ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Адказныя за распаўсюджанне Евангелля

Слова рэдактара

 Абвяшчэнне Евангелля з’яўляецца першай задачай Касцёла, які – як прыгадвае ІІ Ватыканскі сабор у дэкрэце “Ad gentes” (“Да народаў”) – па сваёй прыродзе місійны. Заклік Езуса “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19) надалей застаецца актуальным і паўсюдным, скіраваным не толькі апосталам, але і нам, сучаснікам.
   Моцай св. хросту мы становімся вучнямі-місіянерамі, пакліканымі несці Евангелле ўсяму свету, выходзіць да людзей з гэтым дарам, у яго вымярэнні духоўным, дабрачынным і ў дыяконіі, г. зн. служэнні.
Як хрысціяне атрымліваем заданне, перш за ўсё, звычайна і проста сведчыць пра Бога, які аб’явіўся праз Езуса Хрыста ў Святым Духу; сведчыць, што Усемагутны палюбіў гэты свет у сваім Сыне, ва Уцелаўлёным Слове даў усім рэчам існаванне, а людзей паклікаў да вечнага жыцця. Кожны свядомы, практыкуючы католік павінен быць місіянерам, бо вера з’яўляецца дарам, патрабавальным і, разам з тым, падзельным. Яна мацнее, калі перадаём Добрую Навіну тым, каго Божы Провід паставіў на нашай дарозе.
    Св. Павел перасцерагаў: “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля!” (1 Кар 9, 16). З гэтых слоў вынікае, што кожны, хто на самой справе сустрэў Хрыста ў сваім жыцці, ужо не можа пакінуць Яго толькі для сябе, але павінен расказваць пра Яго блізкім і знаёмым: дома, у школе, на вучобе ці на працы. Кожны з нас пасланы, каб несці Добрую Навіну ўбогім, абвяшчаць вызваленне палонным, вяртаць зрок сляпым, выпусціць спакутаваных на свабоду (параўн.: Лк 4, 18).
    Заступніцай місій, нягледзячы на тое, што ніколі на іх не была, з’яўляецца св. Тэрэза з Лізьё. Яе прыклад паказвае, што ў справу евангелізацыі можна ўключыцца не толькі праз асабістую прысутнасць на месцы, дзе праводзяцца місіі, але і праз малітоўную падтрымку, самаўтаймаванне, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры. У сёлетнім пасланні на Сусветны дзень місій папа Францішак нагадвае: “Ніхто не з’яўляецца настолькі бедным, каб не мог бы даць таго, што мае, але найперш яшчэ і таго, кім ёсць”.
   
   Дарагія Чытачы!
   “Мы не можам быць спакойнымі, калі ўявім, што праз 2 тысячы гадоў надалей застаюцца народы і краіны, якія не ведаюць Хрыста і яшчэ не чулі Яго паслання аб збаўленні”, – казаў папа Бенедыкт XVI. Таму давайце акружым сваімі адданымі малітвамі ўсіх місіянераў, якія абвяшчаюць Евангелле ажно да краю зямлі, сярод абыякавасці, незразумення і праследаванняў. Выпрасім у Святога Духа, каб людзі адважна адкрывалі сэрца і розум, жадаючы прыняць запрашэнне Езуса сустрэцца з Ім і стаць Яго вучнямі. Няхай сёлетні Сусветны дзень місій напоўніць нас пачуццём адказнасці за распаўсюджанне Евангелля!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.