ГРОДНА
Нядзеля,
08 снежня
2024 года
 

На каго пакінуць дзіця пасля школы?

З жыцця Касцёла

Святліцы пры парафіях Гродзенскай дыяцэзіі  наведвае больш за 1000 дзяцейСёння бацькі шмат працуюць, каб забяспечыць сваім дзецям лепшую будучыню. З-за гэтага ім даводзіцца затрымлівацца да позняга вечара. Далёка не ўсе маюць магчымасць скарыстацца паслугамі гувернанткі, не кожны мае бабулю ці дзядулю, якія жывуць па суседстве. На каго пакінуць малое дзіця пасля ўрокаў, калі абодва бацькі занятыя поўны дзень?
Групы падоўжанага дня ў школах
    Каб вырашыць праблему арганізацыі дзяцей у пазаўрочны час, некаторыя школы прапануюць адкрыццё груп падоўжанага дня (для навучэнцаў малодшых класаў). Прабыванне ў іх бясплатнае, аплачваецца толькі харчаванне. У гэты час школьнікі могуць выконваць хатнія заданні, чытаць, маляваць, кантактаваць паміж сабой. За дзецьмі прыглядвае выхавацель. Нярэдка таксама ў групах арганізуюцца розныя экскурсіі, паходы і іншыя мерапрыемствы.
Падобны вопыт карыстаецца папулярнасцю ў розных краінах свету. Дзякуючы такой практыцы бацькі могуць не хвалявацца аб тым, чым занятыя іх дзеці пасля ўрокаў, ці накормленыя яны і дагледжаныя. А час, што можа быць затрачаны ўвечары на карпенне над хатнімі заданнямі, прапануецца выкарыстоўваць для цікавых і карысных сумесных спраў у коле сям’і.
    Па прыкладзе агульнаадукацыйных школ адкрыты прыватныя групы падоўжанага дня, дзіцячыя цэнтры дадатковай адукацыі. Між іншым, у іх прадугледжана правядзенне заняткаў па інтарэсах: кружкі, секцыі, майстар-класы і інш. Аднак за гэта бацькам давядзецца заплаціць. Месяц наведвання платнай “пазаўрочнай школы” каштуе каля 50 еўра ў Японіі, 200 еўра ў Германіі. У Італіі, дарэчы, гэта сімвалічная плата, якая не перавышае 5 еўра (усе астатнія расходы бярэ на сябе камуна). У Беларусі сярэдні кошт па краіне – каля 180 рублёў.
   
   Святліцы ў парафіях
  На дадзены момант святліцы адкрыты ў 9-ці парафіях  дыяцэзіі: у Лідзе, Смаргоні, Ашмянах, Астраўцы,  Шчучыне, Вялікай Бераставіцы і Гродне  З 2017 года ў Гродзенскай дыяцэзіі рэалізуецца праект “Арганізацыя інтэграцыйных святліц у парафіях”. Яго ўвасабляюць у жыццё Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” сумесна з “Карытас” Польшчы і праграмай супрацоўніцтва “Польская дапамога”, узгодненай з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча. “Святліца” (ад пол. “świetlica”) азначае “групу падоўжанага дня”. Такім чынам, пры парафіях адкрываюцца памяшканні, дзе створаны паўнавартасныя ўмовы для адпачынку і развіцця дзяцей пасля заняткаў у школе. Класы абсталяваны яркай і функцыянальнай мэбляй. Тут маецца разнастайнае тэхнічнае абсталяванне: мультымедыйныя праектары, інтэрактыўныя дошкі, музычныя цэнтры і інш.
    У святліцах звычайна праводзяцца катэхетычныя і выхаваўчыя заняткі. “Дзеці могуць заставацца тут і выконваць хатнія заданні, маляваць, ляпіць з пластыліну. Акрамя гэтага, у святліцах сфарміраваны групы, з якімі педагогі займаюцца замежнай мовай, спевамі, аніматары праводзяць забаўляльныя, інтэрактыўныя гульні, – распавядае Крысціна Сенюць, педагог-валанцёр у святліцы пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. – Любы жадаючы можа прыйсці ў святліцу, бо яе дзверы адкрыты для кожнага. Неаднаразова дзеці з вуліцы заглядвалі да нас, частаваліся гарбатай, слухалі Божае слова – і заставаліся”.
    Святліца адкрыта на працягу цэлага дня: як правіла, з 09.00 да 21.00 (22.00).
    У памяшканні маецца кухня, дзе можна прыгатаваць ежу. Часта для дзяцей рыхтуюць пачастункі ксяндзы і манахіні.
    “Карытас” не толькі займаецца адкрыццём такіх святліц у дыяцэзіі, але і прычыняецца да іх утрымання, інакш кажучы, пэўным чынам суправаджае іх працу: дапамагае з набыццём канцылярскіх прылад, неабходнага абсталявання, курыруе дзейнасць валанцёраў.
    “Першаснай задачай адкрыцця святліц з’яўляецца інтэграцыя дзяцей – здаровых і з парушэннямі, – зазначае Алена Міхайлік, намеснік дырэктара Гродзенскага «Карытас». – Некаторыя з іх глухія, маюць праблемы з маўленчым апаратам, перамяшчаюцца на інвалідных калясках. Не ўсе могуць наведваць агульнаадукацыйныя ўстановы, таму вельмі неабходная сацыялізацыя такіх дзяцей: тут яны не адчуваюць сябе адзінокімі, абдзеленымі. У той жа час здаровыя дзеці вучацца чуласці, міласэрнасці, далікатнасці”. У многіх святліцах наладжана ўзаемадзеянне з дзецьмі з сацыяльна небяспечных сем’яў.
    Сярод пераваг святліц пры парафіі – бясплатнае прабыванне, узрост школьнікаў (можа быць і старэйшы), насычаная праграма, праца да позняга вечара. Такім чынам, святліцы з’яўляюцца прыдатнай альтэрнатывай пазаўрочным школам. Тут створаны ўсе належныя для рэкрэацыі, развіцця здольнасцей і інтэграцыі маладых людзей умовы.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.