ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня 2024 года |
Шчырая размова з доктарам
“Калі эмацыянальна рэагаваць на кожны выпадак, то цябе не хопіць на сям’ю, на дзяцей, на сябе”
У грамадстве ўрачы заўсёды былі асаблівай групай, якая карыстаецца вялікім даверам і агульнай павагай. З пачаткам пандэміі яны зноў трапілі ў асаблівы фокус. Аднак за ціхай і сканцэнтраванай працай існуе нябачная для простага чалавека рэчаіснасць.
Сёння размаўляем з практыкуючым тэрапеўтам пра штодзённы складаны свет, у якім жывуць і працуюць радавыя лекары. Спрабуем разабрацца, як адбываецца эмацыянальнае выгаранне, агучванне безнадзейных дыягназаў і, у рэшце рэшт, як наладзіць ва ўсім гэтым свае адносіны з Богам.
Маргарыта Аслаўская – урач агульнай практыкі, заведуючая тэрапеўтычным аддзяленнем Гарадской паліклінікі № 3 г. Гродна, доктар першай катэгорыі з 16-гадовым стажам, жонка хірурга, мама чацвярых дзяцей, член Асацыяцыі Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. †
Сёння размаўляем з практыкуючым тэрапеўтам пра штодзённы складаны свет, у якім жывуць і працуюць радавыя лекары. Спрабуем разабрацца, як адбываецца эмацыянальнае выгаранне, агучванне безнадзейных дыягназаў і, у рэшце рэшт, як наладзіць ва ўсім гэтым свае адносіны з Богам.
Маргарыта Аслаўская – урач агульнай практыкі, заведуючая тэрапеўтычным аддзяленнем Гарадской паліклінікі № 3 г. Гродна, доктар першай катэгорыі з 16-гадовым стажам, жонка хірурга, мама чацвярых дзяцей, член Асацыяцыі Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. †
– Ці праўда, што тэрапеўты найбольш “народныя” дактары? Да іх часцей ходзяць, прычым зазвычай з больш лагоднымі захворваннямі.
– Так, гэта праўда. Я ўвогуле назвала б тэрапеўтаў пяхотай. Як у арміі пяхота сустракаецца з усімі цяжкасцямі, гэтак жа і тэрапеўты. Гэта тыя людзі, якія першымі становяцца тварам да твару з хваробамі. Іх задача – правільна скіраваць чалавека, а самае простае ўзяць на сябе. Тэрапеўту трэба ведаць усё, прынамсі, арыентавацца ў многім. Праца складаная, але цікавая.
– А што адчувае доктар, калі падчас такога “лагоднага” візіту пацыенту трэба сказаць пра нейкі сур’ёзны дыягназ?
– Калі гэта вельмі сур’ёзны дыягназ, то ён, канешне, ставіцца ў стацыянары і там агучваецца. Таму звычайна да нас людзі прыходзяць ужо з выпіскамі. За сябе магу сказаць, што я разумею, што чалавеку заўсёды трэба казаць праўду. Людзям, якія баяцца смерці, хваробы, гавару, што прагноз неспрыяльны, ёсць сур’ёзная праблема, але мы будзем рабіць усё, на што здольны, а ў Госпада могуць быць свае планы, таму ўсякае можа здарыцца. Я стараюся змякчыць вестку, не шакіраваць чалавека праўдай.
– Распавядзіце, калі ласка, якую-небудзь гісторыю з уласнай практыкі, якая запала Вам у душу на доўгія гады.
– У мяне быў адзін пацыент, якога я добра памятаю. У яго была анкалогія лёгкага. Хвароба ўжо перайшла на апошнюю стадыю. Дыягназ быў агучаны не мною, а ў стацыянары, дзе мужчына праходзіў лячэнне. На жаль, з медыцынскага пункту гледжання перспектывы ўжо не было, прагноз быў неспрыяльны. Пацыент не мог прыняць свой дыягназ, ён проста адмаўляўся ў гэта верыць.
Мяне выклікалі да хворага, як пазней аказалася, за два дні да яго смерці. Ён сядзеў такі сумны, апусціўшы галаву на мазолістыя рукі, яго жонка сядзела побач. І мне было так шкада яго! Язык не паварочваўся ні сказаць, што ўсё скончана, ні даць памылковую надзею, што ўсё будзе добра.
Я проста яго прытуліла і пачала гаварыць пра Бога.
Аказалася, ён хрышчоны чалавек, але ў Царкву не хадзіў і малітваў не ведаў. Мы з ім проста добра паразмаўлялі: аб тым, што Бог яго любіць, што жыццё не заканчваецца смерцю, што не трэба баяцца і непакоіцца з-за няведання ніводнай малітвы, а можна проста сваімі словамі звяртацца да Бога, размаўляць з Ім, што варта схадзіць да споведзі…
Не ведаю, ці паспеў гэты мужчына паспавядацца, аднак яго вобраз дагэтуль стаіць у мяне перад вачыма. Я памятаю яго і веру, што Госпад будзе міласэрны да свайго блуднага сына.
– Як адбываецца прафесійная дэфармацыя ў дактароў? Такія гісторыі ўсё-такі складана перажываюцца – павінна ж уключацца нейкая псіхалагічная абарона.
