ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

“Я хацела б убачыць свае працы чужымі вачамі”

З жыцця Касцёла

Усемагутны Бог дае Ядзвізе жаданне працаваць і тварыць

Ядзвіга Сянько, мастачка, якая піша іконы
З 12 па 18 чэрвеня 2021 года паломнікі на аўтамабілях правезлі па Беларусі 8 копій абразоў Маці Божай з вядомых санктуарыяў краіны. Іх напісала мастачка-афармляльніца Ядзвіга Сянько з Маладзечна па просьбе ініцыятара паломніцтва кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка.
Праект быў задуманы восенню 2020 года.
    Да новага года мастачка аддала эскізы будучых абразоў, але толькі ў красавіку атрымала званок ад кс. Уладзіслава: “Ядзвіга, прыступаем да працы!”. Па просьбе біскупа Казіміра Велікасельца да шасці напісаных копій дадаўся абраз Маці Божай Брэсцкай і, у апошні момант, гродзенская Маці Божая Кангрэгацкая.
У планах Ядзвігі Сянько – дапісаць копіі абразоў Юравіцкай і Гомельскай Маці Божай   Першая ікона – пачатак шляху
    Ядзвіга Сянько – мастачка і іканапісец. Сваю першую буйную працу – “Сэрца Марыі” – напісала ў 20 гадоў. Раму для палатна зрабіў тата-сталяр. Абраз мастачка падарыла касцёлу ў пасёлку Краснае, Маладзечанскага раёна, дзе ён доўгія гады вісеў на адным з галоўных месцаў – ля амбона, а пазней быў перавешаны на калону.
    Сваю ўсвядомленую творчую дзейнасць Ядзвіга пачала ў 1997 годзе ў праваслаўнай кнізе ў Мінску. Убачыла аб’яву аб супрацоўніцтве з мастакамі-іканапісцамі і прыехала ў сталіцу. Мастачку блаславіў мітрапаліт Філарэт, і яна пачала працаваць. З таго часу творчасць жанчыны звязана з іконамі і абразамі.
    Зараз Ядзвіга піша ў асноўным каталіцкія абразы. На яе рахунку ўжо каля 2 300 работ. Але ў капілцы ёсць і пейзажы з нацюрмортамі: іх за творчую кар’еру назбіралася ўжо каля 600.
   
8 копій абразоў Маці Божай пасля паломніцтва па Беларусі да 30 чэрвеня знаходзіліся ў Гродне. З 1 па 3 ліпеня яны былі выстаўлены на ўрачыстасцях у Будславе, 10–11 ліпеня – у Тракелях. 18 ліпеня выявы Багародзіцы прывязуць у парафію Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Таксама іх можна будзе ўбачыць на ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.

    Працаваць, не выходзячы з дому
    Мастачка працуе дома, каб не плаціць арэнду за майстэрню. “Пішу шмат, я працаголік! – кажа жанчына. – Устаю ў 7.15. Затым малітва ды кава. І адразу саджуся за працу”.
    Самую “пыльную работу” – падрыхтаваць палатно, зашліфаваць, наклеіць, прагрунтаваць – робіць муж. Ён прыносіць гатовыя палотны пад памер, які просіць Ядзвіга.
    Малюнак наносіцца алоўкам і ў агульных колерах фарбамі. Затым абраз сохне (у добрае надвор’е гэта займае суткі). Праз дзень можна прапісваць усё грунтоўна: драпіроўкі, вочы, рукі – і палатно зноў прасыхае. Пасля дадаецца фарба залатога колеру, кладзецца толькі на сухі слой. Прапісваецца яшчэ раз тонкі пласт: румянец, дробныя штрыхі. Перад апошнім этапам палатно сохне двое сутак і ўжо потым пакрываецца мастацкім лакам для выраўноўвання паверхні і захавання алейных фарбаў.
    Каб вочы не стамляліся, у абед мастачка стараецца выходзіць на вуліцу. “Былі выпадкі, калі не выбіралася з дому некалькі дзён. Напрыклад, калі пісала гэтыя абразы для пілігрымкі, бо шкадавала часу, трэба было тэрмінова скончыць, – дзеліцца Ядзвіга. – З трапятаннем і малітвай я ў думках нібыта ішла з абразамі ў гэтай пілігрымцы. Гэта вельмі кранальна, што іконы, якія выйшлі з-пад майго пэндзля, аб’ехалі такую тэрыторыю. Калі бачыла, як людзі маліліся перад гэтымі абразамі, у мяне аж мурашкі па нагах бегалі: там жа часціца маёй душы! Я сачыла за паломніцтвам, глядзела фатаграфіі”.
   
