ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Хто такі Папа Рымскі?

Дзіцячы куточак

Прывітанне, маленькі Чытач!
    Ты, напэўна, ужо чуў, што суседнія краіны – Літву, Латвію і Эстонію – нядаўна наведаў Папа Рымскі Францішак. А ці ведаеш Ты, хто ён такі?
Хто такі Папа Рымскі?
    Каля 2-юх тысяч гадоў таму Езус прыйшоў да Пятра, аднаго з апосталаў, і сказаў: “Ты – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой” (Мц 16, 18). Хрыстос ведаў, што можа давяраць свайму сябру, якога выбраў сярод іншых, таму прасіў, каб той быў арыенцірам для вучняў, калі Яго самога больш не будзе на зямлі. Езус сказаў Пятру: “Пасі авечак маіх” (Ян 21, 17). Авечкамі з’яўляемся мы – вернікі, якія ідуць за Езусам, а Папа, як і ўсе біскупы і святары, якія дапамагаюць яму, з’яўляецца пастухом, што павінен клапаціцца пра даручаных яму авечак.
    Такім чынам, Пётр стаў першым Папам Рымскім у гісторыі. Кожны наступны Папа, які прыходзіў пасля Пятра, станавіўся яго пераемнікам. Папа з’яўляецца таксама біскупам Рыма і кіраўніком дзяржавы Ватыкан.

    Што робіць Папа, і якая яго роля?
    Езус даў апосталу Пятру важныя і адмысловыя задачы:
    служыць і захоўваць адзінства паміж усімі вучнямі ў любові і праўдзе. Кожны Папа працягвае місію Пятра ў еднасці з усімі біскупамі на зямлі.
   
    Дзе жыве Папа?
    Папа жыве ў Ватыкане – у горадзе, які, хоць і знаходзіцца ў Рыме, з’яўляецца незалежнай дзяржавай. Тут ёсць вельмі шмат прыгожых месцаў: ад базілікі св. Пятра да музеяў, дзе знаходзяц ца многія вядомыя ў свеце творы мастацтва.
   
    Чаму Папа апранаецца ў белае адзенне?
    Папа прадстаўляе Езуса, і таму яго сутана белага колеру – як сімвал нявіннасці, чысціні і міласэрнасці.
   
    Чаму Папа носіць капялюш і трымае ў руках крыж, калі адпраўляе св. Імшу?
    Капялюш называецца мітрай, а пад мітрай знаходзіцца піуска – маленькая круглая шапачка белага колеру, якую Папа накладае на сярэдзіну галавы. Посах з крыжом – гэта пастарал, сімвал таго, што Папа з’яўляецца пераемнікам св. Пятра. Мітра і пастарал указваюць на місію кожнага біскупа: быць пастырам для вернікаў, арыенцірам як для людзей, якія вераць у Езуса, так і для тых, каму цяжка давяраць Яму.
    Папа таксама мае персцень рыбака. На ім прадстаўлены св. Пётр, які закідвае сеткі, а вакол гэтай выявы выгравіравана імя Папы.
   
    Як становяцца Папам?
    Папа абіраецца падчас канклава. Гэта вялікі сход кардыналаў (вельмі важных духоўных асоб з усяго свету, якія дапамагаюць Папе ў яго паслузе). Яны збіраюцца разам у Сіксцінскай капэле і замыкаюцца на ключ, каб ім ніхто не перашкаджаў. Падчас канклава кожны кардынал піша на картцы імя чалавека, якога хацеў бы бачыць Папам, і змяшчае яго ў скрыні. У канцы падлічваюцца галасы. Калі імя пэўнага кардынала паўтараецца часцей за астатнія, менавіта ён становіцца Папам. Тады ўжо непатрэбныя карткі з імёнамі спальваюць у печцы, з коміна якой выходзіць белы дым – так увесь свет даведваецца, што ў Касцёле абраны новы Папа.
   
    Заданне: памаліся за Папу Рымскага, а таксама ва ўсіх яго інтэнцыях.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  19

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.