ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

Адкрыць даручаную мiсiю i палюбiць яе

З жыцця Касцёла

27 студзеня ў Панаме завяршыліся XXXIV Сусветныя дні моладзі.
    У іх прынялі ўдзел 100 тысяч католікаў са 156-ці краін, у тым ліку з Беларусі. Маладыя людзі вярнуліся з далёкага краю ў свае дамы з распаленымі сведчаннем веры сэрцамі і ўпэўненасцю, што СДМ прынясуць добры плён у іх сем’ях, асароддзях і парафіях. Якія падзеі пакінулі ў іх памяці глыбокі след? Якія словы і жэсты ўзрушылі іх сэрцы?
    Падчас СДМ у Панаме папа Францішак адрасаваў да моладзі шмат важных слоў. І ўвечары, калі мы збіраліся разам, кожны дзяліўся тым, што яму найбольш запомнілася. Мяне вельмі ўразілі словы пра тое, што наша маладосць – гэта не ўчора, не заўтра, а сёння. Папа звяртаў на гэта сваю ўвагу і раней, але сэнс гэтага выказвання стаў цалкам для мяне зразумелым менавіта ў Панаме.
Елізавета БогушАпісваючы сябе, я звычайна выкарыстоўваю такія тэрміны, як “ідэалістка” і “перфекцыяністка”. У маім жыцці ўсё павінна быць запланавана загадзя, мусіць быць выразнасць і пэўнасць. Такая арганізаванасць у штодзённых абавязках вельмі дапамагае, бо маючы выразны план, лягчэй дабіцца выніку і ўсё паспець. Але ў маім выпадку гэтае “планаванне” датычыцца ўвогуле ўсяго жыцця, таму, думаючы аб тым, што будзе, я часта забываюся пра тое, што жыву і існую ў гэтую канкрэтную хвіліну.
    Там, у Панаме, адной сонечнай раніцай я сядзела на беразе акіяна, назірала за пеліканамі і ў пэўны момант злавіла сябе на тым, што не думаю ні пра што старонняе. Я не пракручвала ў галаве нейкія падзеі, хоць мне так уласціва вяртацца ў думках у сітуацыі, якія раней мелі месца, аналізаваць іх: абдумваць кожнае слова, інтанацыю і позірк. Я проста сядзела, сагрэтая цёплымі промнямі сонца, глядзела на танцуючыя хвалі, адчувала пах кветак і салёнай ціхаакіянскай вады ды назірала за пеліканамі, якія здабывалі сабе сняданак. У той момант я адчувала сябе так, быццам жыцця “да” ніколі не было, а будучыня мяне не цікавіць. Гэта была вялікая ласка ад Бога. Ён нібыта сказаў мне: “Глядзі, якім прыгожым я стварыў гэты свет, цешся тым, што бачыш”. І я атрымлівала асалоду тут і цяпер, у гэту канкрэтную хвіліну.
    Я студэнтка, і СДМ якраз саўпалі з зімовай сесіяй. Некалькі экзаменаў я здала загадзя, а частку вырашыла здаць ужо пасля вяртання дадому. Ведаючы сябе, вельмі праўдападобным было б тое, што палову свайго побыту ў Панаме я б правяла ў планаванні: калі і як ехаць ва ўніверсітэт, што, калі і як рыхтаваць да экзаменаў, якім чынам лепш арганізаваць свой час...
    Але ў рэальнасці ўсё атрымалася зусім па-іншаму: так, як сказаў Папа. Я засяродзілася над сваім “сёння”.
   
