ГРОДНА
Серада,
04 снежня
2024 года
 

Ключ да святасці і збаўлення

На шляху да святасці

САгонія ў садзе, Эль Грэка, 1605 г.ёння мы паразважаем над вобразам Бога, які носім у сваіх сэрцах. Які Ён на самой справе – наш Пан, якога павінны шукаць усёй душою?
Бласлаўлёны кс. Міхал Сапоцька падкрэслівае, што духоўнае жыццё чалавека залежыць ад таго, якое паняцце аб Богу той мае. Ён піша: “Калі вобраз Бога з’яўляецца ілжывым, то і адносіны з Ім будуць няправільнымі. У той жа час, калі вобраз Бога праўдзівы, хрысціянін узрастае ў святасці і бязмежным даверы. Правільнае паняцце аб Богу з’яўляецца ключом да святасці, таму што яно рэгулюе нашы паводзіны ў адносінах да Бога, як і Яго адносіны да нас”.
Часам хрысціяне замест таго, каб фарміраваць сапраўдны вобраз Бога, у сваім розуме і сэрцы малюць Яго на ўласнае падабенства: справядлівым, суровым, капрызным, зменлівым – такім Суддзёй, які толькі і чакае, каб пакараць за грэх, зруйнаваць жыццё, адабраць ласку збаўлення. Часам можам уяўляць, што Пан паставіў нас на дарозе з вялікімі перашкодамі, а сам з нейкай злараднасцю сочыць і запісвае штрафныя балы, каб хутчэй дыскваліфікаваць, каб сказаць, што мы прайгралі, што ні на што не годныя, каб скінуць нас у пекла. Такі вобраз Бога з’яўляецца фальшывым і існуе толькі ў хворым чалавечым уяўленні. Гэта не біблейскі вобраз Бога.
    Падобныя думкі з’яўляюцца вялікім паклёпам на Бога. Імі асоба прычыняе сабе вялікую шкоду, становячыся фармальнай у адносінах да Творцы. Хто глядзіць на Бога толькі як на суровага Пана і справядлівага Суддзю, заўсёды трымае свае адносіны з Ім на адлегласці, трымае самога Бога на адлегласці, і такім чынам Бог не можа аказаць яму сваю міласэрнасць. Такі чалавек не можа давяраць Пану, таму што ў адносінах з Ім няма сардэчнасці і цяпла, якія вельмі неабходны на шляху да хрысціянскай дасканаласці. Такая пастава можа прывесці чалавека да роспачы – роспачы аб ласцы Божай.
    Іншым няправільным вобразам Бога з’яўляецца ўяўленне Яго як такога добранькага дзядулі, які закрывае вочы на нашы грахі, якога можна падмануць, які толькі блаславіць усе дрэнныя ўчынкі. Гэта легкадумны вобраз. Чалавек жыве ў ілюзіі, з думкай: “Буду грашыць, бо Пан міласэрны і ўсё мне даруе”. Неабходна разумець, што Бог добры, але не добранькі. Ён дае нам панесці адказнасць за свой выбар – тое цярпенне, якое нясе з сабой грэх.
    Каб давер чалавека да Бога не быў зманлівым і ілюзорным, ён павінен грунтавацца на шчырым навяртанні і сардэчным пакаянні за грахі. “Прызнанне сваёй віны і раскаянне за яе з’яўляецца падножжам для Божай міласэрнасці”, – адзначае кс. Міхал Сапоцька. Божая міласэрнасць – гэта не беспакаранасць. Для кожнага чалавека адмераны абмежаваны перыяд часу, калі можна скарыстаць з ласкі міласэрнасці або прапусціць яе, тым самым падпісаўшы самому сябе прыгавор вечнай пагібелі.
   
Калі разуменне Бога ілжывае, то і адносіны з Ім няправільныя. У той жа час, калі яно адпавядае рэчаіснасці, хрысціянін будзе развівацца ў святасці і неабмежаваным даверы, таму што правільнае разуменне Бога з’яўляецца ключом да святасці, бо рэгулюе нашы паводзіны ў адносінах да Пана, як, у пэўным сэнсе, і Яго адносіны да нас.

    Сапраўдным жа з’яўляецца вобраз Бога, які адкрывае нам Святое Пісанне. Біблія малюе на сваіх старонках Бога як Айца – Айца ўсялякай міласэрнасці, Айца Езуса Хрыста, а ў Хрысце – таксама кожнага з нас. Патрэбна прыняць вобраз Бога як Айца, бо гэта найважнейшая праўда хрысціянства.
    Вобраз Бога ў Старым Запавеце фарміруецца вельмі павольна, ажно пакуль не дасягае ідэальнай постаці ў вучэнні вялікага прарока Ісаі (параўн. Іс 63, 16; 64, 8). Ён падкрэслівае элемент любові, сардэчнасці і клопату Бога, як аб усім народзе, так і аб кожным канкрэтным чалавеку. Бог з’яўляецца Айцом усіх людзей, як іх Творца, як Той, хто ахвяраваў дар жыцця, хто стварыў чалавека на свой вобраз, падобнага да сябе. Бог для сваіх дзяцей з’яўляецца ласкавым і літасцівым (Mал 3, 17), хаця Яго любоў застаецца такой, што ставіць патрабаванні.
    Праўда аб Божым айцоўстве знаходзіцца ў цэнтры Евангелля Хрыста і цэлага Новага Запавету. Ілюстрацыяй гэтай ісціны можа быць прыпавесць пра блуднага сына або малітва Збаўцы ў Гефсіманскім садзе, калі Ён звяртаўся да Бога: “Абба, Ойча”. Новы Запавет не толькі вельмі часта выкарыстоўвае слова “айцец” у адносінах да Бога, але робіць яго ключавым словам Аб’яўлення, перададзеннага нам Езусам Хрыстом, Сынам Божым. Сутнасцю гэтага айцоўства з’яўляецца любоў Пана да людзей, а мера Яго любові не ведае межаў. У Першым пасланні апостал Ян дадае: “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі!” (1 Ян 3, 1).
    Такім чынам, вельмі важнай становіцца малітва аб глыбокім пазнанні Бога. Апостал Філіп мае рацыю, калі кажа Езусу: “Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам” (Ян 14, 8). Пазнанне сапраўднага аблічча Езуса будзе адначасова пазнаннем Айца, да якога Езус вядзе. Пазнаўшы Айца, мы таксама можам пазнаць выхад з самых заблытаных чалавечых спраў і праблем. Аднак, каб адкрыць сапраўдны вобраз Бога, мы павінны выкрыць Яго ілжывыя вобразы і адмовіцца ад іх. Трэба разбіць у сабе тое, з чым, магчыма, даўно зжыліся, да чаго ўжо прывыклі. Езус павучае: “Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18, 3). Таму будзем прасіць Бога, каб штодзённа пазбаўляў нас ад тых ілжывых вобразаў, якія носім у сваім сэрцы, каб адкрываў нашы вочы на Яго як любячага Айца, каб адчувалі сябе дзецьмі Нябеснага Айца. Ад гэтага залежыць якасць нашых адносін з Богам, якасць нашага жыцця на зямлі, наша святасць, наша збаўленне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.