ГРОДНА
Серада,
04 снежня
2024 года
 

Змагаемся са спакусамі, каб лепш пазнаваць, любіць і пераймаць Езуса

Інтэрв'ю

У чэрвені ў доме сясцёр назарэтанак у Навагрудку ў 3-ці раз адбыліся духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлы: у маўчанні, са штодзённымі індывідуальнымі размовамі. У іх прыняло ўдзел больш за 40 асоб – духоўных і свецкіх – з розных куткоў Беларусі. Суaстрэчы праводзіў а. Юзаф Аўгусцін SJ, вядомы польскі аніматар ігнацыянскіх рэкалекцый, аўтар шматлікіх кніг у вобласці духоўнага жыцця, якія публікуюцца таксама і ў нашай краіне.
– А. Юзаф, як бы Вы акрэслілі ігнацыянскія рэкалекцыі?
    – Няхай на гэтае пытанне адкажа сам св. Ігнацый: “Пад выразам «духоўныя практыкаванні» – піша ў сваёй аднайменнай кнізе – разумеецца кожны спосаб здзяйснення рахунку сумлення, разважання, сузірання, малітвы словамі і ў думках. [...] Як хадзьба, маршыраванне і бег з’яўляюцца цялеснымі практыкаваннямі, так духоўнымі называюцца ўсе спосабы падрыхтоўкі і астройвання душы на пазбаўленне ад неўпарадкаваных пачуццяў, а пасля іх выдалення – да пошуку і адшукання Божай волі”.
Ігнацыянскія рэкалекцыі – час інтэнсіўнай малітвы ў абсалютнай цішыні пад кіраўніцтвам духоўнага правадніка. Прадстаўляецца магчымасць глыбей зазірнуць у сябе, больш поўна пазнаць Бога. Чалавек пачынае разумець, кім з’яўляецца, якія мае патаемныя жаданні, да чаго Пан заклікае яго. Перад удзельнікам рэкалекцый адкрываецца духоўная перспектыва, абуджаецца надзея, паглыбляецца вера. Гэта адбываецца таксама тады, калі ён перажывае хвіліны слабасці, крызісу. Ігнацыянскія рэкалекцыі – прапанова для ўсіх, хто шчыра шукае Бога.
   
Ігнацыянскія рэкалекцыі – гэта дасканалая школа малітвы, духоўнага змагання і распазнання.

    – Што ўяўляла сабой праграма сустрэч у Навагрудку?
    – Цэнтр праграмы – уводзіны да малітвы, натхнёныя Божым словам, а таксама індывідуальныя медытацыі. На рэкалекцыях у Навагрудку мы медытавалі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам у Фары Вітаўта, прыгожай гістарычнай святыні. Пасля многія скіроўваліся ў бакавую капліцу, каб памаліцца перад саркафагам 11-ці бласлаўлёных назарэтанак, якія былі расстраляны немцамі ў 1943 годзе. Памяць аб іх мучаніцтве з’яўляецца для нас запрашэннем да большай самаахвярнасці і шчодрасці ў адносінах да Бога. Любоў абавязкова патрабуе высілку, ахвяры.
   
  Удзельнікі ігнацыянскіх рэкалекцый у Навагрудку могуць вярнуцца да духоўных практыкаванняў з дапамогай 3-ох тамоў рэкалекцыяніста, што прысвечаны ўводзінам, 1-му і 2-му тыдню  – Хто прымаў удзел у сёлетніх рэкалекцыях?
    – На практыкаванні запісваюцца духоўна абуджаныя людзі, якія шукаюць блізкасці з Езусам. І зусім не важна, што яны неаднойчы бываюць згубленымі, загразлымі ў слабасцях, зраненымі. Бог стукаецца ў кожнае людское сэрца.
    Сёлета было больш святароў і алюмнаў. Сярод іх – пераважна маладыя людзі.
    Нягледзячы на абавязкі і працу, яны выгадалі тыдзень часу выключна для Бога. Такая шчодрасць і духоўная ўцягнутасць прыносіць добры плён у штодзённым жыцці.
   
    – Вы сказалі, што ў гэтым годзе на практыкаваннях было больш ксяндзоў. Якім чынам ігнацыянскія рэкалекцыі могуць дапамагаць святарам у парафіяльнай працы?
    – Гэта важнае пытанне. На жаль, у нашых касцёлах рэдка вучаць глыбокай малітве, што абапіраецца на Божым слове. Я сам назіраў, працуючы некалі ў парафіі, як многія людзі, што маюць глыбейшыя духоўныя прагненні, мучацца, бо не ўмеюць уводзіць іх у жыццёвую практыку. Ім неабходны праваднік, які б навучыў іх малітве, духоўнаму распазнанню. І гэтаму павінен садзейнічаць душпастыр.
    Святар жа таксама недасканалы чалавек, і ён роўным чынам, як і астатнія, перажывае спакусы.
    Мы ўсе павінны маліцца і змагацца, як Езус у пустыні. А калі нават Яго спакушаў д’ябал, што ўжо казаць пра нас, кволых людзей. Злы дух атакуе таксама і нас, святароў, хто абвяшчае Божае слова, удзяляе сакраманты, дапамагае ўбогім, дае сведчанне веры. Таму маем асаблівую патрэбу ў інтэнсіўнай малітве, духоўнай барацьбе, паглыбленай аскетычнай практыцы. Мы змагаемся са спакусамі, каб са свабодным сэрцам маг чы паўней пазнаваць Езуса, любіць Яго і пераймаць. А гэта галоўная мэта ігнацыянскіх рэкалекцый.
    Падчас практыкаванняў я спасылаюся на Эвагрыя Панційскага, Айца Пустыні з IV стагоддзя. Яго вучэнне пра 8 духаў зла – гэта цудоўная дапамога ў барацьбе з дрэннымі думкамі, спакусамі. Эвагрый называў наступных духаў: абжорлівасць, нячыстасць, прагнасць, смутак, гнеў, апатыя, гонар і пыха. Ён падкрэсліваў, што час малітвы – гэта таксама час спакушэння. Тое ж казаў і св. Ігнацый Лаёла. Там, дзе ёсць большае дабро, неабходна большая малітва, каб не паддацца спакусе. Як у жыцці духоўных асоб, так і свецкіх. Знамянальна, што ў “Ойча наш” Езус нагадвае нам штодзённа маліцца: “не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”.
   
