ГРОДНА
Нядзеля,
08 снежня
2024 года
 

Сямейныя прапановы на Адвэнт

Хрысціянскія традыцыі

Адвэнт з’яўляецца вельмі важным часам для пабудовы і ўмацавання сямейнай супольнасці як хатняга Касцёла. Добры Адвэнт спрыяе добраму і асэнсаванаму перажыванню Каляд. І гэтаму могуць дапамагчы адвэнтавыя традыцыі, якія на працягу вякоў існуюць у нашым грамадстве. Аднак важна, каб сям’я атаясамлівала сябе з гэтымі традыцыямі, ведала іх і захоўвала, тым самым даючы дзецям прыклад таго, як можна верна і з пакорай чакаць прышэсця Хрыста.
1. Малітва ў сямейным коле
    Супольная малітва ўмацоўвае нашы адносіны з Богам і запальвае нас унутрана. Гэта просты, але дзейсны шлях, каб сярод штодзённых клопатаў затрымацца разам і паразмаўляць з Богам, праз што адкрыць свае сэрцы адзін на аднаго. Дзеля гэтага можна разам з дзецьмі напісаць інтэнцыі на кожны дзень Адвэнту і даць магчымасць кожнаму члену сям’і скласці ў гэтай інтэнцыі малітву.
   
    2. Чытанне Святога Пісання
    Пастанова штодня разважаць над Божым словам можа быць адным з лепшых рашэнняў на гэты час для ўсёй сям’і. Урыўкі са Святога Пісання на час Адвэнту вельмі багатыя сімволікай. Таму варта разам з дзецьмі прачытаць дадзены на дзень фрагмент і паспрабаваць растлумачыць (шмат каментарыяў можна знайсці на старонках інтэрнэту). Пасля даць дзецям магчымасць знайсці сімвал, схаваны ў Божым слове і паспрабаваць адпаведна прымяніць яго ў духоўным жыцці. Перад гэтым можна падрыхтаваць такі сімвал, каб дзеці маглі таксама візуальна ўспрымаць яго важнасць.
   
    3. Вытрымка ў добрых пастановах
    Падчас Адвэнту можна паспрабаваць накіраваць намаганні ўсіх членаў сям’і на такія пытанні, як уважлівае слуханне, цярплівасць, адкрытасць на іншых. Напрыклад, за сталом мы слухаем іншых, не перапыняючы іх; спачатку даём ежу іншым, а потым сабе; адмаўляемся ад адной лыжачкі цукру або ад якой-небудзь тэлепраграмы; задавольваемся тым, што маем, не ныючы і не просячы. Такія пастановы могуць быць як індывідуальнымі, так і сямейнымі. Уся сям’я, у тым ліку і бацькі, маюць адну мэту. Безумоўна, клопат пра добры прыклад і страх перад братэрскімі папрокамі выдатна матывуюць нас.
   
    4. Падрыхтоўка ліхтарыкаў і сумесны ўдзел у Раратах
    Рараты – звычайна ранішнія службы ў поўнай цемры. Важна звярнуць увагу дзіцяці на Раратку – галоўную свечку пры алтары, што сімвалізуе Марыю, якая ў цёмны час Адвэнту ў сваім улонні нясе свету Хрыста – Сапраўднае Святло. На Рараты прыходзяць з ліхтарамі, з унутранага боку абклеенымі каляровай паперай, што нагадваюць гатычныя вітражы з хрысціянскай сімволікай або біблейскімі сцэнамі. З практыкі ведаю, што дзеці вельмі ганарацца ліхтарыкамі, падрыхтаванымі сваімі рукамі, асабліва калі яны зроблены з дапамогай бацькоў.
   
    5. Вандроўная фігурка Маці Божай
    У многіх парафіях існуе звычай напрыканцы раратняй Імшы даваць камусьці з дзяцей фігуру Маці Божай, якую яны забіраюць дадому, а на наступны дзень вяртаюць у святыню. Звычайна гэта адбываецца праз лёсаванне картак з імёнамі хлопцаў і дзяўчат, якія напярэдадні выконвалі адмысловае раратняе заданне. Дома ўся сям’я перад фігурай цэлебруе сямейную літургію, выбіраючы найбольш адпаведныя для сябе духоўныя практыкі.
   
    6. Адвэнтавы каляндар
    Сёння існуе шмат магчымасцей набыць гатовы каляндар. Звычайна ён рыхтуецца з сюрпрызамі і падарункамі. Асабіста я не з’яўляюся прыхільніцай такіх календароў. Мне здаецца, што гэта толькі прывучае дзяцей рабіць штосьці за ўзнагароду, і тое, чаго яны найбольш чакаюць у гэты момант, – атрымаць падарунак. Адвэнтавы каляндар лепш зрабіць самастойна. Напрыклад, гэта могуць быць пустыя скрынкі, у якія будуць унесены адвэнтавыя думкі і пастановы (удзел у Раратах, рэкалекцыях, дапамога патрабуючым, калядныя віншаванні). Тады дзеці з нецярпеннем чакаюць адкрыцця Адвэнтавага календара, каб здзейсніць учынак любові.
   
    7. Традыцыйная батлейка з сенам добрых учынкаў
    Цікавым момантам падрыхтоўкі сям’і да Божага Нараджэння можа быць момант укладання ў яслі сена добрых учынкаў. Гэты звычай паходзіць з Францыі. У першую нядзелю Адвэнту сям’я рыхтуе пустыя яслі. Увечары кожны дзень падчас малітвы дзеці разам з бацькамі робяць рахунак сумлення за пражыты дзень і за кожную добрую справу, якую ўчынілі на працягу дня, кладуць у яслі саломінку. Гэта дар кожнага члена сям’і для Божага Немаўляці. Пры гэтым можна нагадаць дзецям, што чым больш у яслях сена, тым мякчэйшым будзе для Дзіцяці падрыхтаванае месца. Гэта пабуджае выконваць як мага больш добрых учынкаў і станавіцца чуллівымі да бліжніх.
   
    8. Падрыхтоўка віншавальных паштовак
    Сёння звычайнай тэндэнцыяй з’яўляецца адпраўленне на Раство кароткіх тэкставых паведамленняў: “З Калядамі!”. Традыцыя пісаць паштоўкі і лісты знікае. Таму добрым можа быць звычай у сям’і разам рабіць калядныя віншавальныя паштоўкі, улічваючы іх рэлігійны характар. Важна ўзгадаць пра тых сваякоў і сяброў, каму найбольш патрэбна ўвага.
   
    9. Слоік падзякі
    Я лічу, што ўдзячнасць трэба практыкаваць кожны дзень, бо тады нам лягчэй цаніць тое, што маем, а не засяроджвацца на жыцці іншых. Можна дома падрыхтаваць слоік і кожны дзень кідаць туды паперку з тым, за што мы ўдзячныя ў дадзены дзень. Калі ёсць маленькія дзеці, можна з імі паразмаўляць пра гэта. Штодня пытацца ў іх, чым яны задаволены або за што хочуць падзякаваць, што ім больш за ўсё спадабалася сёння. Напэўна, адказы могуць нас здзівіць, здацца смешнымі, але запісаць іх варта, паказваючы, што яны для нас важныя. Дзеці самі па сабе поўныя ўдзячнасці і радасці, але іх варта навучыць засяроджвацца на гэтым. Такая практыка таксама навучыць шанаваць працу іншых. У першы дзень Каляд уся сям’я можа разам прачытаць карткі з падзякамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.