ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

Ружанец – гэта малітва сэрца

З жыцця Касцёла

” Ружанец – гэта мая любімая малітва! Такая цудоўная! Прыгожая - ў яе прастаце і глыбіні” Божы слуга Ян Павел II

Папа Бэнэдыкт XVI адказаў так на пытанне пра тое, колькі ёсць шляхоў, што вядуць да Бога: “Столькі, колькі ёсць людзей”. Кастрычнік і звязанае з ім ружанцовае набажэнства з’яўляюцца нагодай для адкрыцця і ўпарадкавання шляха да Бога. Чаму ў нас існуюць праблемы з настойлівасцю на шляху да Бога? Гэта не недахоп жадання ці злая воля: воля – добрая, толькі часта – слабая. Можа ўдасца нам яе ўмацаваць менавіта ў кастрычніку, дзякуючы дару святога ружанца? Ружанец з’яўляецца эфектыўнай зброяй супраць шатана і яго спакусаў. Аднак перш за ўсё ён – гэта асаблівая школа любові, дзякуючы якой мы ствараем сямейную, парафіяльную, усяго Божага люда супольнасці. Існуюць розныя спосабы ружанцовай малітвы. Кожны з нас мае свой уласны метад адгаворвання ружанца, паколькі для кожнага характэрны адзіны і непаўторны спосаб любіць. Ніхто не зможа замяніць яго. Бог жадае тваёй любові. Ён гаворыць кожнаму з нас: калі ты Мяне не любіш, то тваёй адзінай і непаўторнай любоўю ніхто іншы Мяне не палюбіць.
Малітва – гэта адлюстраванне любові
    Малітва – гэта падарунак любові нам ад Бога. Яна падобна да размовы нарачоных, з кімсьці вельмі блізкім, хто нас вельмі цікавіць, з тым, каго вельмі мы любім. Марыя з’яўляецца ўзорам веры і настаўніцай малітвы. Яна вучыць нас, як маліцца сэрцам. Яна – поўная ласкі, напоўнена Святым Духам. Бог дае і нам дар малітвы дзякуючы Святому Духу. Малітва з’яўляецца Божай справай у нас. Людское сэрца здольна памясціць самога Бога, аб’яднацца з Ім, а адбываецца гэта, дзякуючы абмену ўзаемнай любоўю. Часта мы гаворым: у мяне – ўсё менш часу для малітвы. Штодзённае жыццё трапіла пад уздзеянне такога паскарэння, а сёння ў нас ёсць столькі справаў, якія трэба выканаць, заўтра ж я памалюся даўжэй. А праўда такая: напэўна, назаўтра будзе штосьці тэрміновае, паслязаўтра – таксама. У нашым вечным паспеху і ў турботах пра цела мы забываем пра душу. Святы ружанец з’яўляецца шансам вярнуцца да малітвы. На жаль, многія людзі лічаць, што ружанец – гэта механічная малітва, якая стамляе, садзейнічае сну. Марыя заахвочвае нас няспынна (у Лурдзе, у Ля Салеце, у Фаціме), каб мы адгаворвалі ружанец. Немагчыма, каб Яна жадала для нас чагосьці нуднага і непатрэбнага. Ружанец – гэта перш за ўсё малітва сэрца, што знаходзіцца далёка ад “бяздумнага адгаворвання пацераў “Вітай Марыя...”. Малітва сэрца – вось таямніца ружанца. Разважаючы пра жыццё Езуса і Марыі, мы ўдыхаем яго ў сабе і яно становіцца нашым існаваннем. Айцы Касцёла гавораць нам: мы становімся тым, што кантэмплюем. Трэба пры нагодзе ўсвядоміць сабе, кім становяцца тыя, хто цэлы дзень кантэмплюе тэлевізар ці разважае пра недахопы і памылкі бліжніх... Калі мы кантэмплюем Езуса і Марыю, то становімся падобнымі да Іх, з цягам часу мы набываем Іхнюю пакору і лагоднасць, міласэрнасць і радасць, любоў і супакой, прыгажосць. Пасля Эўхарыстыі ружанец – гэта найбольш містычная малітва. Калі мы молімся сэрцам, то на завяршэнне ружанца кожны вернік - гэта ўжо не той жа самы чалавек. Тады людская істота прасякнута супакоем і радасцю Езусовага сэрца. Нас напаўняе звышнатуральнае святло, бо ружанец – гэта наша сустрэча з Хрыстом.