  Алена Харольская  На пачатку мне здавалася, што маладыя людзі едуць у Панаму ў асноўным з-за цікаўнасці і жадання ўбачыць далёкую краіну. Але я памылілася. Кожны з удзельнікаў быў сапраўднай часткай маладога практыкуючага Касцёла. Гэта былі неверагодна багатыя духоўна людзі, якія распавядалі пра сябе, сваю актыўнасць у каталіцкім асяроддзі і натхнялі мяне кожны дзень. У выніку СДМ у Панаме сталі самымі глыбокімі і незабыўнымі рэкалекцыямі, падарожжам па сапраўды Сусветнаму Касцёлу! Жывому Касцёлу!
    Калі мы рабілі перасадку ў Франкфурце, то ўбачылі шмат хлопцаў у капелюшах, на якіх красаваўся надпіс “Дні моладзі ў Панаме”. Гэта былі ўдзельнікі форуму з Германіі, якія чакалі той самы рэйс, што і мы. Разам з маладзёнамі быў таксама мясцовы біскуп, які прыйшоў блаславіць іх на добрую дарогу. Вялікая колькасць маладых католікаў маліліся са сваім пастырам пасярод аэрапорта. Неверагоднае відовішча і сапраўднае сведчанне таго, што ў Германіі ёсць “малады” Касцёл! У Панамскім аэрапорце нас сустрэлі вельмі прыязна. Памежнік, які правяраў мой пашпарт, падарыў мне бранзалетку з выявамі святых – заступнікаў Дзён моладзі. А я ў знак падзякі пачаставала яго беларускімі цукеркамі.
    Спачатку мы паехалі ў Калон Куна-Яла на Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Нас рассялілі па сем’ях. Я была ў шоку ад таго, што ў нашым пакоі не было вокнаў, у ваннай жыла мыш, якая грызла мыла, а дождж начамі так моцна барабаніў па бляшаным даху, што здавалася, быццам на дом падаюць камяні. І якім было маё здзіўленне, калі я даведалася, што нам пашчасціла жыць ў багатым доме.
    Пасля супольнай малітвы на ружанцы, мы атрымалі заданне: хадзіць па дамах і евангелізаваць. Шчыра кажучы, мяне гэта прывяло ў замяшанне, бо баялася, што людзі нас не зразумеюць і выганяць. Але насуперак маім асцярогам, мясцовыя жыхары аказаліся вельмі добразычлівымі, сярод іх былі і католікі, і пратэстанты. Адзінае, я была вельмі ўражана, калі ўбачыла, у якіх умовах яны жывуць. У доме магло не быць ні аднаго акна, сцены былі дзіравыя, а дахам служыў кавалак металапрофіля. Паралельна з намі па вёсцы хадзілі сведкі Іеговы. І тут у галаву прыйшла думка, што я баюся хадзіць па дамах і евангелізаваць толькі таму, што гэта выклікае асацыяцыю з сектантамі. Мне стала сумна, бо сектанты ахвотна прапагандуюць сваё, а католікі саромеюцца дзяліцца сваёй верай у праўдзівага Бога.
    Пасля група атрымала чарговае заданне – прыбіраць на вуліцах смецце. Яго было так шмат, што палова проста згніла і ператварылася ў зямлю. Было незразумела, чаму людзі, маючы такую прыгожую прыроду, не берагуць яе. Многія рабілі заўвагі мясцовым жыхарам, праводзілі з імі гутарку на тэму таго, што смецце трэба выкідваць у сметнік. У панамцаў, як мне падалося, увогуле адсутнічае паняцце чысціні, гэта іх адзіны мінус.
    Пазней я заўважыла, што мы не маглі нікуды выйсці без суправаджэння валанцёра. Гэта нават трохі раздражняла, таму што хацелася прагуляцца, зрабіць фотаздымкі на фоне фантастычна прыгожых краявідаў ці паехаць на рынак, як сальвадорцы або дамініканцы. Аказалася, такія меры перасцярогі патрэбна было захоўваць з-за таго, што мы жылі ў самай крымінальнай вобласці краіны, дзе быў развіты бандытызм і наркатрафік. Белых людзей тут маглі выкрасці і запатрабаваць выкуп.
    На развітальным канцэрце ў горадзе Калон, дзе сабралася лацінаамерыканская моладзь з усёй дыяцэзіі, у нас увесь час пыталі, адкуль мы, і не маглі зразумець, што за краіна такая – Беларусь. Наша моладзь была апранута ў беларускія нацыянальныя строі і майкі з беларускім арнаментам, гэта выклікала цікавасць з боку ўдзельнікаў з іншых краін. Дзякуючы нашаму неардынарнаму знешнему выгляду нас заўважыў арцыбіскуп Панамы і нават падышоў, каб павітацца і пагутарыць.
    Нягледзячы на небяспечныя ўмовы, у мяне засталіся самыя яркія ўражанні ад побыту ў Калон Куна-Яла. А ўсё дзякуючы неверагоднай прыгажосці мясцовай прыроды, дабрыні, жыццярадаснасці, адкрытасці і гасціннасці мясцовых жыхароў.
    Далей нас чакала Панама-Сіці. Гэта горад, які красаваўся сваімі хмарачосамі і адначасова патанаў у смецці і стыхійных звалках.
    Нягледзячы на тое, што парафія, якая нас прымала, знаходзілася ў цэнтры горада, мы патрапілі ў бедную сям’ю. Частымі гасцямі ў пакоі былі яшчаркі, мурашкі і нават мыш. На пачатку я грэбліва ставілася да сняданкаў, якія прапанавала гаспадыня. Але пасля стала сорамна за такое стаўленне, бо ўсвядоміла, што гэтыя людзі нічым не горшыя за мяне і Езус любіць іх не менш. Кожны чалавек хоча, каб да яго прыйшоў Хрыстос. І я павінна быць адкрыта на гэтых людзей, бо, магчыма, Ён захоча прыйсці да іх праз мяне. Я кожны раз малілася перад ежай, узгадвала св. Яна, які з Божай дапамогай не памёр, калі выпіў атручанае віно, і спажывала пасілак, каб не пакрыўдзіць гаспадароў, спадзеючыся, што і са мной нічога дрэннага не здарыцца. Нягледзячы на антысанітарыю, я ні разу не атруцілася і ўвогуле не мела праблем са страўнікам. Больш таго, сняданкі ў гэтай сям’і аказаліся такімі смачнымі, што мне стала сорамна за свае думкі. Пажылая гаспадыня рыхтавала ежу нават тады, калі нам трэба было ўставаць а 6-ай раніцы. Было прыемна, што яна пра нас так клапоціцца. Мяркуючы па вялікай колькасці рэлігійнай літаратуры, абразоў і газет з тэматыкай Дзён моладзі, якія нам прыносілі гаспадары, яны былі шчырымі вернікамі і практыкуючымі католікамі. Можа, гэтая сям’я не мела шмат матэрыяльных дабротаў, але была багатая ў духоўным плане.
    Кожны дзень, ідучы ў касцёл, мы праходзілі міма аднаго напаўразваленага дома, які ўзвышаўся на ўзгорку. Я думала, што дом пустуе і, мабыць, пойдзе пад знос. І якім было маё здзіўленне, калі аказалася, што там жыве шматдзетная сям’я. Аднойчы ўвечары мы, як звычайна, праходзілі міма і ўбачылі 2-ух малых, якія высунуліся ў акно і, надрываючы голасочкі, пачалі спяваць для нас гімн Дзён моладзі.
    І напрыканцы хачу яшчэ падзяліцца такой гісторыяй. Калі мы ішлі ў поле на вігілію, у адной з нашых паломніц разваліўся абутак. Нідзе паблізу мы не змаглі знайсці краму, каб купіць нават самыя прымітыўныя сланцы. Дзяўчына прыняла з пакорай гэтую сітуацыю і ішла басанож. Усе за яе перажывалі, бо навокал было вельмі брудна, і яна магла пашкодзіць ногі. Яшчэ мы турбаваліся, ці дасць яна рады вярнуцца назад на наступны дзень, паколькі давядзецца крочыць па распаленым ад спёкі асфальце. Кожны стараўся яе падбадзёрыць, развесяліць дзівацкімі ідэямі. У выніку мы вырашылі зрабіць абутак з падручных сродкаў. Хлопцы падзяліліся карыматам, дзяўчаты – ніткамі. У выніку атрымаўся дастаткова сімпатычны абутак, дзяўчына была задаволена. Шчыра кажучы, я крыху непакоілася, што самаробныя тапкі з нетрывалага матэрыялу праз пару метраў разваляцца. Але Бог чыніць цуды: дзяўчына дайшла ў іх да самага дома! Вось так мы разам вырашылі праблему і ў чарговы раз пераканаліся, што сіла ў людзях, а не ў іх матэрыяльным багацці.
   
