ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Патрэбен жывы культ і энтузіясты

Інтэрв'ю

Кс. Жарнасек пра адсутнасць беларускіх каталіцкіх навамучанікаў

Кардынал Свёнтэк некалькі разоў быў у камеры для смертнікаў, кс. Варанецкі 7 гадоў правёў у сталінскім лагеры ў Казахстане і працаваў на медных рудніках, а кс. Міхальскага збілі да смерці пасля св. Імшы, яшчэ ў арнаце… У савецкія часы Касцёл значна “пабагацеў” такімі гісторыямі. Аднак ніводзін з “пакалення, якое захавала веру”, да сёння не быў абвешчаны бласлаўлёным. Разам з кс. Аляксандрам Жарнасекам разбіраемся ў прычынах гэтай гістарычнай несправядлівасці.

   – Калі не памыляюся, калонія, у якой Вы працавалі ў Оршы, была калісьці перасыльнай турмой перад высылкай у Сібір. Праз яе прайшло шмат святароў.
    – Так, 12-ая аршанская калонія мэтанакіравана будавалася як перасыльная база НКУС. Калі не памыляюся, яе пачалі будаваць яшчэ ў 1944 годзе. Многія святары, уключаючы кардынала Свёнтка, прайшлі праз яе. У тым ліку марыяне кс. Паўлік і кс. Францкевіч. Ці яны хаця б бачылі яе, цяжка сказаць, бо, наколькі я разумею, іх проста прывозілі, грузілі ў вагоны і суткамі везлі ў Сібір. Пазней на аснове гэтай базы пабудавалі калонію. Таму да сёння старыя будынкі НКУС там ёсць.
   Кс. Аляксандр Жарнасек (па цэнтры) – марыянін, пробашч парафіі  ў Росіцы (Віцебская дыяцэзія). Вядомы беларускі прапаведнік  і рэкалекцыяніст. Аўтар кнігі “Памілаваныя”
    – Мы не маем ніводнага бласлаўлёнага, які б жыў на нашых землях пасля 1945 года. Хоць сведкаў веры і, што тут казаць, сапраўдных пакутнікаў не бракавала. Вядома, працэдура абвяшчэння бласлаўлёным складаная. Аднак падаецца, што гэта ўсё-такі не галоўная прычына. Што Вы думаеце на гэты конт?
    – Трэба сказаць, што праца па абвяшчэнні каталіцкіх навамучанікаў вялася. Пры св. Яне Паўле ІІ была ідэя зрабіць дзве групы бласлаўлёных пакутнікаў – ахвяры ІІ Сусветнай вайны, забітыя нямецкім рэжымам, і ахвяры савецкага перыяду, забітыя ўжо савецкім рэжымам. Першая група са 108-і асоб, у якую ўваходзілі і росіцкія мучанікі, дайшла да беатыфікацыі ў 1999 годзе. Другую па нейкай прычыне не давялі. Аднак працы вяліся. Гэтым займаўся па большай частцы Касцёл у Расіі. У нас ад марыянаў вызначалі тады адказных асоб. У гэтую групу ўключалі траіх марыянаў, сярод якіх было двое беларусаў – кс. Цікота і кс. Абрантовіч. Так, кананізацыйны ці беатыфікацыйны працэс – гэта складаная справа. Не столькі нават у плане веры, колькі ў плане арганізацыі, а часам і ў плане фінансаў. Каб кагосьці прызналі святым, патрэбны вельмі жывы культ. І насамрэч у нас гэта не так развіта. Адна справа першыя хрысціяне – у іх культ быў сапраўды жывы, яны вопратку першых мучанікаў хавалі. У наш жа час няма такога.
   
Кс. Адам Станкевіч памёр у лагеры 4 снежня 1949 г. Органы дзяржбяспекі ў Акце аб смерці запісалі, што святар памёр у Тайшэтлягу “ад ажырэння сэрца”. Аднак, на думку гісторыка Анатоля Сідарэвіча, хутчэй за ўсё, пад падобнымі эўфемізмамі хаваецца сапраўдная прычына смерці – расстрэл.

