста ў манстранцыі і цырымоніі, якія гэтаму спадарожнічаюць. Асаблівыя формы адарацыі – 40-гадзіннае набажэнства і т. зв. вечная адарацыя, калі эўхарыстычны Хлеб выстаўлены пастаянна, і яго нястомна адаруюць.
  Першая св. Камунія з’яўляецца вялікай і важнай падзеяй у жыцці кожнага верніка  Часам людзям здаецца, што падчас малітвы перад Панам Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце неабходна ўвесь час штосьці гаварыць, маліцца чарговай літаніяй ці на ружанцы. Але на самой справе адараваць – значыць трываць перад Богам без лішніх слоў, без нейкай актыўнасці са свайго боку. Адарацыя не палягае ні на дыялогу, ні на маналогу, паколькі з’яўляецца такім станам, у якім чалавек “выключаецца” з рэжыму камунікацыі і канцэнтруецца на самім трыванні перад Панам Богам. Так, як Марыя, якая, па словах Езуса, выбрала “найлепшую частку”. Мы прывыклі, што, каб нешта зарабіць, трэба выканаць працу. Адсюль і безупыннае прамаўленне розных малітваў. Аднак забываемся, што Божая ласка бескарыслівая і бясплатная. Гаворка аб тым, каб быць як малое дзіця, прыведзенае ў святыню кімсьці з сям’і. Яго ахінае ласка і Божая міласэрнасць, але ж яно нічога для гэтага не робіць.
   
    Бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам
    Бласлаўленне ўдзяляецца святаром ці дыяканам пасля выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту і на заканчэнне эўхарыстычнай працэсіі. Цэлебрант крэсліць манстранцыяй знак крыжа над вернікамі, якія ў гэты час стаяць на каленях. Бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам адрозніваецца ад іншых тым, што бласлаўляюць Эўхарыстыяй, гэта значыць сапраўды прысутным сярод вернікаў Хрыстом.
    Мы ўсе закліканы наладжваць сувязі з Богам. Мэта Эўхарыстыі – перамяніць нас, каб сталі, як Хрыстос. Збаўца чакае кожнага з усім багаццем сваёй ласкі. Ігнараваць і губляць гэтую магчымасць было б непрыстойным з нашага боку, так, быццам будучы запрошанымі на вячэру, мы выйшлі з яе галоднымі, бо нічога не пакаштавалі. Мэта нашага жыцця – з’яднанне з Богам. А Эўхарыстыя дае нам адчуванне смаку Неба ўжо тут, на зямлі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.