ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Сэрца, якое вельмі палюбіла людзей

На шляху да святасці

“Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей, што нічога не шкадавала – ажно да змардавання і знясілення, – каб даць ім доказы сваёй любові. А ў адказ ад большасці людзей яно спазнае толькі няўдзячнасць і пагарду, з якой ставяцца да Мяне ў гэтым сакраманце любові…”
   “Аўтабіяграфія” св. Маргарыты Марыі Алакок
Любоў не любяць
    “Сымоне, спіш? Ты не мог чуваць адной гадзіны?”
    (Мк 14, 37). Кожны з нас ведае, наколькі баліць грэбаванне, неразуменне, няздольнасць да спагады і чалавечая няўдзячнасць. Здараецца, што мы ад чыстага сэрца прысвячаем бліжняму нешта каштоўнае, а ў адказ не можам дачакацца нават звычайнага “дзякуй”. Як часта мы, людзі, абыякава ўспрымаем чыю-небудзь любоў і ахвярнасць як нешта відавочнае, што мы быццам заслужылі. Наколькі ж вастрэй Пан Езус адчуў боль адзіноты і смяротны смутак у Гефсіманскім садзе перад мукамі, калі Ён збіраўся ахвяраваць сябе за ўсё чалавецтва, а нават самыя блізкія, адданыя вучні не змаглі чуваць пры Ім і адной гадзіны ў такі прыгнятальны час.
    У 1673 годзе Пан Езус аб’яўляецца сціплай манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Адведзінаў св. Маргарыце Марыі Алакок (1647–1690), каб сказаць ёй, як моцна чакае ад людзей любові і ўдзячнасці. Тады Пан Езус паказаў манахіні сваё Сэрца, поўнае агню, і сказаў: “Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей, а ўзамен атрымлівае няўдзячнасць і забыццё”. Збаўца жаліўся сваёй абранніцы, што людская абыякавасць выклікае ў Яго большае засмучэнне, чым усё, што пацярпеў падчас сваёй Мукі. Калі б Яго хоць крыху палюбілі, то ўсё, што выцерпеў дзеля чалавецтва, было б для Яго нічым, і прагнуў бы зрабіць яшчэ больш. Але на ўсе намаганні дабрыні Езуса людзі адказваюць халоднасцю і пагардай.
   
    Святая гадзіна
    У свеце шмат асоб, якія не хочуць ведаць Бога, не паважаюць Яго, нават абражаюць, адкідваючы Яго любоў і ласкі. Яны не хочуць ні наблізіцца да Хрыста, ні выправіць крыўды, якія наносяць Яму сваімі беззаконнямі. Таму Пан Езус прасіў св. Марыю Алакок, каб узамен за адсутнасць удзячнасці, з якой сустракаецца Яго Сэрца і Яго любоў, набожныя душы ўзнагароджвалі гэтае Сэрца, параненае грахамі.
    Ён пажадаў, каб у духу ўзнагароджання ў кожную ноч перад першай пятніцай месяца праводзіася гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. “А каб ты магла суправаджаць Мяне ў гэтай пакорнай малітве, якую Я тады ўзносіў Айцу, устанеш паміж адзінаццатай і дванаццатай гадзінамі ночы, упадзеш на твар і правядзеш са мной адну гадзіну; будзеш заклікаць Божую міласэрнасць, каб выпрасіць дараванне для грэшнікаў, і будзеш старацца хоць крыху падсаладзіць Мне горыч, якую адчуў з-за таго, што пакінулі Мяне вучні...”
   (“Аўтабіяграфія” св. Маргарыты Марыі Алакок). Гэтая форма малітвы стала шырока вядомай як “святая гадзіна”, падчас якой вернікі трываюць на адарацыі ў блізкасці з Панам Езусам, узгадваючы Яго малітву ў Гефсіманскім садзе.
   
    Культ Сэрца Пана Езуса
    Падчас апошняга вялікага аб’яўлення, якое адбылося ў час адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту ў актаве Божага Цела паміж 13 і 20 чэрвеня 1675 года, Пан Езус падаў ідэю святкаваць урачыстасць у гонар Яго Сэрца. З’явіўшыся сваёй даверанай асобе, Ён адкрыў уласнае Боскае Сэрца і, паказаўшы на яго, сказаў: “Таму жадаю, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела была прысвечана асаблівай урачыстасці для ўшанавання Майго Сэрца, каб у гэты дзень прыступалі да св. Камуніі і складалі ўрачыстую ўзнагароду праз публічныя акты перапрашэння, каб выправіць знявагі, прычыненыя гэтаму Сэрцу падчас выстаўлення на алтарах” (“Аўтабіяграфія”). Збаўца абяцаў, што Яго Сэрца будзе разліваць багатыя патокі Боскай любові над тымі, хто яму пакланяецца.
    Культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса быў афіцыйна прызнаны ў 1765 годзе Кліментам XIII. Днём урачыстасці, паводле аб’яўленняў, была абрана пятніца пасля актавы Божага Цела. У 1856 годзе папа Пій IX устанавіў свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса ва ўсім Касцёле. 11 чэрвеня 1899 года папа Леў XIII прысвяціў усё чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Цэнтрам гэтага свята з’яўляецца Божая любоў, аб’яўленая ў Сэрцы Езуса. Мы павінны ўзгадаць пра вялікую любоў Хрыста да людзей і заклік, скіраваны да кожнага з нас.
    Не спі, прачніся! Дай Пану Езусу любоў, якую іншыя не хочуць Яму даваць.
    Любі Сэрца Езуса больш за ўсё на свеце, бо яно найбольш вартае любові!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.