    – А што яшчэ, акрамя адсутнасці культу, можа быць прычынай таго, что няма каталіцкіх навамучанікаў?
    – Тут яшчэ трэба адрозніваць працэдуры для тых, хто памёр сваёй смерцю, і мучанікаў за веру. Для другіх трэба толькі сабраць інфармацыю, што чалавек памёр за сваю веру. Калі ж гэтага няма, а чалавек проста жыў ды памёр у арэоле святасці, то трэба, каб адбыліся цуды, невытлумачальныя навукай. Як правіла, гэта аздараўленні. Таму нічога дзіўнага, што свецкіх бласлаўлёных мала. Калі падобным чынам памірае манах, святар ці біскуп, то дыяцэзія ці ордэн даюць грошы на неабходную камісію. А за свецкага хто будзе так старацца? Таму атрымліваецца, што амаль усе святыя – альбо манахі, альбо ксяндзы. Хаця гэта, канешне ж, не так: свецкіх святых нашмат больш. Як я сказаў, з пакутнікамі за веру прасцей. У выпадку нашых росіцкіх мучанікаў справай займалася кангрэгацыя марыянаў. Элементарна кажучы, калі б не было людзей, уцягнутых у працэс, то гэтыя мучанікі не былі б прызнаны бласлаўлёнымі.
   
    – У Касцёле часта ўзгадваюць “пакаленне, якое захавала веру”. Але рэдка з гэтага агулу выдзяляюць нейкіх асоб. Калі каго і ўзгадваюць, то хутчэй у лакальным кантэксце. Чаму няма такога выдзялення?
    – Асабіста я крыху крытычны да падобнай тэмы. Зразумела, гэта людзі, якія не пахіснуліся. Аднак у многіх выпадках трэба сказаць, што згаданае пакаленне веру не змагло перадаць. Іх дзеці ў асноўным не ходзяць у касцёл, ім гэтага не патрэбна.
    Чаму няма выдзялення нейкіх значных асоб? Гэта, хутчэй за ўсё, былі людзі, якія трымалі ключы ад касцёла, высылалі пачкі ксяндзам у лагеры, распаўсюджвалі перапісаныя ад рукі катэхізісы. Аднак і яны ўжо таксама ў большасці сваёй памерлі. Каб кагосьці там выдзеліць, некаму трэба гэтым заняцца. Самі сябе яны не выдзеляць. Патрэбны энтузіясты, якія рухалі б гэтую тэму.
   
    – Чаму “пакаленне, якое захавала веру”, так павярхоўна ўпісана ў памяць беларускага Касцёла? Ёсць, магчыма, лічаныя памятныя табліцы, кнігі, нейкія дні памяці. Аднак існуе пачуцце, што разам са старэйшым пакаленнем сыдзе і памяць пра яго.
    – Я думаю, гэта можа быць звязана з нашай ментальнасцю. Ці ўвогуле беларусы цэняць гісторыю? Не падобна на тое.
    Гэта і пытанне адносна нашай свядомасці, пасіўнасці, абыякавасці да мовы – думаю, усё можна смела ставіць у адзін шэраг. Калі няма памяці пра сваю гісторыю, то і пра людзей яе не будзе. Гэтага не зробіш на сілу, да гэтага можна толькі даспець.
   
    – Вы ведалі кс. Антонія Лася, марыяніна, які пачынаў справу санктуарыя ў Росіцы. Пасля шматгадовай працы ў Польшчы ён у 1988 годзе прыязджае ў Друю і пачынае паслугу з адраджэння памяці пра росіцкіх мучанікаў. Чаму?
    – Гэта якраз прыклад такіх энтузіястаў, пра якіх я кажу. Часам дастаткова адной асобы. Канешне, ён быў святаром, у яго былі большыя ўплывы, чым у простага чалавека. Аднак дакладна ён быў энтузіястам, якому было важна ўзняць гэтую справу.
    Кс. Антоній паходзіў з Беларусі і вучыўся ў даваеннай Друйскай гімназіі, пасля ўступіў у Кангрэгацыю Ксяндзоў Марыянаў. Ён асабіста ведаў бласлаўлёных мучанікаў і быў патрыётам. Калі стала магчымым вяртанне ў Беларусь, адразу вярнуўся. Стаў шукаць інфармацыю пра Друю, ладзіў сустрэчы былых выпускнікоў, збіраў іх сведчанні – гэта цэлыя архівы, якія назапашваліся гадамі. На фоне гэтага ўсяго ён падняў і тэму Росіцы. Ездзіў туды, апекаваўся касцёлам, тым больш, што Друя ад Росіцы недалёка.
    У нейкім сэнсе кс. Лось быў сведкам усяго працэсу. Я амаль перакананы, што калі б не ён, то, магчыма, росіцкія мучанікі не былі б беатыфікаваныя. Нягледзячы на святасць, кс. Кашыра і кс. Ляшчэвіч афіцыйна маглі б не быць прызнаныя бласлаўлёнымі. Камусьці трэба было сабраць усе матэрыялы. Кс. Антоній прысвяціў гэтаму гады.
    Нельга таксама сказаць, што толькі кс. Лось гэтым займаўся: былі людзі, якіх цікавала Росіца. У свой час мая мама была вельмі зацікаўлена гэтай тэмай, але адназначна, што ільвіную долю да гэтага прыклаў ён.
   
