ГРОДНА
Аўторак,
21 студзеня 2025 года |
З паклонам да старасці, з выклікам да маладосці
![](/images/stories/n544/hanna.jpg)
Раскрываючы каштоўнасць продкаў, маем добрую магчымасць засяродзіцца над уласнай каштоўнасцю, і як наступства – выбраць найбольш адпаведны для сябе шлях, бо нельга адмяніць сувязь паміж пакаленнямі, дараваную нам Госпадам.†
Дар ад продка
![](/images/stories/n544/mucznicy2.jpg)
Тэма раскрыцця ўласнага паклікання, напэўна, адна з самых складаных. Што рабіць? Давяраць свой жыццёвы шлях Богу і актыўна “шукаць сябе”. Няпроста, але дзейсна. Вадзім дае падказку, якая спрацавала ў яго выпадку: звярнуць увагу на карані і паглыбіцца ў гісторыю свайго роду. Нездарма Касцёл лічыць сям’ю самым вялікім багаццем – магчыма, там утойваецца найкаштоўнейшы скарб?
“Свайго дзядудулю я ніколі не бачыў – не застаў пры жыцці. Аднак менавіта яго постаць адыграла вырашальную ролю ў станаўленні маёй асобы”, – адзначае хлопец.
Незадоўга да адыходу з жыцця Леанід Калупайла пачаў пісаць дзённікі. Паспеў занатаваць 2 сшыткі, у якіх змясціў самае важнае. Стары чалавек адчуваў хуткае прыйсце смерці з-за дакучлівай хваробы і хацеў пакінуць нашчадкам памяць пра сябе – каб не забывалі. Не толькі не забылі, але і скарысталі яго спадчыну.
![](/images/stories/n544/muczanicy3.jpg)
Каб яе стварыць, Леаніду Калупайлу спатрэбілася некалькі гадоў і немалыя грошы. Пачынаў з імправізаванай лабараторыі на кухні: закрываў усе шчыліны ад вокнаў і дзвярэй – і на працягу некалькіх гадзін на кухню нельга было заходзіць. Пасля перамясціўся ў склеп. Пачаў самастойна рабіць растворы для праяўкі плёнкі – рэцэпты браў з адмысловай кнігі. Паступова купіў неабходнае абсталяванне: фотапавелічальнік, чырвоную лямпу, глянцавацель, бочкі для праяўкі плёнкі, ванначкі для фатаграфій – той мінімум, які неабходны для “нараджэння” фатаграфій.
![Дзядуля Вадзіма Леанід Калупайла ў маладосці Дзядуля Вадзіма Леанід Калупайла ў маладосці](/images/stories/n544/kolupajlo.jpg)
Сувязь скрозь нябыт
Вадзім прачытаў у дзённіках, што дзядуля вельмі любіў падарожнічаць, заўсёды з фотаапаратам, які “тануў некалькі разоў падчас паездак”. Хлопец захапляецца азартам дзеда і прызнаецца, што хацеў бы павандраваць разам з ім, калі б была такая магчымасць… Дзядулю і ўнука раздзяляюць дзесяткі гадоў, аднак Вадзіму прыйшла ў галаву ідэя здзейсніць падарожжа ў часе. Даследаваўшы сямейны фотаархіў, хлопец вырашыў зрабіць фотапараўнанні. У архіве дзеда шмат здымкаў Гродна. Гэтыя фота налічваюць ужо паўстагоддзя, таму адлюстраваныя на іх віды крыху адрозніваюцца ад сучасных. Вадзім рашыў, што будзе цікава прадставіць на адной выяве бачанне дзеда і ўнука. Можна будзе адчуць розніцу пакаленняў, убачыць, як змяніўся горад.
Хлопец з запалам дзеліцца тэхнічнымі падрабязнасцямі працэсу фотапараўнання: “Бяру ў рукі патрэбны здымак і скрупулёзна вымяраю, з якой кропкі ён быў зроблены. Раблю ўласнае фота з ідэнтычнага ракурсу. Пасля з дапамогай фотарэдактара накладваю здымкі адзін на другі: некаторыя аб’екты перамяшчаю, каб супалі, і непатрэбную частку кадра выдаляю. Калі ёсць пэўныя навыкі, на ўвесь працэс затрачваецца не больш за паўгадзіны часу – а вынік атрымліваецца займальны”.
На дадзены момант гатовыя параўнанні, у асноўным, з цэнтра горада. Вадзім плануе здымаць далей, каб пасля арганізаваць уласную выставу.
Пераймаючы, адкрываць сябе
![](/images/stories/n544/grodno.jpg)
У лютым бягучага года Вадзім адкрыў сваю першую выставу ў фотаклубе “Гродна”. Ён ездзіў па маршруце 35-га аўтобуса, які стартуе з плошчы Савецкай і накіроўваецца на возера Юбілейнае, і фатаграфаваў пасажыраў. Сваю выставу Вадзім так і назваў – “35-ты маршрут”.
“Паехаў, каб зрабіць некалькі пейзажаў, а ў выніку пачаў звяртаць увагу на пасажыраў і фатаграфаваць іх. Здымаў на працягу года – ёсць здымкі з кожнай пары: зімы, вясны, лета і восені. Пасля падумаў, што з гэтым матэрыялам магу зарэкамендаваць сябе як фатограф. У выніку для выставы былі адабраны 30 здымкаў. На іх звычайныя гродзенцы, якія ездзілі на дачу і вярталіся назад. Падчас шляху кожны займаўся сваімі справамі і не заўважаў, што я прыцэльваюся фотаапаратам”, – распавядае Вадзім.
Хлопец таксама ўдзельнічаў у фотавыставе “Мы з Беларусі”, арганізаванай пасольствам Ізраіля для мясцовых фатографаў. “Прапускным білетам” для Вадзіма стала фотавыява Каложскай царквы. Нездарма і сярод дзядулінага архіва шмат здымкаў сакральнай архітэктуры Гродна – было ў каго павучыцца. Дарэчы, таленавітасць хлопца адзначаюць многія гродзенскія фатографы.
Вынесці ўрок
Вадзім дзеліцца, што адкрываць уласную гісторыю і ўсталёўваць сувязі з продкамі – цікава. Хаця б па той прычыне, што за гэтым абавязкова будзе ўтойвацца які-небудзь сюрпрыз.
“Дзядуля не жыў у эпоху гаджэтаў і інтэрнэту, але гартаючы старонкі дзённіка, я ўпэўніўся: яго штодзённасць была вельмі яркай і насычанай. Гэта абуджае вялікую прагу да замілавання жыццём, – адзначае хлопец. – Гісторыя дзеда адыграла важную ролю ў станаўленні мяне як асобы. Спачатку ацэньваў сваё захапленне фатаграфіяй на ўзроўні хобі. Аднак даследаваўшы дзедаў архіў і лабараторыю, я зрабіў фатаграфію часткай свайго жыцця. Яна, пэўна, вызначыць маю будучыню”.
Зараз Вадзім рыхтуецца да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на факультэт экранных мастацтваў (спецыяльнасць – кінатэлеаператар), а пасля марыць накіравацца за межы краіны, каб развіваць свае здольнасці.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 345 |
Чакаем Вашай падтрымкі
![skarbonka](/images/stories/skarbonka.png)
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.