ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Адчуць удзячнасць Богу за сілы і ласкі

Лісты чытачоў

Сёлета была ў пілігрымцы да Маці Божай Тракельскай. Дзякавала Найсвяцейшай Панне Марыі за ласкі, якія атрымала праз Яе заступніцтва.
Я выйшла замуж у 1972 годзе. Нарачоны быў праваслаўным. Павянчаліся. Нарадзілі дачок. Высветлілася, што муж выпівае. Пасля 13-ці гадоў шлюбу разышліся. Жылі асобна, у сепарацыі. Доўгія гады пра яго нават не ўспамінала.
    Сама шмат малілася, у розных інтэнцыях. А аднойчы прыйшла думка: “Трэба ахвяраваць малітву за мужа, каб не памёр ад алкаголю ў смяротным граху, каб хоць перад смерцю пакаяўся перад Богам”.
Праз нейкі час мне патэлефанавалі дочкі і паведамілі, што бацька ў бальніцы. Я схадзіла да споведзі і атрымала пакуту наведаць мужа і папрасіць у яго прабачэння. Гэта было 2 жніўня 2001 года, акурат на свята Маці Божай Анёльскай. У гэты ж дзень я пайшла ў бальніцу. Дачка запрасіла святара. Праз 3 дні, на свята Маці Божай Кангрэгацкай, муж адышоў у вечнае жыццё. Упэўнена, што гэта праз Найсвяцейшую Панну Марыю Бог выслухаў нашы малітвы і адарыў яго такой ласкай.
    У жыцці мы неаднойчы спазналі Божую прыхільнасць. Калі я даведалася, што павінна нарадзіцца другая ўнучка, нястомна малілася за яе. Урачы не рэкамендавалі дачцэ нараджаць, яе муж таксама быў супраць, а яна адважылася. Я знайшла ў бібліятэцы кнігу пра св. Антонія Падуанскага, раздзяліла яе на 9 месяцаў і кожны дзень чытала ўрыўкамі. Нарадзілася дзяўчынка: разумная, прыгожая. Страшна падумаць, што яе магло б не быць на гэтым свеце…
    Сёння мне 68 гадоў. На сваім лёсе я ўпэўнілася, як Бог дапамагае перажыць шматлікія цяжкасці, дадае сіл, часамі далікатна накіроўвае і заўсёды знаходзіцца побач. Вельмі ўдзячна бацькам, якія прышчапілі мне веру ў Бога. Пранесла яе праз усё жыццё і буду несці далей, да сваіх апошніх дзён.

Гэлена, Гродна

 

Веру ў Бога мне перадала бабуля. Памятаю, што дома перад тым, як класціся спаць, я адгаворвала вячэрнюю малітву. Калі праходзіла каля касцёла, рабіла на сабе знак крыжа.
Пасля паехала на вучобу. Але ніколі не забывала пра Бога. Выйшла замуж. Дзяцей таксама выхоўвала ў веры, прывяла да першых сакрамантаў.
    Стаў моцна выпіваць муж. Дома пачаліся скандалы. З кожным днём станавілася ўсё горш. Я вельмі хвалявалася, што дзеці выхоўваюцца ў сям’і, дзе бацька злоўжывае алкаголем. Найбольшым страхам было, што могуць пайсці па яго слядах. Чаго баялася, тое і здарылася…
    Старэйшы сын пасля арміі не мог уладкавацца на працу. Запіў. Мяне не слухаў – дарослы, на ўсё сваё меркаванне. Я сварылася, крычала. Зразумела, што адна не дам рады. Прыходзіла ў касцёл, каялася і прасіла ў Бога на каленях дапамогі.
    Як здарылася бяда, стала ўспамінаць усе свае грахі, нават тыя, якім раней не надавала значэння. А грахоў было так шмат… Многае не разумела, калі парушала запаведзі. Сорамна, але крыўдзілася на Бога, калі што ў жыцці ішло не так.
    І тут сын рэзка кінуў піць. Пачаў рабіць добрыя справы, усім дапамагаць і расказваць, што размаўляе з Богам. Я ўзрадавалася. А пасля стала заўважаць, што ён неўранаважаны. Ходзіць па хатах, арганізацыях і вучыць усіх правільна жыць. Перастаў спаць ноччу. Гаворыць, што Бог дазваляе не спаць. Не хацела верыць, што сын хворы. Запрасіла святара. Той сказаў, што трэба лячыцца. Тады была вымушана звярнуцца ў бальніцу. Урач паставіў дыягназ, што хвароба невылечная.
    А потым я пачула пра рэкалекцыі вядомага місіянера а. Джэймса Манджакала ў Росі. Гэта было ў 2011 годзе. Мы з сынам запісаліся і паехалі. Удзельнічалі ўсе 4 дні. Выязджалі з дому на світанні і вярталіся апоўначы. Я верыла ў тое, што Бог дапаможа, вельмі моцна. Малілася, была ў споведзі за ўсё жыццё. На каленях вымальвала прабачэнне.
    І ў нашай сям’і пачалі адбывацца неверагодныя рэчы! Патэлефанавала нявестка майго малодшага сына і гаворыць: “Цуд! Сяргей дастаў бутэльку, паставіў шклянку. Хацеў выпіць, але раптам застыў і сказаў, што не хоча”. Бог паказаў сыну, што мацнейшы за злога духа. Старэйшы таксама перастаў злоўжываць алкаголем. Пачаў прымаць медыкаменты і хадзіць у касцёл. Так спакой прыйшоў у наш дом.
    З падзякай за атрыманыя ласкі я стала маліцца штодня Вяночкам да Божай міласэрнасці. Штодня адгаворваю Ружанец. У цяжкія часы я наведвала санктуарыі Маці Божай у Будславе, у Гудагаі. Паабяцала Найсвяцейшай Панне Марыі, што буду маліцца да Яе да канца жыцця.
    Я перастала плакаць, радуюся жыццю. Вельмі ўдзячна Богу за сілы і ласкі, якімі адорвае мяне і маю сям’ю. Буду дзякаваць Яму, колькі буду жыць!

Валянціна

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.