ГРОДНА
Субота,
14 снежня 2024 года |
Без развіцця адносін няма патрэбы ў малітве
Найперш варта сказаць, што для мяне свядомае рэлігійна-малітоўнае жыццё пачалося не з дзяцінства. Навяртанне да Бога і далучэнне да Яго Царквы адбылося нашмат пазней праз асэнсаваны выбар. І, безумоўна, то быў вялікі дар Божы для мяне асабіста.
Можна, канешне, узгадаць першыя спробы бабулі далучыць мяне да малітвы, але ўсе гэтыя намаганні на мяне ніякім чынам не паўплывалі, бо не паходзілі з маёй уласнай волі. Чытанне ж складзеных у малітву слоў з розных малітоўнікаў без далучэння да іх хаця б розуму не з’яўляецца малітвай ані ў сціслым значэнні, ані паводле сутнасці. Аднак, прынамсі, то былі мае першыя сутыкненні з духоўна-малітоўнай рэчаіснасцю. Пачатак майго малітоўнага жыцця быў непасрэдна звязаны з гісторыяй навяртання, таму дзеля парадку мушу распавесці і пра яго.
Не атрымаўшы ад бацькоў першаснага досведу веры, выхаваная ў атэістычным постсавецкім асяроддзі, інтэлектуалізаваная і засяроджаная на развіцці сваіх разумовых здольнасцей, я яшчэ да пачатку навучання ва ўніверсітэце была цвёрда пераканана ў выключнай матэрыяльнасці гэтага свету. Любыя праявы рэлігійнасці людзей побач са мной выклікалі калі не раздражненне ці гнеў, то, прынамсі, іранічную ўсмешку. Умацоўвалі гэтае светаўспрыманне і выкладчыкі навучальнай установы, і большасць студэнтаў. Аднак звычайнае жыццё сярэднестатыстычнага спажыўца досыць прымітыўнае і дакладна не можа задаволіць прагненне духоўнага развіцця асобы.
Госпад як мой Творца, які дакладна ведае ўсе нават неўсвядомленыя патрэбы, падрыхтаваў для мяне ратаванне найлепшым з магчымых спосабаў. Прыкладна на трэцім курсе навучання Ён сутыкнуў мяне са студэнтам 5 курса гістарычнага факультэта, шчырым вернікам рыма-католікам, што ў Гомелі, дзе я вучылася, ужо само па сабе было досыць рэдкай з’явай.
Памятаю, што моцна абурылася з-за таго, як такое можа быць: разумны малады навуковец, без пяці хвілін аспірант і… хрысціянін? Безумоўна, мой унутраны атэіст адразу ж загарэўся ідэяй “расплюшчыць вочы” бедаку, разумнаму чалавеку, які (на маю тагачасную думку) меў адзіны “недахоп” – веру ў Бога, якім я Яго сабе на той момант уяўляла. Пачаліся нашы са студэнтам доўгія і гарачыя спрэчкі, якія, аднак, да змены нашых перакананняў не прыводзілі. Падчас адной з такіх палемік на кінутую мной рэпліку кшталту “не паверу, пакуль не ўбачу! Хай твой Бог мне дакажа свае існаванне!” мой зацяты суразмоўца раптам спакойна выдаў: “А хто ты такая, каб табе Бог нешта даказваў?”. Скажу шчыра, гэтая заява была для мяне падобна на ледзяны душ, а рэакцыя ўласнага самалюбства была надзвычай бурнай. І гэта стала паваротным момантам майго духоўнага жыцця. Надышло разуменне веры хрысціян у існаванне не проста нейкага выдуманага людзьмі персанажа Бога, але менавіта Асобы Бога, роўнага мне ў свабодзе выбару сваіх слоў і дзеянняў. Забягаючы наперад, магу сказаць, што такое разуменне значна дапамагло ва ўсталяванні асабістых шчырых адносін з Богам і малітоўнай практыкі ўжо пасля навяртання, бо вобраз Бога ад пачатку склаўся слушным чынам – як вобраз свабоднай, разумнай, незалежнай Істоты.
