ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Як выхоўваць? - 11

На шляху да святасці

Святая Анелія Мэрычы і выхаванне дзяўчатаў.
Святая Тэрэза з Авілю і кармеліцкая педагогіка
Святая Анелія (Анжэла) Мэрычы (1470-1540) заснавала ў паўночнай Італіі супольнасць імя св. Урсулы (1535) для выхавання і навучання дзяўчатаў. Гэта былі часы, калі выхаваннем дзяўчатаў займаліся: сямейны дом, багаты арыстакратычны двор або кляштар. Часцей за ўсё маці вучылі сваіх дачок дамашнім працам і нормам маралі.

    Да гэтага часу на дзяржаўным узроўні выхаванне ахоплівала перш за ўсё юнакоў. Урсулінкі ліквідавалі гістарычную крыўду і садзейнічалі арганізацыі першай жаночай школы ў 1584 г. у Авіньёне (Францыя).
Паколькі Гуманізм (Рэнесанс) зрабіў з адукацыі галоўную мэту выхавання, таму яно павінна было весці да пабожнасці і практык хрысціянскага жыцця. Толькі дочкі з высокапастаўленых сем’яў у грамадстве атрымлівалі старанную адукацыю (умелі чытаць, пісаць, у іх былі ўрокі красамоўства). Прыкладам чаго былі дочкі св. Тамаша Мора: Кацярына Мэдыцэйская, Альжбета - каралева Англіі, св. Тэрэза з Авілю. У жыцці св. Анеліі Мэрычы захапляе тое, што хоць яна была сіратой (у 15 гадоў страціла бацькоў і сястру) і паходзіла з вёскі (не мела адукацыі), але ў яе была натуральная інтэлігенцыя і звышнатуральная мудрасць. А. Мэрычы была вельмі вядомая па ўсёй тагачаснай Італіі. Яна здабыла вялікі маральны аўтарытэт і яе называлі паўсюдна маці. Так звяртаўся да яе князь Мілану Сфожа.

    Яна заснавала ордэн, статут якога загадваў сёстрам ісці да людзей і практыкаваць сярод іх евангелічныя рады (сёстры давалі такія манаскія абеты) у свеце і ў сем’ях. Гэта было ў Касцёле чымсьці зусім новым, бо новы ордэн замест ізаляцыі ад свету адзначаўся актыўным апостальствам. Святая Анелія жыла ў перыяд Адраджэння і яна супраціўлялася злу свайго веку, (як пра яе гаварылі) не адварочваючыся ад дабра і прыгажосці той пары. Яна імкнулася дапамагаць у душпастырскай працы святарам і дапаўняла старанні настаўнікаў і выхавацеляў у адносінах да дзяцей і моладзі. Святая заўважыла, што формы выхавання павінны быць дапасованы да патрэбаў грамадства ў кожную эпоху. У сваім завяшчанні яна напісала: «Калі б у адпаведнасці з часам і патрэбамі аказалася, што трэба распараджацца чымсьці іншым ці інакш зрабіць у якой-небудзь справе, то рабіце гэта, але мудра, пасля атрымання добрай рады. Гэтыя ўказанні дапамагалі ёй у дынамічным і хуткім развіцці ордэна. Пазней улады Касцёла загадалі сёстрам ізалявацца ад света, але ў навучанні дзяўчатаў яны ішлі заўжды ў адпаведнасці з прагрэсам педагагічных навукаў і дастасоўваліся да патрабаванняў сучаснасці.

    Святая Анелія патрабавла ад сваіх сёстраў, каб дзяўчынам, якія знаходзіліся пад іхняй апекай, яны замянілі сямейны дом і акружылі іх сапраўднай хрысціянскай любоўю. Галоўнае заданне ўрсулінкаў - грунтоўнае навучанне рэлігіі - падставы характару, а таксама - адукацыя дзяўчатаў і павага да кожнай з іх. Актыўны ўдзел моладзі ў катэхізацыі, дзякуючы якой фарміруецца маральны характар, з’яўляецца асабліва цяпер вельмі важным момантам для фарміравання індывідуальнасці.

