ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Туга па Богу

Слова рэдактара

 У жыцці кожнага чалавека здараюцца сустрэчы, па якіх ён сумуе. Звычайныя штодзённыя сустрэчы, а таксама нядзельныя і святочныя. Уданыя і няздзейсненыя, калі на стол ставяцца 2 кубкі, але 1 застаецца пустым. Усе яны неабходны, каб дзяліцца радасцю, каб не быць аднаму ў смутку.
    У Адвэнце – перыядзе, які распачынае новы літургічны год у Касцёле, – мы рыхтуемся да сустрэчы з Тым, хто быў прадказаны.
    І калі Ён прыйдзе, усё дасягне канца свайго падарожжа. Бо менавіта ў Хрысце мы сталі выбраным родам, народам святым, людам, узятым Богам ва ўласнасць (параўн.: 1 П 2, 9).
    Пан Езус хоча ўвайсці ў жыццё кожнага чалавека з мэтай усё ў ім аднавіць. Прыбраць з сэрца непатрэбныя страхі і неспакой, каб яно ажывілася надзеяй.
Толькі Хрыстос, прыняты як дар ад Айца, можа змяніць людское жыццё, зрабіўшы яго прыгажэйшым, надаўшы сапраўдны сэнс.
    Сустрэча з намі – вялікае жаданне Створцы. Але перш чым яна здзейсніцца, мы павінны адпаведна падрыхтавацца да гэтага. У першую чаргу, адкрыць свае душы на Бога. Шчыра і праўдзіва засумаваць па досведзе Любові, якая не патрабуе, не шантажыруе, не загадвае, а даецца без усякіх умоў, перад якой не трэба прытварацца, надзяваць маску, іграць неадпаведныя ці зручныя ролі.
    У Адвэнце варта затужыць па Пану, які ёсць і пастаянна прыходзіць, таму што з’яўляецца Богам новага жыцця, а не толькі гісторыі, што ўжо здзейснілася. Толькі моцнае прагненне сустрэчы з Усемагутным, асабістага дыялогу любові з Ім здольна абараніць веруючых людзей ад спакусы шэрасці жыцця, ад здраблення каштоўнасцей і абыякавасці.
     
   
   Дарагія Чытачы!
    Чакаючы дня здзяйснення жадаемай паўнаты, паўторнага прыходу Таго, які ў таямніцы свайго паходжання з’яўляецца крыніцай, першапачаткам і мэтай усяго, што існуе (параўн.: Кал 1, 15–20), запытайма саміх сябе пра тугу па Богу: ці задаволены мы, ці шчаслівыя, ці адчуваем жаданне кожны дзень ісці далей наперад?
    Няхай задачай кожнага на Адвэнт стане імкненне да сапраўднай сустрэчы з Усявышнім, які на самой справе прамаўляе да нас у сваім Слове і дакранаецца да нас сваімі сакрамантамі. З усіх сіл з’яднаемся са Стварыцелем, трываючы ў малітоўным чуванні. А Бог зробіць астатняе, Ён здзейсніць усё. Трэба верыць у гэта. І, застаючыся ў тым даверы, ужо не турбавацца пра дробныя, лішнія рэчы. Найважнейшае – нястомна прасіць у Пана ласку, каб ніколі ў сэрцы не пагасла туга па Ім.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.