ГРОДНА
Серада,
13 лістапада
2024 года
 

Несамотнае Божае Нараджэнне

Хрысціянская думка

“Чалавецтва, Бог цябе любіць і дзеля цябе стаў чалавекам. Ты больш не самотнае!” – прамовіў папа Францішак у базіліцы св. Пятра ў Рыме падчас св. Імшы Пастэркі на Божае Нараджэнне 2019 года. Папа тады растлумачыў, што гаворка ідзе пра Божую ласку, дадзеную людзям, якая нясе збаўленне. “Але чым ёсць гэтая ласка? Гэта Боская любоў, якая змяняе жыццё, абнаўляе гісторыю, вызваляе ад зла, напаўняе супакоем і радасцю. У гэтую ноч Божая любоў аб’явілася нам: гэта Езус”, – дадаў Пантыфік.
Божае Нараджэнне ўжо здаўна, акрамя рэлігійнага, напоўнена яшчэ адным, дадатковым зместам – гэта сямейнае свята. У адной еўрапейскай краіне з пераважна каталіцкім насельніцтвам аднойчы правялі сацыялагічнае даследаванне па пытанні святкавання Божага Нараджэння, якое паказала, што для большасці яе жыхароў свята носіць найперш сямейны (53% апытаных), а толькі пазней рэлігійны (27%) характар. Зусім невялікі працэнт людзей (ад 0,3 да 2% у розныя гады) перажывалі святы ў поўнай адзіноце.
    Католікі ва ўсім свеце не ўяўляюць Божага Нараджэння без святочнага стала (дарэчы, не толькі ў форме вігілійнай вячэры, але і святочнага абеду), елкі, якую ўпрыгожвае ўся сям’я, супольнага спеву калядак, дарэння адзін аднаму святочных падарункаў. У нашай і ў некаторых іншых краінах сімвалам лучнасці ўсіх членаў сям’і з’яўляецца хлеб (аплатка) ці іншы прадукт (напрыклад, у Венгрыі – халва), які прысутныя адламваюць адзін у аднаго, складаючы святочныя віншаванні. Найбольш практыкуючыя з вернікаў ідуць усёй сям’ёй на святочную св. Імшу Нараджэння Пана. Таму перажыванне гэтых свят у супольнасці, можна сказаць, паўсюдна захавалася ў традыцыі вернікаў Касцёла.
    Кажучы аб супольнасці, мы не павінны забывацца пра людзей, якія будуць перажываць сёлетнія святы ў самоце. І хоць, калі верыць прыведзенай вышэй статыстыцы, іх няшмат, але само іх існаванне для нас, хрысціян, павінна быць трывожным званочкам. Гэта значыць, што нам нельга іх ігнараваць. Што гэта за людзі? Гэта, перадусім, тыя, хто стаў самотным па прычыне смерці блізкай асобы, з якой раней жыў разам. Таксама мы можам назваць самотнымі тых, у каго не атрымалася наладзіць добрыя сужэнскія адносіны, тых, каго наведала трагедыя разводу, а таксама тых, каго пакрыўдзілі іншыя, з-за чаго яны закрыліся ў сабе. Іншай катэгорыяй самотных людзей з’яўляюцца тыя, хто ў святы вымушаны працаваць, асабліва за мяжой, удалечыні ад сваіх родных. Некаторыя самі сабе выбралі самотнае жыццё па прычыне будавання сваёй кар’еры, прафесійнага занятку. Але ў большасці, кажучы пра самотных, мы маем на ўвазе людзей сталага ўзросту, удоў і ўдаўцоў, часта вельмі хворых, якія, асабліва сёння, баяцца выйсці з хаты, каб не заразіцца смяротнай хваробай COVID-19, да якіх рэдка прыязджаюць дзеці ці ўнукі або якія ўвогуле іх не маюць. Кожны з вышэй пералічаных людзей у большай ці меншай ступені пакутуе ад адзіноты, нярэдка адчуваючы сябе пакінутым і непатрэбным нават для самых блізкіх.
    З тымі, хто сам добраахвотна выбірае самотнасць, усё зразумела. Гэта іх выбар. А што рабіць з асобамі, якія аказаліся адны “з прымусу” жыцця? Якія не маюць чалавека (параўн. Ян 5, 7), з якім маглі б перажыць радасныя святы? Мне здаецца, дзецям не трэба нагадваць пра іх абавязак памятаць і наведваць сваіх бацькоў, гэта відавочная справа. Прыехаць, прыбраць у іх доме, паставіць елку, прыгатаваць стравы… А нават калі самаізаляцыя такіх людзей дзеля захавання жыцця і здароўя становіцца абавязкам і няма магчымасці наведаць іх асабіста, у XXI стагоддзі існуе шмат іншых магчымасцей звязацца з бацькамі, павіншаваць іх са святамі праз тэлефон або нават, калі гэта тэхнічна магчыма, арганізаваць прамы тэлемост пры дапамозе сучасных інтэрнэт-платформ. Падарунак у такой сітуацыі можна выслаць па пошце ці замовіць дастаўку. У любым выпадку лічыцца памяць пра самотных людзей, а таксама аказаная ім увага і добразычлівасць.
    А калі ў чалавека няма ані дзяцей, ані ўнукаў? Тады ўвайсці ў ролю апошніх – наш абавязак. З улікам вышэй згаданых засцярог, калі мы гэта зробім, тады для нашых знаёмых станем сапраўды як іх дзеці і ўнясём у іхняе жыццё радасную Бэтлеемскую зорачку цяпла і шчасця, гэты прыгожы дар, які самотныя людзі прымуць з вялікай удзячнасцю. Нездарма існуе даўняя традыцыя пакідаць на вігілійным стале адну пустую талерку – для тых, хто хоча далучыцца, каб разам чакаць Нараджэння Збаўцы.
    “Дарагі брат, дарагая сястра, – звяртаецца да самотных людзей папа Францішак, – калі твае рукі здаюцца табе пустымі, калі лічыш сваё сэрца бедным любоўю, гэтая ноч для цябе. З’явілася ласка Божая, каб заззяць у тваім жыцці. Прымі яе, і заяснее ў табе святло Божага Нараджэння”. Няхай гэты заклік Святога Айца здзейсніцца ў сэрцах усіх, каго разам духоўна злучае Навароджаны Езус!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  49

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.