ГРОДНА
Пятніца,
06 снежня 2024 года |
Гісторыя пра св. Валянціна
Прывітанне, Маленькі Чытач!
А ці маеш Ты сябра? У апошнім нумары Ты пазнаёміўся са св. Францішкам Сальскім, а сёння хачу Табе распавесці гісторыю пра св. Валянціна. Яго ўспамін адзначаецца 14 лютага. Дзень св. Валянціна – самае рамантычнае свята! Ва ўсім свеце яго святкуюць як Дзень закаханых: хлопчыкі і дзяўчынкі, мужчыны і жанчыны абменьваюцца “валянцінкамі” – віншавальнымі паштоўкамі ў форме сэрца. Такая традыцыя з’явілася вельмі даўно, яшчэ ў VII стагоддзі. І вось, як гэта сталася. †
Св. Валянцін жыў у першых стагоддзях хрысціянства, падчас вялікіх ганенняў.
У той час пісаць біяграфіі было забаронена, таму іх перадавалі з вуснаў у вусны. Ты, думаю, можаш уявіць сабе, што такім чынам многія факты з жыцця святога былі забыты, некаторыя неаднаразова змяняліся, а іншыя былі проста прыдуманы для таго, каб дадаць біяграфіі больш колеру. Адно вядома дакладна – св. Валянцін з’яўляецца сапраўднай постаццю. Ён жыў у Церні, у цяперашняй італьянскай Умбрыі. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што ён быў урачом, але адмовіўся ад сваёй прафесіі і стаў рымскім святаром.
Падчас кіравання імператара Клаўдзія Рым быў уцягнуты ў крывавую вайну да такой ступені, што мужчыны не хацелі ісці ў войска. Імператар вырашыў, што прычынай гэтаму было іх нежаданне пакідаць сваіх жонак. Таму адмяніў усе запланаваныя вяселлі. Святар Валянцін дапамагаў парам, жаніў іх таемна. Урэшце прэфект Рыма арыштаваў яго і хацеў сілай прымусіць адрачыся ад Хрыста. Св. Валянціна білі палкамі, а калі гэта не прынесла ніякіх вынікаў, яго пакаралі смерцю.
У іншых легендах можна прачытаць, што святы вылечыў хворага на эпілепсію маленькага хлопчыка, пасля чаго ўся яго сям’я прыняла хрост. Гэта стала прычынай смяротнага прысуду, вынесенага святару. Пакаранне было запланавана на 14 лютага 269 года. Да гэтага ў турме св. Валянцін пасябраваў з дачкою вартаўніка, якая наведвала яго і падымала настрой, хоць сама была сляпой. Каб аддзячыць ёй, св. Валянцін пакінуў развітальны ліст у форме сэрца, на якім напісаў: “Ад твайго Валянціна”. Пасля атрымання гэтага ліста, дзяўчына стала бачыць.
З часам постаць святара Валянціна пачалі блытаць з іншым мучанікам, які меў тое ж самае імя. Некаторыя даследчыкі нават сцвярджаюць, што гаворка аб адным і тым жа чалавеку. У 197 годзе ён быў біскупам Церні ў Умбрыі. Быў вядомы тым, што першым блаславіў шлюб паміж паганцам і хрысціянкай, а таксама высылаў лісты да сваіх вернікаў аб любові да Хрыста. Ён загінуў у Рыме ў 273 годзе, няспынна навяртаючы язычнікаў. Сёння менавіта ён з’яўляецца больш вядомым, і да яго магілы ў катэдры ў Церні прыходзяць паломнікі. На срэбным рэлікварыі, які захоўвае яго астанкі, змешчаны надпіс: “Святы Валянцін, заступнік закаханых”.
Ёсць яшчэ адна вельмі прыгожая легенда пра св. Валянціна. Яна распавядае, што ў святога быў сад, дзе ён вырошчваў ружы. Дзеці з усёй акругі гулялі ў гэтым садзе, а ўвечары, калі збіраліся дадому, мужчына ўручаў кожнаму па кветцы ў падарунак для маці. Калі Валянціна пасадзілі ў турму, ён быў засмучаны тым, што цяпер дзеткам не будзе, дзе гуляць. Аднойчы святы ўбачыў, што за турэмнымі кратамі буркуюць два галубы, і адразу ж пазнаў іх. Гэта былі птушкі, якія гнездаваліся ў яго садзе. Валянцін прывязаў на шыю аднаго голуба ключык ад саду, а другога – ліст, у якім напісаў пасланне: “Усім дзецям, якіх я люблю, ад вашага Валянціна”.
Вось такая цікавая гісторыя з’яўлення “валянцінак”. Паступова Дзень св. Валянціна з каталіцкага свята ператварыўся ў свецкае. Яго адзначаюць з задавальненнем, хоць яно і не пазначана ў календары сярод афіцыйных свят. У нашай краіне Дзень св. Валянціна сталі адзначаць параўнальна нядаўна – дзесьці ў канцы мінулага стагоддзя. Прычым, у гэты дзень усе віншуюць не толькі сваіх каханых, але і сяброў. Што ж, чаму б і не? Бо гэта цудоўная нагода пажадаць сябрам любові і шчасця! Дарэчы, у Фінляндыі 14 лютага сапраўды святкуецца не толькі як Дзень закаханых, але і як Дзень сяброў! Таму нам, Маленькі Чытач, варта ў гэты дзень памаліцца да св. Валянціна за ўсіх, хто блізкі сэрцу.
Заданне: Падрыхтуй паштоўкі для сваіх блізкіх і напішы 5 якасцей, за якія іх шануеш. Увечары разам з сям’ёй памаліся да св. Валянціна, каб даў усім Вам мужнасць вызнаваць сваю веру і сведчыць аб любові да Бога кожнаму чалавеку.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 26 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.