ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

„Адпачні ўва Мне”

З жыцця Касцёла

Сплыў на байдарках у спалучэнні з духоўнымі практыкаваннямі арганізуе моладзевае душпастырства “OPEN”Наперадзе многіх чакае летні адпачынак. Дарослых – водпуск, моладзь – канікулы. І якія варыянты? Турцыя ці Егіпет, шашлыкі з сябрамі і наведванне родных. Канешне, можна! А яшчэ можна сплыць на байдарках, пакінуць дзяцей манахіням, пакуль самі арганізуем вольны час, паўдзельнічаць у фэсце – і ўсё гэта ў спалучэнні з узрастаннем у Хрысце.
  Кс. канонік Антоній Грэмза,
    духоўны настаўнік дыяцэзіяльнага моладзевага душпастырства “OPEN”
    Рэкалекцыі на байдарках – гэта ідэя, якая нарадзілася ў моладзевым душпастырстве “OPEN”. Адразу адзначу, што дадзеная ініцыятыва не з’яўляецца чымсьці новым у супольнасці Касцёла. Прыкладам для пераймання стаў св. Ян Павел ІІ, які яшчэ як малады святар Караль Вайтыла разам з моладдзю ладзіў сплавы на байдарках. Пасля пэўнага роздуму над тым, як актыўна і з карысцю правесці час, падчас чарговай сустрэчы ў межах “OPEN” было прынята супольнае рашэнне, каб гэта быў не толькі сплаў па рацэ, але рэкалекцыі на прыродзе са штодзённай св. Імшой, канферэнцыяй, дыcкусіяй і супольнай малітвай. Так, пачынаючы з 2009 года, час актыўнага летняга адпачынку мы спалучаем з духоўнымі практыкаваннямі.
    Разам з тым хачу падбадзёрыць асоб, якія ані разу не хадзілі на байдарках. Не бойцеся, варта паспрабаваць свае сілы! Гэта цудоўная магчымасць праверыць вынослівасць, а таксама раздзяліць свой час з тымі, хто шукае духоўнай прыгоды, спалучанай з актыўным адпачынкам.
    Праграма рэкалекцый на байдарках залежыць ад маршрута і складанасці сплаву па рацэ. Звычайна гэта займае 2-3 дні. Спачатку мы плануем шлях, улічваючы свае фізічныя магчымасці. Дамаўляемся наконт байдарак і транспарту. Калі ўсё гатова, едзем увечары на месца першага начлегу ля выбранай ракі. Сумесна вячэраем і каля вогнішча маем першую канферэнцыю і супольную малітву. Раніцай ізноў молімся, давяраючы Госпаду будучы дзень, і снедаем. Затым слухаем канферэнцыю і атрымліваем практычнае заданне. Пазней адбываецца сплаў па рацэ. Падчас абеду дзелімся сваімі перажываннямі. Увечары ўжо на новым прывале расстаўляем палаткі, удзельнічаем у св. Імшы і адарацыі, якая праводзіцца на адмыслова падрыхтаваным моладдзю алтары. Вячэра ізноў каля вогнішча, пасля – час песень і цікавых гісторый. Падобным чынам выглядае кожны дзень рэкалекцый.
    Удзел у ініцыятыве напэўна стане духоўнай прыгодай, але не трэба спадзявацца, што гэта будзе лёгкі час. Цяжкасці з’яўляюцца ў працэсе сплаву і падчас супольнай спраўнасці людзей: ідзе праверка на адказнасць адзін за аднаго і здольнасць працаваць у камандзе. Аднак магу гарантаваць, што цяжкасці толькі загартуюць і зробяць гэты час незабыўна цікавым.
    Сёлета рэкалекцыі адбудуцца ў другой палове ліпеня. Каб даведацца больш, запрашаем на моладзевыя сустрэчы пры гродзенскім пабрыгіцкім касцёле кожны чацвер а 19-ай гадзіне. Давайце адправімся ў гэтую цудоўную вандроўку разам!

