ГРОДНА
Субота,
05 кастрычніка
2024 года
 

Кожны мае свой Табор

Хрысціянскія традыцыі

Свята Перамянення Пана накладае на хрысціян абавязак няспыннага духоўнага перамянення.
У Старым і Новым Запавеце ў гарах адбываліся найважнейшыя падзеі ў гісторыі збаўлення. На вулканічным масіве Арарат спыніўся каўчэг, калі пачалі спадаць воды патопу; гара Морыя стала сведкам ахвяры Абрагама; на вяршыні Сінай Яхвэ перадаў Ізраілю свае запаведзі; прапаведуючы “на гары”, Езус даў людзям восем бласлаўленняў; на Аліўнай гары Сын Божы маліўся перад пакутамі, а на Галгофе былі адкуплены грахі ўсяго свету. На кожнай з гэтых вяршынь адбывалася нешта важнае для адносін паміж Богам і чалавекам. Такім чынам, можна сцвердзіць, што Бог любіць горы.
   Перамяненне Пана – адна з найважнейшых падзей у жыцці Езуса і цуд, які здарыўся ў прысутнасці трох апосталаў, – таксама адбылося на гары Табор. “Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло” (Мц 17, 1–2).
  
На гары Табор у Галілеі знаходзіцца адзін з дамоў супольнасці Cenacolo, якая была заснавана ў Італіі. У гэты дом прыходзяць згубленыя і залежныя маладыя людзі, асабліва наркаманы, якія стараюцца знайсці выхад са сваіх праблем.

  Адно можна сказаць напэўна: у часы Езуса людзі не хадзілі ў горы дзеля задавальнення. Таму, безумоўна, апосталы, узбіраючыся на Табор, рабілі ўсё магчымае, каб зразумець, чаму Езус вядзе іх туды. Напэўна, яны былі вельмі здзіўлены, калі Збаўца з’явіўся перад імі ў ззяючым абліччы. Тады зразумелі, што даліны, хоць зручныя і бяспечныя, не даюць магчымасці зірнуць на рэчаіснасць з іншага ракурсу. Здзіўленне апосталаў хутка перарасло ў захапленне. “Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі” (Мц 17, 4).
    У кожнага з нас ёсць свая “гара Табор”. Для адных гэта час, праведзены з блізкімі людзьмі, для іншых – рэалізацыя жыццёвага захаплення, усё тое, што дазваляе нам “перамяняцца”, а значыць быць мацней і паўней.
    Людзі заўсёды шукалі ў гарах Боскі элемент.
    Манастыры, скіты, месцы, дзе развівалася духоўнасць, ствараліся не ў нізінах, а на горных вяршынях, часта ў надзвычай неспрыяльных умовах, завіслыя паміж небам і зямлёй, здалёк ад руціны і далёка за межамі зоны камфорту.
    Хвіліны радасці і задавальнення існуюць не для таго, каб трымаць іх у сабе. Калі ў нашым жыцці ёсць нешта, што нас сапраўды прыцягвае, што прымушае пульс паскарацца, а сэрца біцца часцей, давайце пакажам гэта іншым. Навокал больш людзей, пагружаных у цемру, чым нам здаецца. Можа, якраз мая “гара Табор” прымусіць “перамяніцца” кагосьці іншага?
    Пётр не хацеў спускацца. Нашмат ахвотней ён застаўся б з перамененым Езусам і не думаў пра справы, што засталіся ўнізе. Але не гэта патрэбна Богу.
   Гара Табор была адным з апошніх прыпынкаў Езуса перад Іерусалімам. Пасля славы, якую зведалі апосталы ў прысутнасці перамененага Хрыста, павінна было адбыцца нешта абсалютна іншае. Перамяненне Пана мусіла ўмацаваць вучняў перад прыніжэннем і ўтаймаваннем, якія павінен быў дасведчыць Езус.
    Нашы “горы Табор” таксама не вечныя. Калі адчуваеш нешта пазітыўнае, добра гэта запомні. Калі надыдзе крызіс – а ён надыходзіць рана ці позна – ты будзеш ведаць, што ён таксама скончыцца.
    Біблейская гісторыя пра перамяненне на гары Табор вучыць нас забіраць добры досвед у “даліны” нашага штодзённага жыцця, запамінаць і дзяліцца ім з іншымі. Тады тое, чаму мы аддаём сваё сэрца, перастане быць толькі імгненнай асалодай, а стане чымсьці, што прыносіць надзею іншым і ўмацоўвае нас саміх.    
    
Свята Перамянення Пана адзначаем 6 жніўня.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  88

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.