ГРОДНА
Аўторак,
25 студзеня
2022 года
 

(Амаль) містычная гісторыя на Божае Нараджэнне

На шляху да святасці

Час Божага Нараджэння нездарма лічыцца чароўным: нават самыя звычайныя моманты жыцця становяцца прасторай для сустрэчы з Богам. Гатаванне на вігілійны стол, напрыклад, пераўтвараецца ва ўспамін дванаццаці пакаленняў Ізраэля, што чакалі прышэсця Збаўцы, ці ўсведамленне, што кожная наша вячэра (асабліва тая, званая Літургіяй), трымаецца на фундаменце з дванаццаці апостальскіх цаглін.
Гісторыя, якую сёння раскажу адбылася са мною гадоў трынаццаць таму. Яна не зрабіла мяне больш набожным, эмпатычным, адным словам – лепшым чалавекам. Калі па шчырасці, я нават на нейкі час пра яе забыўся.
    Раз ці два дагэтуль узгадаў падчас казання на святы і адправіў у “архіў” памяці, каб захаваць у галаве месца на новыя неверагодныя гісторыі. Аднак не так даўно Ангеліна са “Слова Жыцця” звярнулася да мяне з пытаннем, ці не мог бы распавесці чытачам што-небудзь незвычайнае са свайго досведу Божага Нараджэння. А я, узгадаўшы вось гэтую гісторыю, даў згоду, сам сабе здзівіўшыся.
Дык вось, гэта быў звычайны гродзенскі зімовы дзень. Такі наўпрост перадсвяточны, вігілійны. Наша святыня ва ўсю моц упрыгожвалася, ялінкі пахлі хвойным лесам і святам, святары мітусіліся, каб пераспавядаць усіх вернікаў, а апошнія нястомна кружылі вакол, не губляючы надзеі здабыць аплаткі, якімі тым жа вечарам паламаюцца з роднымі і блізкімі з найлепшымі віншаваннямі. А я – брат-студэнт, тады яшчэ на клерыкаце – праходзіў у нашай гродзенскай парафіі сваю душпастырскую практыку. У той дзень практыкаваўся ўсё больш у цярплівасці і сузіранні, бо заданне мне было дадзена наўпрост святочнае: сядзець у закрыстыі і раздаваць за невялікае ахвяраванне аплаткі вернікам. Час быў позні, узятай загадзя кнігі хапіла на паўгадзіны. У святыні рабілася зябка і, каб сагрэцца, я вырашыў праявіць актывізм ды крыху падмесці падлогу. Менавіта тут пачынаецца тая незвычайная гісторыя.
    На апошняй лаўцы ў цалкам пустой святыні з дзіцём на руках сядзела дзяўчына даволі прыгожага выгляду і плакала. Хлопчык, яшчэ зусім маленечкі і моцна ўкутаны, пасапваў, часамі незадаволена хныкаючы. Адставіўшы шчотку, я падышоў бліжэй, прапануючы дзяўчыне падысці ў закрыстыю, дзе ёй і дзіцяці было б хоць крыху цяплей.
    “Мы тут ненадоўга, пачакаем трошкі ў касцёле. Дзякую шчыра!” – адказала яна, усміхаючыся праз слёзы.
    Магчыма, чакала свайго мужа, тату дзіцяці, бо разпораз углядалася ў экран тэлефона. Калыхала дзіця і нешта жыццясцвярджальнае яму напявала-нашэптвала. Не паспеў распытаць яе пра дэталі. Ды і неяк няёмка было. Праз пару хвілін з’явіліся прагныя аплатак і паразмаўляць парафіяне, таму я вярнуўся да свайго непасрэднага абавязку.
    Калі ізноў заглянуў у касцёл, дзяўчыны з дзіцём ужо не было. Можа, тата прыехаў па іх і павёз ва ўтульны цёплы дом? Хацелася б верыць. Але ў чым тады прычына яе амаль бязгучнага плачу? Калі так разважаў, раптам ахапіла мяне дзёрзкая думка: “А што, калі?.. Што, калі гэта Яна дазволіла мне такім чынам стаць відавочцам Яе бязгучных бэтлеемскіх слёз? Дала магчымасць падслухаць кавалак Езусавай калыханкі?”. Каб было зразумела – я хіба апошні ў сусвеце кандыдат на візіянера, а калі б вы спыталіся маіх братоў пра мае містычна-сузіральныя здольнасці, яны б, напэўна, доўга смяяліся. Але…
    Я да сёння не ведаю сапраўднага імені той дзяўчыны і прычыны, якая прымусіла яе чакаць з сынам у халодным касцёле. Але дзесьці ў глыбіні сэрца перакананы, што Навароджаны зрэжысіраваў наша спатканне, каб вельмі моцна і яскрава ўсвядоміць мне адну рэч: гэта ўсё сапраўды адбылося. І Звеставанне, і Бэтлеем, і ўцёкі ў Егіпет. Хрост у Іардане ды ўсё, што здарылася пасля. Гэта не заімшэлыя гісторыі старых святароў, не набожныя легенды з пахам маралізму. Гэта – цалкам рэальная Гісторыя, у якой кожны з нас мае свой удзел і сваю ролю.
    Проста на хвіліну ўявіце сабе, што было б, калі б Бог пастукаўся ў вашы дзверы з просьбай аб начлезе, менавіта сёння, у небяспечны кавідны час? Што было б, калі б звярнуўся да вас на вуліцы, пачынаючы размову? Калі б незнаёмы з усмешкай ад вуха да вуха працягнуў вам прабітую наскрозь руку на знак супакою падчас Імшы?
    А на той момант мне хацелася верыць, што Ён і Марыя бліжэй, чым я думаю, і нашмат больш рэальныя, чым мне здаецца. Ці трэба казаць, што тое Божае Нараджэнне я перажыў крышачку інакш:
    не больш набожна ці радасна, але напэўна больш свядома.
    У гэтай гісторыі няма маралі, ды яна тут абсалютна непатрэбная. Гэта проста напамін пра тое, што на Вяселлі ў Кане Галілейскай танцавалі, сцены пэўнага дома ў Бэтаніі памяталі размовы да раніцы і плач па сябру, а рыба, згатаваная ля Тыберыядскага возера, была добра прыпраўленай і сакавітай. Усё гэта было на самой справе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  341

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.