ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Як ён любіў чалавека, як ён любіў святарства!

З жыцця Касцёла

Да гадавіны смерці а. Леона Вітэка OMI, які сва- ім заўзятым святарскім служэннем паспрыяў духоўнаму абнаўленню беларускіх вернікаў.У чэрвені мінулага года па ўзнагароду да Неба адышоў а. Леон Вітэк OMI, які прысвяціў частку свайго святарскага жыцця душпастырскаму служэнню ў Гродзенскай дыяцэзіі. На працягу 19 гадоў ён з вялікай самааддачай і ахвярнасцю служыў пробашчам у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы. Сваім заўзятым, бескарыслівым святарскім служэннем, апостальскім запалам, а таксама асабістым сведчаннем жыцця а. Леон унёс уклад у духоўнае і маральнае абнаўленне беларускіх вернікаў.
А. Леон Вітэк нарадзіўся 23 сакавіка 1934 года ў Здунах каля Кратошына (Польшча) ў сям’і Станіслава і Саламеі. Рана страціў абодвух бацькоў. Пасля іх смерці разам з сястрой пераехаў у Кратошын. З 14-ці гадоў быў звязаны з супольнасцю аблатаў. У 16 далучыўся да Аблацкага юніярата ў Люблінцы. Аднак яму не дадзена было скончыць гэтую школу, таму што ў 1952 годзе дзяржаўныя ўлады забралі будынак школы ў аблатаў і ліквідавалі юніярат. Як выключэнне, хлопцу разам з аднакласнікамі дазволілі паступіць у навіцыят, хаця ён скончыў толькі два гады сярэдняй школы.
    У верасні 1952 года а. Леон распачаў свой навіцыят у Святым Крыжы, які праз год завяршыў першай прафесіяй. Як асоба, якая склала часовыя абяцанні, быў накіраваны ў Маркавіцы, каб там у часовым юніяраце скончыць навучанне з перыяду сярэдняй школы. Затым перайшоў у семінарыю ў Обры, дзе 8 верасня 1957 года склаў вечныя манаскія абяцанні, а 18 сакавіка 1962 года атрымаў пасвячэнне прэзбітэрату з рук арцыбіскупа Антонія Бараняка.
    Пасля пасвячэння а. Леон выконваў душпастырскую паслугу ў Люблінцы, Міламлыне, Белагардзе, а таксама ў трох вікарыятах: Гожуве Велькапольскім, Вроцлаве-Пільчыцах і Кендзежыне-Козлі. У ліпені 1983 года стаў дырэктарам новага дома ў Загуціне і пробашчам мясцовай парафіі. У 1989 годзе быў прызначаны суперыёрам і эканомам манастыра ў Гожуве Велькапольскім. Праз два гады пераведзены ў Седльцы, дзе на працягу года выконваў абавязкі суперыёра. Затым скіраваны ў манастыр у Гданьску як народны місіянер і спаведнік.
    У 1992 годзе межы Беларусі адкрыліся для святароў з Польшчы, якія хацелі працаваць тут у душпастырстве. Спачатку на працу ў суседнюю краіну выехаў аблат а. Казімір Енджэйчак. Праз два гады, маючы ўжо 60 гадоў, туды накіраваўся і а. Леон Вітэк. Неўзабаве да іх далучыўся а. Пётр Бялевіч. Так паўстала першая пасляваенная супольнасць аблатаў у Беларусі. Сваю паслугу ў краіне а. Леон мусіў спыніць вясной 2014 года, бо не атрымаў ад дзяржаўных улад г. зв. спраўкі – прадаўжэння побыту.А. Леон Вітэк у роднай парафіі Здуны
    Працу ў Беларусі а. Леон пачынаў у Адамавічах, дзе разам з а. Енджэйчакам яны на працягу паўгода абслугоўвалі дзве парафіі. У студзені 1996 года а. Леон пераняў касцёл у Балі Касцёльнай каля Гродна і працаваў там, пакуль не пакінуў Беларусь у 2014 годзе. У савецкі час даваенная польская назва мясцовасці “Баля Касцёльная” была зменена на “Зарачанку”.
    Паслуга а. Леона была простай і ненадакучлівай. Як ліхтаршчык з навелы Генрыка Сянкевіча, вырваны з рытму ранейшага жыцця, ён пасяліўся на новым месцы, каб штодзень запальваць малое полымя ў сэрцах людзей. Сапраўды, служэнне святара было ціхім і без асаблівай агалоскі. Ён заўсёды быў даступны для парафіян, ніколі надоўга не пакідаў парафію. Яго штодзённая прысутнасць была патрэбна як простым людзям – парафіянам з вёскі, так і алюмнам з гродзенскай семінарыі, якім ён служыў спаведнікам і духоўным айцом. У гэтай простай паслузе ён быў шчаслівы, радасны і цешыўся кожнай сустрэчы. Гэта была Божая радасць, якая ззяла і ўдзялялася іншым. Людзі ўспаміналі, што, не знайшоўшы а. Леона ў плябаніі, яны адразу ішлі ў касцёл, дзе ён часта адараваў Найсвяцейшы Сакрамант.
    Плён душпастырскай працы святара можна было ўбачыць на нядзельнай св. Імшы, калі выстройваліся чэргі да канфесіянала, а захопленыя малітвай і спевам людзі актыўна ўключаліся ў літургію, хаця арганіста не было.
    На яго развітанні з парафіяй Баля Касцёльная прысутнічаў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, які быў здзіўлены вялікай колькасцю вернікаў. Развітваючыся з а. Леонам, плакалі не толькі дарослыя, але і моладзь, і дзеці.
    Пасля вяртання ў Польшчу ў 2014 годзе а. Леон атрымаў накіраванне ў Кендзежын-Козле. Наколькі яму дазваляла здароўе, служыў у мясцовай парафіі, у першую чаргу, як спаведнік з добрым сэрцам і нязгаснай усмешкай на твары. “Святарства – гэта самы вялікі Божы дар. Поўная паслуга ля алтара і ў канфесіянале. Пан паслаў мяне прапаведаваць Евангелле самым бедным”, – казаў а. Леон пра сваё пакліканне.
    У маі 2020 года здароўе святара пагоршылася, і быў шпіталізаваны. Калі вярнуўся з бальніцы, у яго пачалася гарачка, што выклікала падазрэнне ў захворванні на каранавірус. А. Леон быў дастаўлены ў інфекцыйную бальніцу ў Чанстахове, дзе і памёр на наступны дзень. Як высветлілася пазней, не меў каранавіруса, але гэта падоўжыла час пахавання, якое адбылося толькі на восьмы дзень пасля яго смерці.
    А. Леон Вітэк памёр у 86 гадоў, на 66-ым годзе манаства і 58-ым годзе святарства.
    Яго пахаванне адбылося ў Люблінцы 16 чэрвеня на новых могілках у аблацкім квартале. Пахавальную св. Імшу ўзначаліў правінцыял а. Павел Заяц, які на пачатку св. Імшы зачытаў ліст са спачуваннямі ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Казанне прамовіў жыхар Кендзежын-Козля а. Веслаў Навотнік, які, між іншым, сказаў: “У сваім жыцці я сустрэў чалавека, аблата, шчаслівага святара. Гэта было відаць на твары і ў кожным жэсце, у кожным позірку. Ён перажываў цудоўную чалавечнасць і гэтым заражаў усіх, да каго дакрануўся на сваім жыццёвым шляху. [...] Як ён любіў чалавека, як любіў святарства!”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.