    С. Мар’яна Алешчык CSFN,
    адна з арганізатарак рэкалекцый сямейнага тыпу
    Летнія рэкалекцыі для сем’яў мы звычайна плануем загадзя, амаль за год, каб сужэнцы маглі наперад арганізаваць свой водпуск. Звычайна пасля Новага года я ўжо маю спіс удзельнікаў рэкалекцый – месцы запаўняюцца з хуткасцю святла. Гэта і не дзіўна, бо праграма сапраўды насычаная. У яе ўваходзяць канферэнцыі на абраную тэму, адарацыя, індывідуальныя разважанні і размовы са святаром, споведзь, сустрэчы ў групах і магчымасць пазяліцца сваім досведам, верай. Цэнтрам жа духоўнай часткі праграмы з’яўляецца спатканне з жывым Хрыстом у Эўхарыстыі.
    Безумоўна, прадугледжаны і актыўны адпачынак для ўсёй сям’і і супольнасці. Між іншым, ладзіцца выезд на возера Свіцязь. Або ў рамках экскурсіі і, канешне, для ўшанавання наведваем месцы, звязаныя з гісторыяй жыцця і мучаніцкай смерці нашых нябесных заступніц бл. сясцёр назарэтанак з Навагрудка. Звычайна рэкалекцыі праходзяць на працягу тыдня. Мы ўлічваем і тое, што сужэнцы павінны мець крыху часу “для сябе”. Калі бацькі прымаюць удзел у адмысловых сустрэчах, іх дзяцей бавяць аніматары – манахіні і свецкія вернікі. Хлопцы і дзяўчаты, адпаведна іх узросту, праводзяць час з карысцю для душы і цела. Заўважаем, што мамы і таты заўсёды ўдзячныя за гэтую ініцыятыву.
    Таксама мамы шчаслівыя адпачыць ад гатавання і прыбірання, а ў тат з’яўляецца шанс пагуляць з дзецьмі. Аднак самае галоўнае тое, што ў кожнага ўдзельніка ёсць хвіліны, напоўненыя Богам і цішынёй.
    На жаль, сёння члены сем’яў шмат часу праводзяць ва ўласных занятках: бацькі запрацаваныя, дзеці ў тэлефонах. І паколькі мы арганізуем менавіта сямейныя рэкалекцыі, то імкнёмся зрабіць усё, каб сям’я мела таксама і супольны захапляльны адпачынак падчас сустрэчы з магчымасцю ўзрастаць духоўна. Асобна адзначу, што маем традыцыю аднаўлення сужэнскіх абяцанняў, каб пара памятала, што з’яўляецца адным цэлым.
    Назіраючы за ўдзельнікамі духоўных практыкаванняў на працягу многіх гадоў, бачу, што для сем’яў гэты час з’яўляецца сапраўднай альтэрнатывай традыцыйнаму адпачынку. І мы, сёстры назарэтанкі, моцна цешымся гэтаму, бо сэнс нашага служэння – несці ў сем’і супакой і ідэалы жыцця Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Разам з сем’ямі мы вучымся прастому жыццю, служэнню паводле прыкладу Марыі і Юзафа і паслухмянасці паводле Езуса. Мы хочам, каб нашы сем’і і мы самі былі святымі: у клопаце адзін пра аднаго, у адпачынку, у гульнях, у цэлым жыцці…

    Кс. Юрый Бяганскі,
    кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях
    Каб наведаць менавіта фэст у Тракелях, які звычайна ладзіцца ў пачатку ліпеня, існуе шмат прычын. Аднак адзначу дзве, на якія варта звярнуць асаблівую ўвагу. Па-першае, санктуарый у Тракелях з’яўляецца галоўным у дыяцэзіі, інакш кажучы, мае першы ранг. Гэта значыць, што старанні для арганізацыі фэсту на самым высокім узроўні прыкладае ўся дыяцэзія. Па-другое, абраз Маці Божай Тракельскай, які змяшчаецца ў мясцовай святыні, на працягу некалькіх соцень гадоў славіцца цудамі, а гэта значыць, што дыяцэзіяльны санктуарый – моцна намоленае месца, дзе можна атрымаць шмат ласкаў.
    Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці прапануюць багатую малітоўную праграму, прымаючы ўдзел у якой, можна спасцігнуць ацаленне, супакой, радасць і любоў. Можна не ўдзельнічаць у кожным пункце, а абраць адзін і акунуцца ў яго поўнасцю. Разнастайнасць праграмы на тое і разлічана, каб кожны выбраў сабе штосьці адпаведнае. Галоўны пункт – св. Імшы. Аднак, як Езусу было недастаткова толькі духоўнай ежы, так і вернікам прапануецца іншая частка праграмы. Кірмаш, які даўно стаў неад’емным элементам, з’яўляецца добрай нагодай пакаштаваць смачнай ежы, пазнаёміцца з вырабамі беларускіх рамеснікаў і каталіцкай літаратурай, а таксама правесці час за прыемнай гутаркай з сябрамі або проста аднадумцамі.
    Аднак трэба памятаць, што санктуарый у Тракелях – гэта, найперш, духоўны санаторый. І плён удзелу у фэсце шмат у чым будзе залежаць ад таго, якую мэту сабе паставіць: ці толькі пабадзяцца па кірмашы, ці спасцігнуць новую духоўную вышыню.
    За тры гады, пакуль знаходжуся на пасадзе кусташа, на маю электронную паштовую скрыню прыйшло мноства сведчанняў духоўных і фізічных ацаленняў пасля ўдзелу вернікаў у Тракельскіх урачыстасцях. Шмат пацвярджэнняў атрымання дару патомства ад сужэнстваў, якія на працягу доўгага часу не мелі дзяцей. Пасля мінулага года 97% падзяк прыходзіць ад тых, хто перамог каранавірус. Усё дзякуючы заступніцтву Маці Божай.
Малітва – насамрэч нялёгкая справа, але толькі праз яе можна дазволіць Богу ўвайсці ў сябе і нарэшце адпачыць па-сапраўднаму.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.