ГРОДНА
Серада,
04 снежня
2024 года
 

Абадранае Божае Нараджэнне

На шляху да святасці

Робім эксперымент: на Раство прыбіраем усё непатрэбнае. Здзіраем шпалеры, дакопваемся да сэнсу. Шукаем пачаткі, намацваем сутнасць. Будзе нязручна, а магчыма, нават балюча.
Пачнём з бліскавак
    Прыхаваем ялінку, шарыкі, вяночак ды шкарпэткі на каміне. Няма сенца, ясляў. З вокнаў здымем гірлянды. Робім самы звычайны дом: чысты, праветраны, цёплы. Засцілаем стол, запальваем свечку.
    Няма тэлевізара, няма інтэрнэта. На паліцы некалькі кніг. Сярод іх – Біблія. Суседзі не запускаюць салюты. Цішыня. Сядаем.

   Прыбіраем самаўпэўненасць
    Гэта ж трэба зараз пазбавіцца працы! Акурат перад святамі. Па вушы ў пазыках, крэдытах. У машыне ізноў сапсаваўся генератар. Ад апошняга заробку засталося зусім трошкі. Павінна хапіць на святы, а далей – невядома…
    Яшчэ невядома, што з аналізамі. Доктар нешта круціў носам, казаў пераздаць тое і гэта…
    Усё неяк без сэнсу. Адчуваецца стомленасць. Ніякай падтрымкі. Жонка не разумее. Дзецям усё гулі. Сярод сяброў і знаёмых выглядаеш нейкім лузерам: ні на што не ўплываеш, вечна пакрыўджаны.
    І вось ты за сталом. Навокал ніякіх бліскавак. Унутры таксама. Не да Сэнсу, не да Уцелаўлення. Ніякіх калядак, аплаткаў, жаданняў… Не да іх.
   
    Споведзь
    Бурыцца вонкавая ідылія. Ты, насамрэч, не самаадданы, не ахвярны, не сяброўскі, не закаханы, не культурны. Адкрыйся праўдзе! Шчыра, без самападману. Часам хітры, сквапны, зайздросны, злосны. Пакінь свой знешні вобраз, выкрый сябе сапраўднага! Вочы хаваюцца самі. Нязручна, нягегла. Гэта сапраўды балюча. Навошта ўвогуле гэты эксперымент, тым больш на святы?
    Сядайма за стол Уцелаўлення. Як ёсць. Без страў, свабоднага месца, сенца і абруса.
    Сядайма хутчэй, і скончым з гэтым.
   
   Сышоў з неба
    Навошта ўсё гэта Богу? Гэтая няпростасць, заблытанасць, бясконцая грэшнасць? Цэзар, сотнікі, фарысеі, садукеі… Інваліды, каментатары, праўладныя, непраўладныя… Глядзіш на ўсё – і не да спецэфектаў і бліскавак. Навошта, Бог, Табе гэта?!
    Ты ўсё роўна сядаеш за стол з маёй свечкай. А я паводжу сябе, як нэндза. Ты глядзіш, маўчыш, усміхаешся. Так трэба. Прамаўляеш да мяне: “Досыць абдзіраць Раство”. І мы павесілі з Табой гірлянду.
    Зрабілі паесці…
    Эксперымент па пошуку Сэнсу Уцелаўлення скончаны. Ты быў, Ты сышоў. Усё для мяне. Я не адзін. Паўсюль і заўсёды. Вось і Сэнс Уцелаўлення!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.