ГРОДНА
Панядзелак,
02 снежня
2024 года
 

Чаму Вялікі пост з’яўляецца асаблівым часам навяртання?

Дзіцячы куточак

bludnyj synУ Касцёле распачаўся Вялікі пост. Першым днём гэтага літургічнага перыяду з’яўляецца Папяльцовая серада, калі святар пасыпае попелам галовы вернікаў і гаворыць знамянальныя словы: “Кайцеся і верце ў Евангелле”. На працягу 40-ка дзён Вялікага посту мы павінны асаблівым чынам засяродзіцца на тым, што патрабуем пакаяння, таму што грэшныя. У гэты перыяд таксама дзякуем Езусу за Яго пакуты і смерць, якую Ён прыняў з любові да кожнага чалавека.
Добра перажыць час Вялікага посту нам дапамагаюць малітва, пост і міласціна. Малітва ў гэтым літургічным перыядзе мае розныя формы – Крыжовы шлях, Песні жальбы або рэкалекцыі. Праз пост чалавек імкнецца пераключыць сваю ўвагу з матэрыяльных даброт на духоўныя. Міласціна нагадвае пра неабходнасць дабрачыннай дапамогі і клопату аб бліжніх. Усе гэтыя практыкі вядуць нас да духоўнага ўдасканалення.
    Вядома, няма аніводнага чалавека, які б у сваім жыцці не дапусціў памылку. Важна ўсведамляць, што ніколі не позна стаць на правільны шлях: пакаяцца, прымірыцца і навярнуцца. Пра гэта нам нагадае наступная гісторыя Бруна Ферэра.
    Дзень і ноч каля галоўнай станцыі аднаго з вялікіх гарадоў бадзяўся натоўп людзей: валацуг, злодзеяў, імігрантаў і маладых наркаманаў. Няўзброеным вокам было бачна, што яны незадаволены і ў роспачы. Доўгія бароды, чырвоныя вочы, дрыготкія рукі, анучы, бруд. Ім былі патрэбны не столькі грошы, колькі суцяшэнне і сілы для жыцця. Але сёння амаль ніхто не можа гэтага даць.
    На фоне такой беднасці кідаўся ў вочы адзін малады чалавек: брудны, з доўгімі і занядбанымі валасамі, які круціўся сярод іншых, быццам меў свой асабісты выратавальны плыт. Калі ўсё, здавалася, ішло блага, у самыя цёмныя моманты адзіноты і адчаю малады чалавек выцягваў з кішэні пацёртую скамячаную паперку і чытаў з яе. А затым старанна складваў і хаваў назад у кішэню. Часам ён цалаваў аркуш, прыкладваў да сэрца ці да лба. Гэта мела неадкладны эфект. Малады чалавек суцяшаўся, выпростваў плечы, набіраўся смеласці.
    Што было напісана на гэтай таямнічай паперцы? Усяго некалькі слоў: “Маленькія дзверы заўсёды адчынены”. Усё. Гэта быў ліст, які адправіў яму бацька. Напісанае азначала, што сын атрымаў прабачэнне і ў любы момант можа вярнуцца дадому. Аднойчы ноччу малады чалавек сапраўды зрабіў гэта. Знайшоў адчыненымі невялікія дзверы ў сад на заднім двары. Моўчкі ўзышоў уверх па лесвіцы і лёг спаць. Калі раніцай прачнуўся, побач з яго ложкам стаяў бацька. Яны моўчкі абняліся.
    Бог кожнаму з нас дае такія “кавалачкі паперы”, праз якія нагадвае, каб мы вярнуліся да Яго, нават калі зрабілі штосьці дрэннае. Ён прабачае і чакае нашага навяртання. Варта памятаць пра гэта і асабліва ў час Вялікага посту імкнуцца быць міласэрнымі праз добрасумленнае выкананне абавязкаў, адкрытае сэрца і дапамогу іншым.
   
Заданне:
    разам з бацькамі зрабі крыж, які на працягу Вялікага посту будзеш упрыгожваць кветкамі ў падзяку за кожны свой добры ўчынак.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.