    У Ядзвігі Сянько ёсць 4 праекты выстаў:
    1. Выстава “Кветкавы рай” – кветкавыя кампазіцыі, анёлы, Мадонны з кветкамі;
    2. Выстава іканапісу, дзе толькі каталіцкія і праваслаўныя іконы;
    3. Выстава “Святло ікон” – уключае таксама працы пад даўніну;
    4. Выстава “Свет душы маёй” – праект да юбілею Жыровіцкага манастыра.
    “Гэтыя праекты запланаваны на год наперад, і яны пераязджаюць па Беларусі”, – кажа Ядзвіга.
   
    На Гродзеншчыне я таксама жыву!
    Іконы, якія піша мастачка раз’ехаліся па ўсёй Беларусі і не толькі. Дзве працы ёсць у Гродзенскім манастыры сясцёр назарэтанак: абраз бласлаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка і абраз заснавальніцы кангрэгацыі бл. Францішкі Сядліскай.
    У Гродзенскім раёне абразы Ядзвігі Сянько знаходзяцца ў Міхалішках, Вярэйках і ў ваўкавыскай парафіі св. Станіслава Косткі.
    Самы запамінальны заказ – 11 навагрудскіх мучаніц, 2 метры. Мастачка пісала яго для ксяндза ў Літве. Заказчык сам забіраў палатно, было праблематычна правезці яго праз мяжу. “Ды і 11 твараў напісаць досыць складана”, – адзначае Ядзвіга.
    Запомніліся таксама два абразы памерам каля 2 метраў для бакавых алтароў касцёла ў Міхалішках. Ядзвіга ставіла каля сцяны палотны, якія ўпіралася ў столь, а ўнізе на каленях дапісвала працу. “Я вельмі хвалявалася, таму што пісала не з арыгіналаў (яны былі выкрадзены), а з выявы ў календары. На здымку ўсё каля алтара застаўлена кветкамі. Але святар сказаў: «Памаліцеся, Ядзвіга». І я так працавала”, – успамінае мастачка.
   Выстава мастачкі ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску
    Калі ты запатрабаваны і патрэбны – гэта адна з галоўных прычын быць маладым душой
    Ядзвіга Сянько дорыць іконы сябрам і блізкім, ахвяруе храмам. “Я выбарча дару свае работы, ведаючы, што чалавеку будзе гэта прыемна і што ён разумее ўсю праробленую працу, – распавядае мастачка. – Лічу, што высілак ідзе на карысць, калі ахвяруеш, дорыш святыні. Да таго ж добрая справа грэе душу”.
    “Я спадзяюся, што тыя малітвы, якія людзі ўзносяць каля напісаных мною абразоў, тыя добрыя пасылы перадаюцца часцінкай і мне. Што Бог узнагароджвае за маю працу. Мне ўжо 63 гады, але не адчуваю гэтага ўзросту. Калі ты запатрабаваны і патрэбны – гэта адна з галоўных прычын быць маладым душой. Усемагутны дае мне жаданне працаваць і жаданне тварыць, а таксама сілу і аптымізм. Сысці на пенсію і ўсесціся на лаўцы – барані, Божа!” – сцвярджае мастачка.
    У Ядзвігі ёсць мара, якая ніколі не споўніцца. “Я хацела б убачыць свае працы чужымі вачамі”, – дзеліцца жанчына.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.