ГРОДНА
Пятніца,
03 мая
2024 года
 

Айцец міласэрны, а эпідэмія…

На шляху да святасці

Завяршыліся ўрачыстасці Вялікага тыдня, падчас якіх узгадвалі балесную муку і смерць Хрыста і Яго ўваскрасенне ў хвале.
    Гэты час, як і наступная Нядзеля Божай Міласэрнасці, падштурхоўвае нас да разважання над грахом, справядлівасцю Бога і Яго бязмежнай міласэрнасцю.
Загружаныя, занятыя рознымі справамі і праблемамі паўсядзённага жыцця, часта бездапаможныя перад імі, мы нярэдка задаём сабе падобныя пытанні, на якія не заўсёды можам знайсці дакладныя адказы: “Адкуль ведаем, што Бог міласэрны?”, “Чаму павінны ўшаноўваць Божую міласэрнасць?”, “Ці патрэбны Богу міласэрныя ўчынкі людзей?”. Бог стварыў свет з любові і з самага пачатку вырашыў адарыць гэтай міласэрнай любоўю кожнага чалавека. І ўсё, што існуе, што было створана, увесь Сусвет – тварэнне гэтай міласэрнасці.

   Святое Пісанне пра Божую міласэрнасць
    Аб Божай міласэрнасці сведчыць кожная старонка Бібліі. Практычна ва ўсіх псалмах узнікае, а часта і пераважае думка аб вялікай ласкавасці Стварыцеля, што шукае і ратуе чалавека.
    У Старым Запавеце Бог акрэсліваецца як міласэрны, літасцівы, цярплівы, багаты на дабрыню і вернасць. Ён захоўвае сваю ласку ўжо тысячы пакаленняў, прабачае здрады і грэх, але не пакідае іх без пакарання. У Святым Пісанні Старога Запавету Божая міласэрнасць часцей за ўсё адносіцца да мірскога дабрабыту, бо нават прабачэнне грахоў звязана з зямным шчасцем. Толькі ў пазнейшых кнігах Божая міласэрнасць бярэ за падставу будучыя даброты. “Хто спадзяецца на Яго, той зразумее праўду, а верныя будуць трываць пры Ім у любові, бо ласка і міласэрнасць будзе для Яго выбраных” (Мдр 3, 9). Душы справядлівых знаходзяцца ў руках Бога, і хоць яны памерлі, усё ж спачываюць у спакоі і атрымаюць вялікія даброты (параўн. Мдр 3, 1–8).
    Новы Запавет захоўвае ранейшую агульную канцэпцыю Божай міласэрнасці, надае ёй больш багаты змест. Бог міласэрны да ўсіх людзей, і прыемны Яму той, хто выконвае Яго волю. У Хрысце і праз Хрыста здзяйсняецца поўнае аб’яўленне Божай міласэрнасці. Той, хто глядзіць на Хрыста, не можа не бачыць у Ім міласэрнасці. Езус не толькі гаворыць пра Божую міласэрнасць і тлумачыць яе праз параўнанні і прыпавесці, але, перш за ўсё, сам яе ажыццяўляе і ўвасабляе, сваімі паводзінамі і ўсімі сваімі дзеяннямі паказвае, што ў свеце існуе любоў, адчувальная да чалавечай крыўды, убоства, слабасці, няшчасця, адным словам – любоў, якая на біблійнай мове называецца міласэрнасцю. Кульмінацыйным момантам аб’яўлення і ўдзялення міласэрнай любові Бога сталі пасхальныя падзеі – справа адкуплення свету і чалавека, мука і смерць Хрыста на крыжы.
   
    Пасланне Касцёла
    Праўду пра бязмежную міласэрнасць Бога Езус нагадаў нам у ХХ стагоддзі праз св. Фаўстыну Кавальскую. “Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці!” (Дз. 300). Езус патлумачыў с. Фаўстыне, чаму міласэрнасць і любоў з’яўляюцца найвялікшымі атрыбутамі Бога. Па-першае, міласэрнасць аб’ядноўвае стварэнне са Створцам. Па-другое, найбольшую любоў і прорву міласэрнасці можна пазнаць ва ўцелаўленні Слова, у Яго адкупленні. С. Фаўстына заключае, што гэтая прыкмета з’яўляецца самай значнай у Богу.
    Ад Святога Айца Яна Паўла II мы ўсе таксама атрымалі місію абвяшчэння Божай міласэрнасці словам і сведчаннем: “Няхай будзе выканана абавязковае абяцанне Пана Езуса, што адсюль павінна выйсці іскра, якая падрыхтуе свет да канчатковага Яго прыйсця. Трэба гэтую іскру Божай ласкі распальваць. Трэба перадаваць свету агонь міласэрнасці” (з гаміліі падчас св. Імшы ў Кракаве-Лагеўніках, 2002 год). Таму мы пакліканы з новым запалам сведчыць пра Бога, багатага на міласэрнасць.
   