    Лена БогданУ Сусветных днях моладзі мяне найбольш уразіў асаблівы дух радасці і адкрытасці. Людзі розных нацый, узростаў, культур – усе мы былі адзіныя і роўныя. Куды ні глянь, паўсюль былі шчырыя ўсмешкі, ветлівасць, добразычлівасць. Мы ахвотна распытвалі адзін у аднаго, хто, з кім і адкуль прыехаў, цікавіліся, як справы. Такія сяброўскія зносіны выглядалі цалкам натуральнымі, у той час як у паўсядзённым жыцці было б складана проста так загаварыць з незнаёмцам на вуліцы.
    Гасціннасць мясцовых жыхароў, іх клопат пра нас сведчылі пра тое, што любоў Хрыста напаўняе іх сэрцы.
    На гэтай сустрэчы моладзь разам з Папам, намеснікам Хрыста на зямлі, прабывала ў адзіным духу веры, ласкі і любові, што дапамагло наблізіцца да разумення паняцця “Сусветны Касцёл”.
    Дні, праведзеныя ў Панаме, сталі для мяне часам духоўнага ўмацавання. На гэтым шляху было шат цяжкасцей і перашкод, на ім праявіліся ўсе мае слабыя бакі. Але я яго пераадолела дзякуючы таму, што была не адна. На ім я таксама спазнала веліч Бога, Яго ўсемагутнасць і зразумела, што “ўсё магу ў Тым, хто мяне ўзмацняе” (Флп 4, 13). Гэтыя словы сталі для мяне дэвізам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.