ГРОДНА
Субота,
05 кастрычніка 2024 года |
Пра сужэнскую блізкасць: без ілюзій, так, як ёсць
Мужчына і жанчына, ствараючы сям’ю, жадаюць жыць шчасліва, давяраць адзін аднаму і любіць адзін аднаго. Здаецца, што гэтаму нічога не можа пашкодзіць. Яны вядуць шмат размоў, іх цягне адзін да аднаго, і гэта нармальна ды натуральна. Але праходзіць час і нешта змяняецца, муж і жонка ўжо не глядзяць адзін на аднаго, як на самых непаўторных і лепшых, узнікае халоднасць у адносінах. У папярэдніх артыкулах я крыху пісала пра гэта, звязваючы такі зыход падзей з выкарыстаннем кантрацэпцыі і з’яўленнем страху зачацця ў адносінах. І гэта адна з прычын. Але таксама бачу, што нават маладыя пары, якія рыхтуюцца да шлюбу, не разумеюць важнасці і сапраўднага сэнсу сферы сексуальнасці ў адносінах сужэнцаў. Адсутнасць дыялогу, затоеныя крыўды і простае няведанне прыводзяць сям’ю да праблем у гэтай сферы.
Давайце падумаем менавіта аб сексуальнай блізкасці. У такім акце сустракаюцца дзве рэальнасці. З аднаго боку, гэта яднанне мужчыны і жанчыны, а з другога – знак бацькоўства, бо гэта прыводзіць да нараджэння дзяцей. І ўзнікае праблема: адзінства, якое так прывабна не толькі фізічна, але і на ўзроўні адчуванняў, павінна быць таксама яднаннем на псіхічным і духоўным узроўні.
Што важнейшае? Тое адзінства ці магчымае бацькоўства, плоднасць? Што павінна дамінаваць? Я ўпэўнена, што ў гэты момант муж і жонка або выйграюць (у тым ліку ў плане радасці ў сексуальнай сферы), або прайграюць. Гэта залежыць ад выбару. Калі яны лічаць, што сексуальнае задавальненне важнейшае, то плоднасць становіцца праблемай. Яны будуць змагацца з ёю. Плоднасць будзе перашкодай для атрымання задавальнення. Людзі, якія выбіраюць гэты шлях, магчыма, неўсвядомлена, у доўгатэрміновай перспектыве абавязкова прайграюць. Бо адтуль няма добрага выйсця.
І наадварот, калі пара вырашае, што плоднасць усё ж важнейшая за ўласнае эгаістычнае сексуальнае задавальненне, што задавальненне трэба падпарадкаваць плоднасці, яна, рызыкуючы задавальненнем, выбірае шлях, на якім можна перажываць яшчэ большае задавальненне. Да таго ж не толькі фізічнае.
Далей трэба абраць, што важнейшае: жыццё твайго дзіцяці ці задавальненне? Калі выбіраеш першае, задавальненне трэба падпарадкаваць жыццю дзіцяці. І тады неабходна шукаць, як рэалізаваць гэты падыход. Такую магчымасць у прыватнасці даюць метады распазнавання плоднасці. Гэтыя метады дапамогуць зразумець, калі вы як пара плодныя ці няплодныя.
Калі ты прызнаеш, што жыццё дзіцяці больш важнае, то пры дапамозе гэтых метадаў зможаш падпарадкаваць задавальненне жыццю дзіцяці. Гэта значыць проста пачакаць. Калі плануеш дзіця – пачакаць, калі будзе максімальна плодны час, каб мудра і свядома павялічыць магчымасць зачацця. Калі хочаш адкласці зачацце або лічыш, што ў тваёй сям’і не павінна быць больш дзяцей – выбіраеш для сексуальных адносін няплодны час.
І гэтае чаканне мае каласальную сілу. Дарэчы, яно гарантуе, што сужэнская блізкасць не страціць сваю прывабнасць да канца жыцця. Гэтае чаканне патрэбна чалавеку, каб кожная сустрэча заставалася свежай і прывабнай.
І наадварот, калі выбіраеш задавальненне як галоўную каштоўнасць, дзіця становіцца перашкодай. Ты засцерагаешся ад яго, пачынаеш выкарыстоўваць кантрацэпцыю, уваходзіш у дыскамфорт. Досвед многіх сужэнцаў паказвае, што гэта шлях у нікуды.
Рэальную чалавечую праблему не вырашыць таблеткамі ці кавалкам гумы! Кожная жанчына адчувае, што інтымная блізкасць можа прывесці да зачацця. Выкарыстанне кантрацэпцыі толькі даказвае гэты яе страх. Каб зразумець, чаму такое стаўленне да інтымнага жыцця настолькі дэструктыўнае, трэба спакойна абдумаць інтымную блізкасць як такую. Працягнем разважаць на гэтую тэму ў наступны раз.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 88 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.