ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня 2024 года |
З каталіцкіх СМІ Беларусі (15)
Напрыканцы мая 8 беларускіх святароў-байкераў здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Свой шлях і малітву ксяндзы ахвяравалі ў інтэнцыі адбудовы касцёла, які быў пашкоджаны ў выніку пажару 11 мая. У Доме пілігрыма, дзе цяпер моляцца вернікі Будслава, святары канцэлебравалі св. Эўхарыстыю.
Пілігрымы-байкеры сустрэліся з пробашчам будслаўскай парафіі кс. Дзмітрыем Дубовікам, каб выказаць яму словы падтрымкі і сваю гатоўнасць дапамагчы. Святары таксама прывезлі ахвяраванні, якія сабралі ў сваіх парафіях 23 мая – у дзень, калі ва ўсіх касцёлах і парафіяльных супольнасцях Беларусі збіраліся ахвяраванні на адбудову будслаўскага касцёла. †
На завяршэнне навучальнага года ў Віцебскай катэдры прайшоў Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання сярод малодшых вернікаў. У спаборніцтве прынялі ўдзел амаль паўсотні дзяцей. Хлопцы і дзяўчаты рыхтаваліся да гэтага дня некалькі месяцаў: вывучалі кнігі Тобія і Евангелле паводле св. Мацвея. У падрыхтоўцы ім дапамагалі бацькі і катэхеты.
Як адзначыў біскуп Алег Буткевіч, які наведаў дзяцей падчас конкурсу, “кожны, хто прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве, ужо перамог, бо глыбей адкрыў для сябе Божае слова”. Аднак пераможцы ўсё роўна былі вызначаны. Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом і падарунак ад “Карытас” Лінц (Аўстрыя). Былі таксама смачны абед, гульні і танцы.
Энцыкліка папы Францішка “Laudato si’” аказвае значны ўплыў на палітыку Еўрапейскага Саюза ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Гэты дакумент Святога Айца шмат абмяркоўваўся ў кулуарах структур ЕС.
Анджэла Сальцы з Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па клімаце, інфраструктуры і навакольным асяроддзі прызнаўся, што асабіста быў сведкам беспрэцэдэнтнай увагі да “экалагічнай” энцыклікі Папы. Сальцы распавёў, што пасля з’яўлення “Laudato si’” “на працягу некалькіх тыдняў у калідорах еўрапейскіх структур не размаўлялі ні пра што іншае, акрамя яе”. Ён падкрэсліў, што ў праекце “Green Deal”, які запусціла Еўрапейская камісія, моцна адчуваецца ўплыў энцыклікі.
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях трое святароў падзякавалі Пану Богу за 15 гадоў святарскага служэння. У святыні, якая з’яўляецца цэнтрам культу Маці Божай у Гродзенскай дыяцэзіі, Імшу ў гэты дзень цэлебравалі пробашч парафіі св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Кольбэ ў Каробчыцах, дэкан дэканата Гродна-Захад кс. Ян Рушніцкі, пробашч новай парафіі св. Айца Піо ў Гродне (Грандзічы) кс. Артур Малафей і пробашч парафіі св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (дэканат Іўе) кс. Дзмітрый Несцер.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 22 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.