ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Пра анёла

Дзіцячы куточак

Жыла звычайная дзяўчынка з добрымі вачыма і чулым сэрцам. І звалі яе Ангеліна. Яна хадзіла ў школу і добра вучылася, ва ўсім дапамагала маме. Дзяўчынка вельмі не любіла, калі аднакласнікі сварыліся паміж сабой, і заўсёды старалася іх памірыць. Калі сяброўкі пыталіся, ці спадабалася ёй сукенка з моднага часопіса, яна адказвала, што звяртае ўвагу не на тое, што моднае, але на тое, што прыгожае і сціплае.
    – Якая ж ты дзіўная… – казалі дзяўчаты.
    Затое Ангеліна заўважала бяздомных катоў і сабак. Яна не баялася, лашчыла іх і карміла. Заўважала, калі крыўдзілі меншых, і заўсёды бегла ім на дапамогу. Пры ўваходзе ў аўтобус падавала руку пажылым людзям, саступала ім месца.
    – Якая ветлівая і ўважлівая дзяўчынка, – гаварылі людзі.
Аднойчы, калі ў школе пісалі сачыненне на тэму “Кім я хачу быць?”, Ангеліна занатавала коратка: “Хачу быць анёлам”.
    – Паслухай, анёлам быць немагчыма, – пераконвала яе настаўніца.
    – Усё магчыма, калі захацець, – стаяла на сваім Ангеліна.
    Дома дзяўчынцы гэтае ж пытанне задала мама:
    – Дачушка, скажы, якая прафесія табе па сэрцы? Кім бы хацела быць, калі вырасцеш?
    – Анёлам, перш за ўсё анёлам, – з усмешкай адказвала дзяўчынка.
   мм Набліжаліся святы Божага Нараджэння. Мама Ангеліны да позняга вечара затрымлівалася на працы. Дзяўчынка дастала з шафы касцюм анёла, які сама шыла па начах у сваім пакоі, каб ніхто не ўбачыў. Касцюм з белай тканіны са срэбнымі крыламі атрымаўся вельмі прыгожы. Дзяўчынка надзела яго і стала падобнай да сапраўднага анёла. Потым яна дастала прыхаваныя падарункі, купленыя за ўласна заробленыя грошы.
    Улетку Ангеліна збірала ягады: не толькі сабе, але і на продаж. І ў яе ахвотна куплялі, бо дорага не цаніла – прадавала значна танней за іншых. Зімою дзяўчынка займалася бісерапляценнем, рабіла прыгожыя рэчы з саломкі. Частку заробленых грошай яна адкладвала для тых людзей, якія маюць у іх патрэбу.
    Калі дзяўчынка выйшла на вуліцу, быў ужо змрок. Усюды гарэлі агні, ялінка каля магазінаў пералівалася рознакаляровымі гірляндамі. Людзі праходзілі побач і спыняліся, каб паглядзець на прыгожага анёла. Праз нейкі час Ангеліна падышла да невялікага дома, дзе жыла адзінокая жанчына з маленькай дачкой. Дзяўчынка зазірнула ў акно і ўбачыла, што дзіця дрэмле ў абдымку з плюшавым мядзведзем. Маці відаць не было. Мабыць, выйшла на некалькі хвілін з дому. Ангеліна націснула на ручку дзвярэй – яны аказаліся не зачынены. Дзяўчынка ціха ўвайшла і паклала каля малой ляльку са светлымі распушчанымі валасамі і 2 пліткі шакаладу: адну – дзяўчынцы, а другую – маме. “Няхай парадуюцца”, – падумала пра сябе Ангеліна.
    І пайшла далей. Яна добра ведала куды. Зайшла ў двор, дзе жыла адна небагатая сям’я. І ўбачыла 2-ух маленькіх хлопчыкаў-блізнюкоў, якія ва ўсе вочы глядзелі на яе ў касцюме анёла.
    – Дзеткі, вось вам падарункі, – сказала Ангеліна і працягнула ім 2 скруткі. У адным былі куртачка і штанікі, якія дзяўчынка перашыла са свайго адзення, а ў другім – слодычы і вялікія чырвоныя яблыкі. Хлопчыкі падзякавалі і радасна памчаліся дадому.
    Прайшла Ангеліна яшчэ крыху і спынілася кала Божага храма. Яна чакала, што праз некалькі хвілін скончыцца Імша і будуць выходзіць людзі. Дзяўчынка ўважліва ўглядалася ў цемру. Нарэшце ў натоўпе яна ўбачыла старэнькую бабульку, якая з цяжкасцю ступаючы апіралася на драўляны кіёк. Ангеліна параўнялася з ёю. Павіншавала са святам, пажадала бабульцы добрага здароўя і падарыла новую палачку ды смачны пірог. Старая са здзіўленнем глядзела на дзяўчынку.
    – Бярыце! – сказала Ангеліна. – Анёлу нельга адмаўляць.
    І аддаўшы падарунак разгубленай жанчыне, пабегла дадому.
    Дзяўчынка глянула на гадзіннік і, нават не зняўшы касцюма, пачала паспешна накрываць на стол. І толькі закончыла, паставіла вазон з бэтлеемскай зоркай у падарунак маме, як на парозе паказалася стомленая жанчына.
    – Мамачка, мый рукі і сядай за стол, – ласкава запрасіла дачка.
    – Цябе не пазнаць, Ангеліна. Ты насамрэч мой добры анёл. Я вельмі рада, што ты ў мяне ёсць, – сказала жанчына і прытуліла да сябе дачку. Ангеліна нічога не адказала. Яна была шчаслівая і ўпэўненая, што пры любой прафесіі і нават яшчэ не атрымаўшы яе можна быць анёлам тут, на зямлі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.