ГРОДНА
Пятніца,
03 мая
2024 года
 

Паставіць на Бога

Слова рэдактара

 Нягледзячы на тое, што попел, якім у Папяльцовую сераду былі пасыпаны нашы галовы, здзьмуў вецер ці змыла вада, мы надалей разважаем у сваіх сэрцах пачутыя ў гэты дзень словы: “Ты – прах, і ў прах вернешся” і “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”.
    Пан заклікае да навяртання асабліва цяпер, у святы час Вялікага посту. Яно з’яўляецца абсалютнай неабходнасцю! Усемагутны прагне нам усвядоміць, што існуе адрознае ад звычайнага жыццё, да якога мы штодзённа імкнёмся. З аднаго боку, рашэнне аб навяртанні мы прымаем толькі аднойчы, а з другога – шматразова на працягу ўсёй сваёй зямной вандроўкі.
Аднойчы – калі пастановім, што хочам жыць у адзінстве з Богам, шматразова – пасля кожнага падзення. Грэх – гэта збочванне з дарогі, якая вядзе ў вечнасць. Аднак Езус заўсёды дае нам чарговы шанс. Колькі іх мы атрымліваем за ўсё жыццё! І мала калі задумваліся, што кожны можа быць апошнім...
    Бог аб’явіўся чалавеку як хтосьці самы блізкі, як Айцец і Сябар. Ён прагне засцерагчы сваё любімае дзіця ад чарговай раны; прагне шчырай, адкрытай і поўнай даверу сувязі з чалавекам, каб магчы яго аздараўляць. Аднак еднасць з Усемагутным немагчымая без адмаўлення ад граху.
    Ніхто з людзей не нараджаецца вялікім грэшнікам. Становіцца ім, калі дазваляе д’яблу ўварвацца ў сваю душу і запанаваць у ёй. Прыгадаем лёс Адама і Евы: яны былі бязвіннымі, пакуль не паддаліся спакусе. Грэх толькі спачатку салодкі, як плод, сарваны з Дрэва Жыцця. Яго наступствы вельмі горкія, а часам нават атрутныя. Д’ябал, галоўны віноўнік беззаконняў, прагне для людзей толькі знішчэння. Шчасця ж чалавек можа дасягнуць толькі ў гармоніі з Богам.
    Калісьці манахіня тлумачыла дзецям: “Чым бліжэй я падыходжу да акна і святла, тым больш плям бачу на сваім хабіце”. Так і з нашым навяртаннем і набліжэннем да Пана. Чым бліжэй мы да Яго, тым больш недасканаласцей у сабе заўважаем. Аднак гэта не павінна выклікаць нездаровыя згрызоты сумлення – мусіць узнікаць жаданне непахісна накіроўвацца да святасці з верай у гаючую Божую міласэрнасць.
    Вялікі пост – гэта час пакаяння і барацьбы з грахом, час прызнання сваёй недасканаласці і асуджэння зла. Мы павінны знішчыць усіх бажкоў, якіх паставілі на сваім шляху да Бога, памятаючы, што не дастаткова пазбягаць зла, трэба таксама рабіць як мага больш дабра.
   
   Дарагія Чытачы!
   Няхай у сёлетні пакаянны перыяд нас умацуюць рэкалекцыі, велікапосныя набажэнствы, пост і міласціна, а таксама добра перажытая споведзь. Мейма адвагу кінуцца ў адкрытыя абдымкі Бога, даручаючы Яму ўсё сваё жыццё.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  243

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.