У снежні 1950 г. адбылася апошняя экзекуцыя над святаром. У касцёл уляцелі маладыя людзі. Яны павалілі святара ля алтара і пачалі збіваць жалезнымі прутамі. Нехта з вернікаў убег у касцёл. Ксёндз ляжаў амаль непрытомны. Спадарыня Ванда Шаўцова ўспамінае, што ў яго быў моцна збіты жывот. “Паднялі арнат, а там чырвона. Міхальскага пасадзілі ў крэсла. Пачакаўшы, перанеслі ў плябанію. Вішнеўцы пачалі збірацца каля яе і маліцца”. Кананне доўжылася пару дзён. Смерць наступіла 25 снежня.

    – Я буду мець рацыю, калі скажу, што выбудоўваючы душпастырскія прыярытэты апошніх трыццаці гадоў, мы адкладвалі памяць на потым? Ці ўвогуле пра яе не думалі.
    – Цяжка сказаць, што мы зусім не ўкладваліся ў гісторыю – нібыта думалі і рабілі. Нельга сказаць, што гэтыя тэмы пасіўна ад нас адышлі. Разам з тым мне думаецца, што калі душпастырства канцэнтравалася толькі на будаўніцтве, то гэта быў промах. То-бок, мы так укладваліся ў сцены, што ўвогуле праваронілі людзей. Улічваючы, што старое пакаленне не змагло толкам перадаць веру, ды і не мелі чаго там зашмат перадаваць, і не ведалі, як гэта рабіць… Ці трэба было нам насілу падымаць гэтую памяць? Я думаю, усё ўзаемна звязана. Мы заняліся больш гаспадарчымі справамі: адваёўвалі касцёлы, будавалі, рамантавалі – і менш з людзьмі займаліся. Памяць сама сабой адыходзіць у такой сітуацыі. Калі няма кантакту з людзьмі, дык навошта тады памяць.
    Я асцярожна разважаю на гэтую тэму, таму што сам пісаў сваю дыпломную працу па гісторыі Касцёла. Мяне гэта вельмі цікавіла. Пасля, шчыра кажучы, я трошкі астыў да яе. З аднаго боку, усё гэта важна. З другога – ёсць нейкая залатая сярэдзіна: нельга займацца толькі гісторыяй без жывога чалавека. Усё павінна ісці комплексна.
    Гэта, калі можна так параўнаць, як апосталы, якія ведалі, хто такі Хрыстос, і шчыра Яго любілі. Ім трэба было захаваць сведчанні, перадаць іх. Так узнікалі Евангеллі, Пасланні. Трэба было зафіксаваць любоў да Яго. Гісторыя не нараджаецца, як штосьці штучнае. Нельга сказаць: “Давайце любіць гісторыю”. Па мне, гэта крыху ні аб чым.
   
    – А што б беларускаму Касцёлу магло даць абвяшчэнне бласлаўлёнымі некалькіх навамучанікаў?
    – Добрае пытанне. Я некалі здзівіўся, калі даведаўся, што ў савецкія часы былі лагеры толькі для веруючых. Нават некалі сустрэўся з маёрам, які быў там супрацоўнікам калоніі і пасля там жа перажыў навяртанне.
    У асноўным, у тых лагерах сядзелі пратэстанты – пяцідзесятнікі, баптысты. Канешне, не пастары, а людзі свецкія. Чаму яны сядзелі? Бо чыталі Біблію, не ўтойвалі гэта і, наколькі маглі, евангелізавалі людзей ды прапаведавалі. У нас ганімымі за веру былі ў асноўным ксяндзы. Часам манахіні. Свецкіх жа вельмі мала. У нас быў пасіўны падыход свецкіх.
    Я заўсёды лічыў важным мець асабістыя адносіны з Хрыстом, заставацца Яму верным. І тут чую прыклад людзей, якія засталіся вернымі да канца. Іх ніхто не зламаў. Гэта натхняе. Такі прыклад працуе – у такіх выпадках трэба памятныя дошкі вешаць, пра такіх людзей трэба расказваць.
    Тады гэта мае сэнс.
    Таму, вяртаючыся да гераізму, – ён павінен быць жывым.
    У нас жа пасіўнасць вернікаў проста вялізная. Нягледзячы на тое, што яны стаяць у Касцёле. Калі б сёння былі ганенні – разляцеліся б мы як мае быць. Нічога б тут не насабіралася. Гэта маё меркаванне. З такой пасіўнасцю нас гераізм натхняць не будзе. Ён натхняе тады, калі сам да яго імкнешся. Калі людзі не будуць імкнуцца, то і дошкі не дапамогуць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.