    Універсальны характар
    Пасланне аб Божай міласэрнасці адрасавана кожнаму чалавеку, незалежна ад колеру скуры, расы, нацыянальнасці альбо вызнаваемай веры. Кожны можа маліцца словамі “Езу, давяраю Табе, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету”. Кожны можа далучыцца да вялікага руху анавальнікаў і апосталаў Божай міласэрнасці. Дастаткова выканаць 3 ўмовы, пастаўленыя Панам Езусам: давер да бясконцай міласэрнасці Бога, настойлівасць у малітве і любоў да бліжняга.
    Міласэрнасць павінна праяўляцца ў нашым жыцці незалежна ад таго, кім з’яўляемся, дзе знаходзімся, з кім размаўляем ці якую працу робім. Яна адорвае цярплівасцю і спакоем, нават калі наша паўсядзённае жыццё вельмі складанае і калі губляем усякую надзею. Міласэрныя мы – і Бог міласэрны да нас.
   
    Плён міласэрнасці
    Тым, хто набліжаецца да Яго міласэрнасці, Езус дае вялікія абяцанні, але ў той жа час ставіць патрабаванні. “Жадаю ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія павінны зыходзіць з любові да Мяне. Міласэрнасць неабходна аказваць бліжнім заўсёды і ўсюды. [...]
    Я даю табе 3 спосабы аказання міласэрнасці іншым: першы – учынак, другі – слова, трэці – малітва” (Дз. 742).
    Знакам таго, што сваім даверам мы зачарпнулі з крыніцы Божай міласэрнасці, будзе любоў, аказаная бліжнім. Чым больш ласкаў атрымаем, тым больш людзей адчуе дабрыню Бога праз нас. Езус хоча паказаць людзям свае рукі і бок. Нашымі далонямі Ён прагне далікатна дакрануцца да людзей, падняць іх і дадаць мужнасці. Такім чынам, набажэнства да Божай міласэрнасці з’яўляецца спосабам выявіць сапраўднае Аблічча Бога і паказаць яго сучаснаму свету.
   
    Божая міласэрнасць і свабода чалавека
    Бог, які Абраз Езуса Міласэрнага належыць да найбольш вядомых і ўшаноўваемых  абразоў у сучасным Касцёле. Адзін з іх устаноўлены ў галоўным алтары  ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Лідзе ёсць Любоў, стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве, надзяліўшы розумам і вольнай воляй. Прычым мы валодаем гэтымі рысамі ў такой ступені, што можам нават здрадзіць міласэрнасці Бога, чаго праз спакусы сумненняў спрабуе дабіцца д’ябал.
    Пан Езус сказаў с. Фаўстыне, што калі хтосьці пры жыцці не захоча прыняць Яго як міласэрнага Госпада, то ў момант смерці такой асобе давядзецца прыняць Яго як справядлівага Суддзю. Божая міласэрнасць тут і зараз з’яўляецца шансам, але кожны з нас сам вырашае, як ім карыстацца.
   
    Асабістае вымярэнне
    Каб быць сведкам міласэрнага Бога, трэба спачатку адкрыцца на Яго прабачаючую любоў, пра якую гаворыць псалом 51. Мы павінны прызнаць свае грахі перад Стварыцелем, давяраючы Яго міласэрнасці. Можам маліцца, як цар Давід: “У паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае! Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа!”. Толькі чалавек з чыстым сэрцам, які хоча цалкам даверыцца Богу, можа быць сведкам Яго міласэрнасці. Сэрца, вочы, рукі, ногі і вусны тады становяцца поўнымі спачувальнай і прабачаючай любові (параўн. Дз. 163). Няма для чалавека іншай крыніцы надзеі і ўмацавання, акрамя Божай міласэрнасці. Менавіта таму мы хочам з верай паўтараць за св. Фаўстынай: “Езу, давяраю Табе!”.
    Сутыкаючыся з духоўнай згубленасцю сучаснага чалавека, трэба зноў браць прыклад з мужнасці святых. Нам неабходна тое вялікае жаданне змяняць сэрцы, якое яны мелі. Трэба аздаравіць і з’яднаць нутро, бо менавіта ў сэрцы нараджаюцца грахі (параўн. Мц 15, 19). Бог цярплівы, таму Ён дае нам час на навяртанне. Ён заўсёды першы працягвае руку ў жэсце прабачэння. Няхай нашы сэрцы закране любоў, што выцякае з міласэрнага Сэрца Езуса, якое гаворыць пра Сэрца Айца. Давайце дазволім гэтай любові ахапіць нас!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  243

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.