Заўважыўшы маю цікаўнасць не толькі да духоўных рэчаў, але і да беларушчыны, мой сябар прапанаваў пазнаёміць мяне з суполкай грэка-католікаў. Яна збіралася раз на месяц дзеля супольнай беларускамоўнай Літургіі і катэхетычных сустрэч пасля службы. Ён адзначыў, што падчас гэтых сустрэч святар з задавальненнем адкажа на ўсе мае пытанні.
Першы ўдзел у Літургіі памяць захавала слаба, бо я фактычна ў ёй і не ўдзельнічала, а толькі прабягала вачыма па тэксце ў малітоўніку. Катэхетычныя заняткі выклікалі куды больш цікаўнасці. Амаль поўная адсутнасць якіх-небудзь ведаў пра Бога, Біблію, веру, Царкву запаўняліся досыць хутка. Праз паступовае навучанне змяняўся і мой удзел у Літургіі. Незразумелыя напачатку словы пачалі набываць канкрэтны сэнс і сімвалізм. Аднак заставаўся ўнутраны пратэст атэіста супраць самой неабходнасці ўсяго гэтага дзейства. Паколькі немагчыма ўвесь час заставацца староннім назіральнікам, калі зроблены свядомы выбар прысутнічаць на Літургіі, паступова я пачала эмацыянальна адклікацца на тыя словы малітваў, якія адпавядалі майму стану і разуменню справядлівасці, дабра і любові. У асноўным гэта датычыла малітваў-просьбаў.
Аднойчы я прыйшла на Літургію трошкі раней і ўбачыла, як вернікі просяць святара далучыць да звычайных малітваў іх асабістыя хадайніцтвы за здароўе родных, за душы памерлых, за вырашэнне нейкай складанай жыццёвай сітуацыі. Для мяне гэта было невялічкім адкрыццём: высветлілася, што Бога можна прасіць пра штосьці неабходнае менавіта табе. А падчас аднаго з катэхетычных заняткаў, калі разглядалася тэма малітвы і яе разнавіднасці, упершыню прагучала для мяне, што асабістая малітва – найбольш важная, бо фарміруе адносіны з Богам лепей, чым супольная, дзе можна “схавацца” за безасабовасцю ды стандартнымі малітоўнымі формуламі. Пасля гэтага я некалькі разоў спрабавала арганізаваць штосьці накшталт асабістай малітвы, яле яшчэ не ўсведамляла да канца Таго, з кім размаўляю.
Далейшае вывучэнне асобы Бога змякчала маю пазіцыю адносна Яго. З пункта “не паверу, пакуль не ўбачу” я паступова і нават незаўважна для сябе самой перамясцілася ў вобласць “хачу верыць”. І вось тут, напэўна, Госпад вырашыў, што можна пачынаць будаваць асабістыя адносіны. Тыя доказы, якіх я калісьці патрабавала, былі мне дадзены. Не на ўзроўні “ўбачыць”, але на ўзроўні “адчуць” Яго прысутнасць, усеабдымную спагадную любоў да мяне, прычым не з нейкіх маіх заслуг, а проста з факту майго існавання. Мяне любяць і жадаюць быць са мной у кожную хвіліну – гэтае разуменне трывала замацавалася ўва мне і падштурхнула волю да пачатку сапраўднага дыялогу з Крыніцай любові. Размова з Богам падчас маіх першых малітоўных практык нагадвала сяброўскую гутарку пра ўсё на свеце: не было ніводнай тэмы, якую б мне ні захацелася абмеркаваць з Ім. Здавалася, што я ўпарта спрабавала заспакоіць ненасычаную дагэтуль прагу стасункаў з Богам. Зранку, днём, увечары, падчас вучобы і адпачынку заўсёды знаходзілася хвілінка, каб звярнуцца да Госпада ці то з падзякай, ці то з просьбай. Усё навокал проста крычала пра тое, што Ён побач. Было дзіўна, як толькі я таго не заўважала раней.
Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што вызначэнне малітвы як размовы з Богам найлепш адпавядае сутнасці паняцця. І самае важнае, што гэты дыялог чалавек пачынае з уласнай волі, аднак толькі пасля закліку з боку Бога. Ніяк інакш пагутарыць няроўным паводле стану асобам не атрымаецца.
< Папярэдняя |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 18 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.