Сутнасць ружанцовай малітвы
     Сутнасць ружанца выяўляецца з вопыта многіх пакаленняў вернікаў, якія моляцца на ружанцы. Варта зазначыць, як важна, што святыя словы Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання павінны нас суцішыць і стварыць атмасферу, якая спрыяе таму, каб мы маглі адчуць глыбока тое, што сам Бог хоча нам сказаць. Падчас гэтай малітвы мы стараемся ўслухоўвацца ў найважнейшыя рэчы, якія калі-небудзь Бог аб’явіў усяму чалавецтву, усім пакаленням. Мэта ружанцовай медытацыі – адкрыцца на Божага Сына, які прамаўляе ўжо не толькі сваёй навукай, але ўсім тым, што Ён здзейсніў дзеля нашага збаўлення. Надзвычайнасць ружанца асноўваецца на тым, што ён з’яўляецца Марыйнай малітвай. Мы, молячыся, імкнёмся зрабіць справу, аб’ектыўна немагчымую: спрабуем глядзець на Таямніцу нашага збаўлення так, як бачыла і ўспрымала яе Божая Маці. У ружанцы – самае цудоўнае тое, што калі ўжо мы адкрыліся на Хрыста, які прамаўляе да нас любоўю падчас свайго бачнага прыхода да нас, калі ўжо ў сваім адкрыцці на гэтую любоў мы стараемся якім-небудзь чынам зраўняцца з Яго Маці, то нам можна далучыцца да Хрыста, які заступаецца за нас перад Прадвечным Айцом. Хрыстус заступаецца за нас, менавіта, сваім уцелаўленнем, знаходжаннем сярод людзей, укрыжаваннем і ўваскрэсеннем, якія пранікаюць усё больш у нас, дзякуючы ружанцовай медытацыі.
Таямніца ружанца
    У ружанцы заключана таямніца Марыі, аб’яднанай любоўю са сваім Боскім Сынам. І мы, молячыся, вучымся быць усё бліжэй да Яго, жыць у ласцы. Божы слуга ксёндз Францішак Бляхніцкі так выразіўся на адной са сваіх канферэнцый: “Марыя і Хрыстус любяць узаемна адзін аднаго бескарысліва. Хрыстус атрымаў поўны любові адказ на сваю любоў спачатку ад сваёй Беззаганнай Маці. Тады, калі Хрыстус выканаў акт сваёй найбольшай любові на крыжы, то пад ім стаяла Яго Маці. Там наступіла сустрэча любові адкупленай істоты і любові Збавіцеля, Божага Сына, там наступіла аб’яднанне гэтай любові...(...) Калі такім спосабам дзе-небудзь любоў робіцца злабадзённай, то заўжды павінна з гэтага вырастаць новае жыццё (...). Сустрэча адной любові з другой, узаемнае адданне Хрыста і Яго Маці, якая стаяла пад крыжам, аб’яднанне з гэтай любоўю з’яўляюцца крыніцай новага жыцця, вытокам ласкі для чалавека. Таму Марыя - гэта духоўная Маці адкупленага чалавецтва, Маці ўсіх, хто жыве на Зямлі, Пасрэдніца ўсіх ласкаў, Маці Касцёла”. Марыя жадае, каб мы маглі наблізіцца да Езуса і падчас малітвы адчулі сапраўдную радасць Неба. Ці ружанец можа зрабіць нас шчаслівым? Так, калі ён стане малітвай сэрца!
    Божы слуга Ян Павел II абвясціў перыяд з кастрычніка 2002 г. да кастрычніка 2003 г. годам Святога Ружанца. Святы Айцец, які так бязмежна палюбіў ружанцовую малітву і Марыю, якой быў удзячны за выратаванне свайго жыцця 13 мая 1981 г., няспынна заклікаў нас, каб мы адгаворвалі ружанец, асабліва ў кастрычніку! Ружанец мае надзвычайную моц і сёння гэтая малітва можа змяніць у лепшы бок гісторыю Сусвета і лёс кожнага чалавека.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.