    Многія педагагічныя ўказанні св. Анеліі застаюцца актуальныя да сённяшняга дня, асабліва ў тых краінах Захаду, дзе мужчынскія і жаночыя ордэны асуджаюцца публічна ва злоўжываннях у выхаванні: «Асцерагайцеся, - напісала да сваіх духоўных дачок, - заняволення да чаго-небудзь сілай, бо Бог даў свабодную волю кожнаму і не хоча прымушаць, а толькі ўказвае, запрашае, радзіць... Уздзейнічайце на волю, дзейнічаючы на розум». Глыбокае па сваёй красамоўнасці выказванне святой: «Рабіце ў жыцці тое, што вы хацелі б рабіць пры смерці». Праз некалькі дзесяткаў гадоў іншая вялікая святая Тэрэза ад Езуса з Авілю (1515-1582) рэфармавала кармеліцкія ордэны ў Іспаніі. Так яна дала пачатак вялікай справе духоўнага і грамадскага адраджэння, дзякуючы малітве і духу пакуты.

    Святая Тэрэза, якую называлі Вялікай, паходзіла з мнагадзетнай сям’і (2 сястры і 9 братоў). Пабожнае выхаванне яна атрымала ад сваіх бацькоў, пра якіх пісала: «3 Божай ласкі ў мяне былі цнатлівыя і багабойныя бацькі. Мой бацька любіў чытаць добрыя кнігі (...). Гэтае пабожнае чытанне, як і клопат, з якім маці прывучала нас да малітвы і да ўшанавання Найсвяцейшай Панны і некаторых святых, дапамаглі мне палюбіць Бога, калі я мела, здаецца, 6 ці 7 гадоў. Пераконваў мяне прыклад бацькоў, якіх я паважала і любіла». Пад уплывам кнігаў пра жыццё святых Тэрэза (будучы дзіцём) хацела памерці мучаніцкай смерцю. Яна пераймала спосаб жыцця святых. У аўтабіяграфіі яна напісала: «Калі памерла мая мама, мне было 12 гадоў. Разумеючы веліч страты, я адправілася са сваім горам да абраза Божай Маці і, горка плачучы, прасіла Яе, каб Марыя была для мне маці. Гэтая просьба, хоць была зроблена з дзіцячай прастатой, не была дарэмная, бо колькі разоў у патрэбе я аддавалася пад апеку гэтай усеўладнай Пані, то заўжды Яна мне дапамагала».

    Дзяўчына ўступіла ў Кармэль у Авілі, калі ёй было 21 год. У ордэне яна сустрэлася з вялікім аслабленнем звычаяў і свецкім стылем жыцця сёстраў. Тады з’явілася ў яе думка пра рэформу.

    У 1557 г. Тэрэза перажывае сваё «навяртанне» і сцвярджае, што Божай воляй з’яўляецца не толькі яе ўласная святасць, але - і сваіх сёстраў, што кляштар павінен быць месцам малітвы і пакуты. Кожны, хто разумее, чым ёсць малітва ў працы над уласным і іншых характарам, той заўважае веліч справы св. Тэрэзы. У яе былі нязвыклыя духоўныя кіраўнікі: св. Францішак Боргіяш (1557) і св. Пётр з Алькантары (1560 - 1562). 3 ёй супрацоўнічаў св. Ян ад Крыжа (1542-1591).

    Святая Тэрэза з’яўляецца ўзорам па пераадоленню цяжкасцяў, у тым ліку і выхаваўчых. У сваіх пісьмах, дзякуючы якім яна была абвешчана доктарам Касцёла, святая падала шмат каштоўных парадаў і педагагічных указанняў. У «Шляху дасканаласці» (1565 - 1568) яна паказала сувязь паміж духоўнай дасканаласцю і жыццёвай практыкай. Шмат лістоў св. Тэрэзы было перакладзена на розныя мовы: «Жыццё» (1565), «Духоўная справаздача» (1560 - 1581), «Унутраная цвердзь» (1577), «Стымулы Божай любові» (1571 - 1575), «Крык душы да Бога» (1569), «Кніга ахвяравання» (1573 -1582). У іх знаходзяцца «залатыя» думкі, як напрыклад: «Калі хто па прыродзе схільны да любові і ўдзячнасці, то ўспамін пра Божую міласэрнасць хутчэй давядзе яго да Бога, чым калі б прадставілі яму перад вачамі пякельныя мукі”.

    І сёння гэтую вялікую рэфарматарку лічаць узорам выхавацелькі маладога пакалення. Яе захапленне душой, дзе жыве Бог, яе паслядоўнае імкненне да аб’яднання з Творцам, яе бескарыслівая любоў да бліжняга, яе жаданне таго, каб іншы чалавек адпавядаў Божым намерам, яе пачуццё гумару, здаровы розум і вялікая асабістая культура будуць заўжды дадатна ўплываць на чалавека.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.