    – Які плён можа вынесці для сябе ўдзельнік ігнацыянскіх рэкалекцый?
    – Медытацыя над Божым словам асвятляе жыццё, выпроствае звілістыя дарогі, лечыць хворыя душы, абараняе ад уласнай слабасці і грэшнасці, вучыць змагацца са спакусамі, адкрывае на любоў Бога і людзей, дае надзею на будучыню, дапамагае з’яднацца з уласным жыццём і бліжнімі. Ігнацыянскія рэкалекцыі вядуць да арганізацыі беспарадкавых пачуццяў, што спрыяе асягненню ўнутранай раўнавагі паміж светам эмоцый і розуму. Сталая рэлігійнасць спасылаецца менавіта на “ratio recta” (“цвярозы розум”) і на здаровае сумленне. Ігнацыянскія практыкаванні вучаць таксама з зацікаўленасцю падыходзіць да чалавека і таму з’яўляюцца добрай процівагай для тых рэлігійных рухаў, якія часцей спасылаюцца на свет эмоцый.
    На працягу многіх гадоў я супрацоўнічаў з рухам “Аднаўленне ў Святым Духу”. Гэты досвед, спалучаны з перажываннем ігнацыянскіх рэкалекцый, прыносіў цудоўныя плады духоўнай і рэлігійнай сталасці, дзе спантаннасць з’яднана са здаровым сэнсам, энтузіязм – з духоўнымі ведамі. Трэба памятаць, што эмоцыі, пазбаўленыя розуму, бываюць небяспечнымі. Правы розум, асвечаны верай, – гэта аснова кожнага чалавечага дзеяння, асабліва на рэлігійным полі. Чалавек створаны як інтэлектуальная істота. Рэлігійны фанатызм вельмі небяспечны менавіта таму, што ў ім асоба не выкарыстоўвае розум.
    У Беларусі таксама публікуюцца Вашы разважанні, заснаваныя на ігнацыянскіх рэкалекцыях.
    Гэта якісьці знак Провіду. Кнігі, што выдаюцца ў “Pro Christo” ў Мінску, з’яўляюцца літаральна нашымі падручнікамі для духоўных практыкаванняў. Яны вельмі прыдатныя. Так удзельнік рэкалекцый можа вярнуцца да практыкаванняў у штодзённым жыцці, ужо пасля спаткання.
   
Практыкаванні – гэта “духоўны палігон”. На палігоне салдаты не выйграюць ваенных бітваў, а рыхтуюцца да іх. Падобна і ўдзельнік рэкалекцый падчас духоўных практыкаванняў рыхтуецца да барацьбы, якой з’яўляецца само жыццё.

    – Гэтых разважанняў ажно 6 тамоў?
    – Поўнасцю ігнацыянскія рэкалекцыі трываюць 30 дзён. Але хто мог бы дазволіць сабе месяц інтэнсіўнай малітвы? Таму мы раскладваем практыкаванні на этапы, так званыя “ігнацыянскія тыдні”.
    Рэкалекцыі – гэта дарога, што мае сваю дынаміку. Патрабуе стойкасці, духоўнай уцягнутасці. У бягучым годзе ў Навагрудку мы стваралі фундамент – першы і другі тыдзень.
   
    – Якая перспектыва ігнацыянскіх рэкалекцый у Беларусі?
    – Я прыязджаю сюды з радасцю па запрашэнні пастыра Гродзенскай дыяцэзіі. Аднак мне хацелася б, каб гэтыя рэкалекцыі сталі справай кожнага святара. Многія ксяндзы цікавяцца імі. Гэта незвычайная прылада апостальскай працы, святарскай і манаскай фармацыі, фармацыі свецкіх асоб, уцягнутых у жыццё Касцёла. Таму такія духоўныя практыкаванні павінны перажываць, у першую чаргу, самі ксяндзы, каб пасля на аснове ўласнага прыкладу прагнулі запрасіць да перажывання рэкалекцый сваю паству. Гэтыя практыкаванні – вялікі душпастырскі шанс. На заканчэнне рэкалекцый у Навагрудку я заахвочваў удзельнікаў да малітвы ў інтэнцыі дадзенай справы ў Беларусі. Канешне, гэта сціплы пачатак, маленькае гарчычнае зярнятка. Але калі мы будзем працаваць, яно з Божай ласкай можа стаць вялікім дрэвам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.