– Магу сказаць выключна пра сябе. Канешне ж, ёсць такі тэрмін як “эмацыянальнае выгаранне”. Спачатку вельмі цяжка перажываць смерць сваіх пацыентаў, пазней да гэтага ставішся прасцей. Ты прызвычайваешся да смерці. Страшны дыягназ страшны толькі для чалавека, а для доктара ён застаецца проста дыягназам, тэрмінам, якім карыстаешся, які запісваеш у гісторыю хваробы. У душу западаюць толькі вельмі сур’ёзныя і складаныя сітуацыі, бо рэшта, на жаль, становіцца руцінай. Ты проста гэта робіш, таму што абавязаны. Гэта твая праца.
Магчыма, мае словы гучаць жорстка, але так ёсць на самой справе. Калі спачатку прыходзіш дадому і плачаш, то пазней да гэтага прызвычайваешся. Адзін чалавек выйшаў з кабінета – і ты прымаеш наступнага пацыента. Калі эмацыянальна рэагаваць на кожны выпадак, то цябе не хопіць на сям’ю, на дзяцей, на сябе.
Добра быць хрысціянінам, у якога ёсць Госпад, каторы дапамагае ўсё гэта перажыць і не ачарсцвець. Я б так сказала. Мне Бог дапамагае не ператварыцца ў такую машыну, якая штосьці робіць і не спачувае.
– Ваш муж – апёкавы хірург. Яго будні, хіба што, больш сумныя. Ёсць жа нейкія гісторыі, якія Вы разам перажываеце, абмяркоўваеце?
У якія моманты псіхалагічная абарона не вытрымлівае?
– Прабівае тады, калі здараецца смерць маладой асобы, смерць чалавека, у якога сям’я, нейкая вельмі цяжкая хвароба альбо складаная жыццёвая сітуацыя: напрыклад, ён нікому не патрэбны, не мае блізкіх, калі чалавек самотны са сваёй хваробай. Вось гэта прабівае.
– Самі ўрачы гавораць, што веруючы хірург адрозніваецца ад няверуючага толькі адным – ён моліцца перад аперацыяй. У астатнім жа – абодва аднолькавыя прафесіналы. Ёсць сэнс увогуле такога падзелу?
– Пацыенты патрабуюць не толькі лекаў ці аперацыі. Яны часта прыходзяць з псіхасаматыкай: ім штосьці баліць, але корань усяго ў глыбокіх псіхалагічных праблемах. Чалавек гэтага не ўсведамляе, ходзіць па дактарах, але ты аб’ектыўна разумееш, што хваробы няма. Прафесіянал скажа: вам патрэбна кансультацыя псіхатэрапеўта, вы саматычна здаровы чалавек. Зразумела, мы выконваем усё механічна, прафесіяналізм застаецца аднолькавы. Аднак веруючы сапраўды просіць у Бога дапамогі і адчувае кіраванне Святога Духа: як Ён дапамагае разбірацца ў дыягназах, якое падабраць слова.
Веруючая асоба глядзіць на чалавека духоўнымі вачыма, бачыць не толькі хваробу, але яго ўсяго. Хрысціянін неяк падтрымае, скіруе, скажа слова, якое праб’е, памоліцца і, канешне, таксама накіруе да псіхатэрапеўта. Але ўсё ўжо будзе зусім па-іншаму.
Мне ўзгадалася адна наша пацыентка, якая ўвесь час скардзілася. Яна шукала ў сябе хваробы, хацела атрымаць групу па інваліднасці. Аднак аб’ектыўна ў яе не было для гэтага ніякіх падстаў. Жанчына прыходзіла ў паліклініку праз дзень, скандаліла, кудысьці пісала скаргі. Яе ведала ўся адміністрацыя і ўсе дактары. З ёю было цяжка.
Аднойчы прыйшла да мяне на прыём, і мы проста пачалі размаўляць. Я слухала, як яна скардзілася, і раптам адчула такое натхненне Святога Духа, што проста прытуліла яе і сказала: “Бог вас вельмі любіць”. І жанчына нечакана стала плакаць. Распавяла мне пра ўсё сваё жыццё: як з яе здзекаваўся муж, а пазней проста кінуў з псіхічна хворым дзіцём, як яна цягне свайго сына – ужо дарослага мужчыну, які не працуе, як не хапае грошай... Аказалася, гэтая жанчына была глыбока самотным чалавекам з вялікай крыўдай на жыццё, на мужа. Яна доўга плакала, але пасля той размовы змянілася. Перастала хадзіць у паліклініку і скардзіцца на ўсіх, пачала дапамагаць сваім суседкам запісвацца на прыём да ўрачоў, хадзіла для іх у краму. Чалавек пераключыўся на дапамогу іншым.
– А ў Вас ёсць нейкія адмысловыя хрысціянскія “штучкі”, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю?
– Канешне, гэта малітва за пацыентаў. Заўсёды, калі іду на выклік, прыём ці калі мяне проста клічуць, бо камусьці ў паліклініцы стала дрэнна, перш за ўсё, бяру фанэндаскоп і танометр, а збягаючы па лесвіцы, малюся. Каб Госпад дапамог хвораму, каб навучыў мяне, скіраваў.
Сапраўды, куды б я ні ішла, заўсёды прашу ў Бога дапамогі. Бо без гэтага ніяк!
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 22 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.