ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Белая лілея

Дзіцячы куточак

liliaНа ўскраіне горада ў лесапарку размяшчалася невялікая сажалка. Каля яе берагоў раслі прыгожыя жоўтыя гарлачыкі.
    А пасярэдзіне ўзвышалася белая лілея, найпрыгажэйшая. Яна паволі гайдалася на вадзе ад налятаўшага ветрыку.
Аднойчы было вельмі горача і душна. Бліжэй да вечара з вады павылазілі жабы. Яны голасна спявалі хорам свае песні.
    А пасля, развесяліўшыся, пачалі мясіць гразь. І не толькі выбрудзіліся самі, але і сталі кідацца ёю ў жоўтыя гарлачыкі.
    – Што вы робіце? – пакрыўдзіліся кветкі.
    Але жабы разгуляліся так, што ім было вельмі смешна, калі гарлачыкі, плачучы, адварочваліся.
    – Гэй вы, чысцюлі! – крычалі жабы. – Глядзіце, якая гразь мяккая і прыемная, як хораша ў ёй купацца…
Стомленыя і перапэцканыя гарлачыкі ўжо перасталі супраціўляцца і адварочвацца ад ляцеўшых у іх камякоў бруду.
    Яны не абмываліся ў вадзе, глядзелі на ўсё з абыякавасцю. Урэшце жабы нацешыліся і перасталі звяртаць увагу на гарлачыкі.
    – Трэба шпурнуць гразь вось у тую прыгажуню, – прапанавала адна з жаб і паказала на белую лілею.
    – Не! – спалохана закрычала лілея. – Не, я лепей памру, чым дазволю свае беласнежныя пялёсткі запэцкаць чорнай граззю!
    І жабы з усіх бакоў пачалі шпурляць у яе бруд. А яна хавалася пад ваду, выглядвала на паверхню і хавалася зноў.
    Але раптам знекуль наляцеў ветрык.
    – Не бойся, лілея! Не бойся! І пасярод гразі, і нават пасярод балота заставайся чыстай і белай, – прашаптаў ён.
    Ветрык падзьмуў мацней, потым яшчэ мацней і нагнаў хмары. Прагрымеў гром і пайшоў цёплы лівень. Змоўклі і пахаваліся жабы. Ім стала страшна. Калі ж лівень скончыўся, а хмары разышліся, на небе ўзышла вялікая поўня. У яе святле было відаць, што, хоць дождж і абмыў гарлачыкі, іх пялёсткі пашкодзіліся, а некаторыя і зусім абламаліся. І толькі белая лілея, прыгожая, як заўжды, раскачвалася пасярод сажалкі на вадзе. Над ёю ў небе прыгожа заліваліся салаўі. Адзін з іх, самы звонкі, падляцеў да кветкі.
    – Я буду кожны вечар спяваць толькі для цябе, прынцэса, – сказаў салоўка. Лілея ў адказ усміхнулася.
    Над ставам стаяла адна з прыгажэйшых начэй, поўная цудоўных мар і кахання.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.